Уладзіслаў Пуслоўскі
Уладзіслаў Пуслоўскі, Уладзіслаў Ян Адам (Іван Адам Іосіф Агрыпа) Пуслоўскі (польск.: Władysław Jan Adam Pusłowski; 11 чэрвеня 1801, Слонім — 4 кастрычніка 1859) — буйны землеўласнік Расійскай імперыі, калекцыянер і філантроп.
Уладзіслаў Пуслоўскі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
11 чэрвеня 1801 |
||||||
Смерць |
4 кастрычніка 1859 (58 гадоў) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Пуслоўскія | ||||||
Бацька | Войцех Пуслоўскі | ||||||
Маці | Юзэфа з Друцкіх-Любецкіх[d] | ||||||
Жонка | Генавефа з Друцкіх-Любецкіх[d] | ||||||
Дзеці | Зыгмунт Пуслоўскі і Францішак Ксаверый Пуслоўскі[d] |
Паходжанне і сям’я
правіцьНалежаў да шляхецкага роду Пуслоўскіх герба «Шэліга». Нарадзіўся 11 чэрвеня 1801 г. у Слоніме ў сям’і Войцеха Пуслоўскага (1762—1833), слонімскага павятовага маршалка, і князёўны Юзэфы Друцкай-Любецкай (1776—1830). Быў хрышчаны ў каталіцтва.
Ажаніўся ў 1839 г. са сваёй стрыечнай сястрой князёўнай Генавефай Друцкай-Любецкай (1821—1867), ад якой меў дзяцей[1]:
- Зыгмунт Пуслоўскі (1848, Альбярцін — 1913), калекцыянер, мецэнат.
- Францішак Ксаверый Пуслоўскі (22 сакавіка 1843 — 11 сакавіка 1908). Жонка: Леанціна Улодак.
Паводле гісторыка-архівіста і бібліёграфа Мікалая Чулкова (1870—1940), менавіта гэтыя сыны Уладзіслава атрымалі ад папы рымскага Пія IX «графскі тытул, не прызнаны ў Расіі»[1].
Уладзіслаў Пуслоўскі пражыў разам з жонкай 10 гадоў. У 1849 г. з-за слабога здароўя Генавефа Пуслоўская з дзецьмі з’ехала за мяжу, жыла то ў Італіі, то ў Францыі (каля Бардо сям’я валодала замкам з вінаграднікамі). Уладзіслаў наведваў іх 3-4 разы на год. У 1859 г. з дзецьмі нарэшце прыехала ў Варшаву. Аднак Уладзіслаў Пуслоўскі неўзабаве памёр.[1]
Адукацыя і вайсковая служба
правіцьМяркуецца, што Уладзіслаў Пуслоўскі вучыўся ў Вільні.
У чэрвені 1820 г. ён паступіў юнкерам у Кавалергардскі полк, элітнае падраздзяленне коннай імператарскай гвардыі, якое дыслакавалася ў Санкт-Пецярбургу. У верасні 1822 года стаў карнэтам (малодшым афіцэрам). Любіў коней і паляванне (звычайна паляваў на мядзведзяў і дзікоў), і аднойчы ледзь не загінуў ад дзіка[1].
Вайсковую кар’еру Пуслоўскага паламала дуэль з адстаўным штабс-капітанам артылерыі Гедэонавым. Пуслоўскі замовіў у кандытарскай лаўцы марожанае, а яго замову «перахапіў» Гедэонаў, які папрасіў прабачэння. Але ў гэты момант зайшоў яго брат, які абурыўся, што той просіць прабачэння ў «паляка» і «хлопчыка», ды выклікаў Уладзіслава на дуэль. Штабс-капітан, вядомы дуэлянт, паабяцаў, што прастрэліць галаву Пуслоўскаму, але сам атрымаў ад таго кулю ў галаву і памёр на месцы. На нейкі час Уладзіслаў Пуслоўскі трапіў пад арышт у нейкі манастыр. Безумоўна, бацька зрабіў усё неабходнае, каб залагодзіць справу[1].
