Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага

(Пасля перасылкі з Утварэнне ВКЛ)

Праблема паходжання Вялікага Княства Літоўскага ўпершыню праявілася як ідэалагічны канфлікт яшчэ ў першых дзесяцігоддзях 16 ст., у маскоўскіх дакументах 1520-х гадоў аб высокім паходжанні Рурыкавічаў і невысокім паходжанні Гедзімінавічаў. За перыяд першай паловы 16 ст. аформілася і легендарная (міфалагізаваная) частка беларуска-літоўскіх летапісаў, пра паходжанне літоўскай кіруючай дынастыі ад рымскага арыстакрата Палемона (упершыню ў Длугаша).

Гісторыкі 18—19 стст. бачылі ўтварэнне ВКЛ як вынік заваёвы літоўцамі аслабелай Русі.

Каля сярэдзіны 19 ст. гісторыкі г.зв. «віленскага асяродку»: Іаахім Лялевель, а таксама Тэадор Нарбут, Юзаф Ярашэвіч, Міхал Балінскі, звязвалі ўтварэнне ВКЛ з успышкай літоўскай ваяўнічасці, выкліканай паходамі рускіх князёў на Літву. Потым рабаўнічыя напады ператварыліся ў тэрытарыяльныя набыткі і г.д. Адзначаецца, што гэтая канцэпцыя была бліжэй да сучаснай навуковай, чым шмат якія канцэпцыі перыяду руска-польскай ідэалагічнай барацьбы другой паловы 19 — пач. 20 ст.

Навуковая гістарыяграфія правіць

Фарміраванне навуковай гістарыяграфіі працэсу ўтварэння ВКЛ пачалося з сярэдзіны 19 ст., і асабліва актывізавалася пасля паўстання 1863—1864 гг., з 1870-х гадоў. Фарміраванне гістарыяграфіі адбывалася ва ўмовах суперніцтва розных нацыянальна-палітычных сіл за права на гістарычную спадчыну гэтай дзяржавы.

Развіццё навуковай гістарыяграфіі падзяляецца на тры асноўныя этапы[1]:

1. Канец 1870-х гадоў — 1910-я гады.

2. 1920-я — 1930-я гады.

3. Канец 1940-х гадоў да нашага часу.

Канцэпцыя ўтварэння ВКЛ, якая ў наш час лічыцца агульнапрынятай, наследуе легендзе 16 ст. у некалькіх істотных момантах, а іменна, у ідэі эвалюцыі літоўскага грамадства да дзяржавы і заваёвы літоўцамі суседніх усходнеславянскіх зямель.

1870-я — 1910-я гады правіць

Першы этап фарміравання навуковай гістарыяграфіі быў у значнай ступені абумоўлены вострай руска-польскай канфрантацыяй за дамінаванне на землях былога ВКЛ.

У 1850-я — 1870-я гады расійская гістарыяграфія зрабіла першыя спробы прадставіць гісторыю ВКЛ як частку расійскай гісторыі. На чале гэтай плыні, моцна палітызаванай і пераважна публіцыстычнай, стаяў ідэолаг заходнерусізму Міхаіл Каяловіч. Даследчыкі гэтай плыні засяроджваліся на ролі «рускага пачатку» ў гісторыі ВКЛ, а саму дзяржаву называлі «літоўска-рускай». Але і тады выдзяляліся сур’ёзныя гістарычныя працы, якія захоўваюць навуковую вартасць і ў наш час: Уладзіміра Антановіча, Мікалая Дашкевіча, Мацея Любаўскага, Мітрафана Доўнар-Запольскага і інш.

У процівагу расійскім гісторыкам польская гістарычная навука стварыла канцэпцыю раннефеадальнай літоўскай дзяржавы, якая фармавалася паралельна з заваёвамі суседніх усходнеславянскіх зямель, а потым уступіла ў добраахвотную унію з Польшчай, і з часам стала складавай часткай Польшчы. Тэма польска-літоўскіх уній застаецца адной з найважнейшых у польскай літуаністыцы.

