Улотрыкс (Ulothrix) — род ніткаватых зялёных водарасцей сямейства ўлотрыксавых.

Улотрыкс

Род улотрыкс
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Ulothrix Kütz., 1833

Тыпавы від
Ulothrix tenuissima Kütz., 1833

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  43940
NCBI  6417
EOL  10621

Апісанне правіць

Мае выгляд травяніста-зялёных неразгалінаваныя ніцей (каля 10 см даўжынёй). Ніткі, аднарадныя, шырынёю 2—83 мкм. Іх можна ўбачыць простым вокам як слізкую ціну на падводных прадметах. Да субстрата ўлотрыкс прымацоўваецца ніжняй бясколернай клеткай. Усе іншыя клеткі гэтай водарасці ўтрымліваюць па адным хларапласце. Клеткі цыліндрычныя, у суцэльнай, зрэдку слаістай абалонцы.

Хларапласты прысценныя, з адным або некалькімі пірэноідамі і ядром. Хларапласт улотрыкса падобны на замкнуты або незамкнуты паясок і размешчаны паблізу клетачнай абалонкі. Запасное рэчыва ўлотрыкса — крухмал. Мінеральныя рэчывы ён паглынае ўсёй паверхняй цела. У клетцы ёсць вакуоля з клетачным сокам і адно ядро.

Пашырэнне правіць

Адрозніваецца каля 30 відаў. Пашыраны ў прэсных і марскіх вадаёмах (у абрастаннях розных субстратаў і планктоне), асобныя — у глебе. У рэках і азёрах Беларусі адзначаны ўлотрыкс найдалікатнейшы (Ulothrix tenerrima), улотрыкс найтанчэйшы, улотрыкс патончаны (Ulothrix tenuissima), улотрыкс паясковы (Ulothrix zonata); толькі у глебе — улотрыкс зменлівы (variabilis).

Асаблівасці біялогіі правіць

Размнажэнне бясполае (апланаспорамі, зааспорамі), вегетатыўнае (акінетамі, фрагментамі нітак), палавое (ізагамія). Усе клеткі ўлотрыкса, акрамя ніжняй бясколернай, могуць дзяліцца. Пры гэтым ніць нарастае ў даўжыню. Ніці ўлотрыкса могуць распадацца на ўчасткі, кожны з якіх вырастае ў новую ніць. Так адбываецца вегетатыўнае размнажэнне гэтай водарасці. Акрамя таго, улотрыкс таксама размнажаецца, утвараючы рухомыя споры — зааспоры. Яны развіваюцца ў новыя таломы. Гэтымі спосабамі ўлотрыкс размнажаецца ў спрыяльных умовах у цёплы час года.

Калі надыходзіць неспрыяльны перыяд, улотрыкс пераходзіць да палавога размнажэння. Пры гэтым у клетках мнагаклетачнага слаявішча ўзнікаюць гаметы. Таму мнагаклетачны талом з’яўляецца гаметафітам (палавым пакаленнем) — водарасцю, якая ўтварае гаметы. У вадзе гаметы зліваюцца, утвараючы зіготу. Зігота пакрываецца тоўстай абалонкай, фарміруе ножку і ператвараецца ў аднаклетачны талом — спарафіт (бясполае пакаленне). Спарафітам гэтая водарасць называецца таму, што ўтварае рухомыя або нерухомыя споры. Гэтыя споры развіваюцца ў новыя мнагаклетачныя таломы ўлотрыкса. Такім чынам, для прэснаводнага ўлотрыкса характэрна чаргаванне пакаленняў — мнагаклетачнага гаметафіта і аднаклетачнага спарафіта. Пры змене ўмоў навакольнага асяроддзя спосабы размнажэння ўлотрыкса змяняюць адзін аднаго.

Так, на прыкладзе ўлотрыкса даследавана заканамерная змена спосабаў размнажэння мнагаклетачных водарасцей.

Літаратура правіць

  • Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / В. М. Ціхаміраў [і інш.]; пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мінск: Нар. асвета, 2010. — 199 с.: іл. ISBN 978-985-03-1340-9.
  • Міхеева Т. Улотрыкс // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).