У траўні 1823 года ўжо паручніка перавялі ў Арзамаскі конна-егерскі полк . На вайсковай службе ён яшчэ лічыўся два гады, хаця пераважна знаходзіўся ў адпачынку «па хваробе». З тым жа дыягназам Пуслоўскі 22 сакавіка 1825 года быў звольнены са службы. Пачалося яго грамадзянскае жыццё.
Жыццё ў маёнтку
правіцьСпачатку Уладзіслаў Пуслоўскі займаўся сельскай гаспадаркай у маёнтку ў Ковенскай губерні. Пасля ён паехаў у падарожжа па Еўропе, доўга жыў у Парыжы, «дзякуючы сваяцкім сувязям з некалькімі французскімі арыстакратычнымі сем’ямі… быў вельмі добра прыняты ў вышэйшым парыжскім грамадстве», стаў чальцом жакей-клуба[1].
Падазраваўся ў прыналежнасці да паўстання 1830—1831 гадоў, у якім актыўна ўдзельнічаў ягоны Адам Цітус[1].
Пасля вяртання на радзіму Уладзіслаў Пуслоўскі з сакавіка па снежань 1834[2] года быў Ашмянскім павятовым маршалкам. Дваранства выбрала яго віленскім губернскім маршалкам, але зацверджання не адбылося, паколькі ўсплыла гісторыя з дуэллю, з братам-палітэмігрантам. А яшчэ ўладам не падабаліся прагрэсіўныя погляды Пуслоўскага, асаблівасці яго характару — ніколі не хаваў сваіх поглядаў. Сын Зыгмунт згадваў, што бацька намагаўся «заўсёды абараняць пакрыўджаных» і часам з-за гэтага трапляў «у становішча Дон-Кіхота». У выніку, ва Уладзіслава было нямала ворагаў, у тым ліку сярод «вышэйшага начальства». З-за гэтага ён з Вільні перасяліўся ў Варшаву, але там гісторыя паўтарылася (аднойчы яго нават арыштоўвалі)[1].
Пасля Варшавы Уладзіслаў Пуслоўскі заняўся гаспадаркай бацькі і даволі паспяхова, ён яе нават пашыраў, будаваў новыя прадпрыемствы. Яго капітал даходзіў да вялізнай сумы — 9 мільёнаў рублёў (у цэнах пачатку ХХ ст.). Асноўныя маёнткі і прадпрыемствы былі ў Слонімскім павеце, у Слоніме — тры дамы. Пуслоўскі жыў спачатку ў маёнтку ў Шылавічах, а пасля — у пабудаваным мураваным палацы на беразе возера ў Альбярціне[1].
Уладзіслаў Пуслоўскі займаўся дабрачыннасцю. На яго грошы атрымалі адукацыю 20 маладых людзей з бедных дваранскіх сем’яў. На загад Пуслоўскага арганізоўваліся школы для дзяцей дробных служачых фабрык. З-за гэтага да ўладальніка Альбярціна прыхільна ставілася дробнае дваранства, служачыя і сяляне, а «асобы, роўныя яму па становішчы і вышэйшыя, у асноўным не далюблівалі яго». Сын Зыгмунт выказваўся пра бацьку, як пра чалавека «вельмі ашчаднага», які жыў сціпла. Былі сітуацыі, калі ён зліўся дробнымі выдаткамі сямейнікаў, а калі былі вялікія страты, адносіўся да іх абыякава. Неяк Пуслоўскаму сказалі, што падчас пажару згарэла адна з яго фабрык. А ён адрэагаваў спакойна, заўважыў, што гэтае здарэнне стане ўрокам, каб больш не ўзводзіць драўляных будынкаў[1].
Уладзіслаў Пуслоўскі любіў набываць «прадметы старажытнага мастацтва». Ён часта прывозіў іх з паездак у Рым ці Парыж. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў палацы быў вялікі збор габеленаў, карцін галандскіх і італьянскіх мастакоў XVII—XVIII стагоддзяў. Мэблю ў Альбярцін прывозілі з Італіі і Данцыга. Кнігазбор Пуслоўскага складаў некалькі тысяч тамоў[1].