1980-я гады і пазней правіць

Новая беларуская гістарыяграфія правіць

Значнай з’явай ў беларускай гістарыяграфіі праблемы паходжання ВКЛ сталі канцэпцыі што пазначыліся ў апублікаваных у канцы 1980-х працах беларускага публіцыста Міколы Ермаловіча. Гэтая канцэпцыя, заснаваная на тапанімічных і шматлікіх летапісных сведчаннях (Літва ў 14 стагоддзі), сцвярджае, што першапачаткова Літва знаходзілася на землях Беларусі — паміж гарадамі Мінск, Маладзечна, Слонім, Ваўкавыск.[2] Канцэпцыя не з’яўляецца новай, а толькі абагульняе некаторыя працы часоў беларускага адраджэння (1910—1920-я) і эміграцыі. Між тым, гэтая канцэпцыя не ўлічвае ўсёй сукупнасці крыніц і навуковых звестак літоўскай, польскай і расійскай гістарыяграфіі. Некаторыя гісторыкі (асабліва якія трымаюцца заходнерускай ідэалогіі) не прызнаюць падобную канцэпцыю за дасканалую, але не спяшаюцца выдаць грунтоўнае аправяржэнне і раз-пораз спасылаюцца на яе ў сваіх працах. Сур’ёзнага ж афіцыйнага калектыўнага навуковага развіцця незалежная беларуская гістарыяграфія не мае пераважна з унутраных і знешніх палітычных чыннікаў ды агульнай безыніцыятыўнасці і кансерватыўнасці ўлады.

Умовы ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага правіць

Вялікае Княства Літоўскае ўтваралася ў 40-я гады XIII ст., а на думку Вячаслаў Насевіча непасрэдна пасля мангола-татарскай навалы[3], у вельмі складаных палітычных умовах. На ўсходзе мангола-татары рабуюць усходнеславянскія княствы, пашыраючы сваю імперыю, на захадзе Тэўтонскі ордэн у саюзе з Польскім Каралеўствам, на падставе распаўсюджвання каталіцкага хрысціянства, паступова захопліваюць землі балцкіх плямёнаў, прусаў, ятвягаў, куршаў і жамойтаў.

Прычыны ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага правіць

Знешнепалітычныя прычыны былі звязаны з неабходнасцю арганізацыі абароны супраць рыцараў-крыжакоў і ардынцаў. Унутрыпалітычныя прычыны вынікалі з неабходнасці пераадолець феадальную раздробленасць. Эканамічныя прычыны звязаны з аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі і развіццём гандлёвых адносін паміж рознымі тэрыторыямі, што садзейнічала іх аб’яднанню.

Як заўважае беларускі гісторык Аляксандр Краўцэвіч, узнікненне новай дзяржавы на тэрыторыі Верхняга Панямоння (уласна Літвы) менавіта ў 13 ст. стала вынікам збегу розных чыннікаў і абставінаў:

  • па-першае, у рэгіёне пашырылася перакананне (праз усведамленне мангольскай i крыжацкай пагрозы) у неабходнасці моцнай дзяржаўнай арганізацыі;
  • па-другое, знайшліся сілы, здольныя рэалізаваць гэтую справу (багатыя панямонскія гарады і ваяўнічыя правадыры балцкіх плямёнаў);
  • па-трэцяе, Гісторыя падаравала Панямонню некалькі адносна бяспечных дзесяцігоддзяў — 40-я — 80-я гады 13 ст. (манголы ў пачатку 40-х прайшлі збоку, a прускія крыжакі распачалі актыўную экспансію на Панямонне толькі ў пачатку 80-х гадоў 13 ст.), жыццёва неабходных для нараджэння і ўмацавання асноў дзяржавы.

Зноскі

  1. Краўцэвіч, С.32.
  2. Ермаловіч М. Па слядах аднаго міфа. 1-е выд.: Мн., Навука і тэхніка. 1989. ISBN 5-343-00016-9; 2-е выд.: Мн., Навука і тэхніка. 1991. ISBN 5-343-00876-3
  3. В. Носевич, Белорусы: становление этноса и «национальная идея»

Літаратура правіць