Франсіска дэ Сурбаран

Франсіска дэ Сурбаран (ісп.: Francisco de Zurbarán, ахрышчаны 7 лістапада 1598, Фуэнтэ дэ Кантас, Эстрэмадура — 27 жніўня 1664, Мадрыд) — іспанскі мастак, прадстаўнік Севільскай школы жывапісу.

Франсіска дэ Сурбаран
Francisco de Zurbarán
Фатаграфія
Меркаваны аўтапартрэт Сурбарана. Дэталь карціны «Апостал Лука-жывапісец перад Распяццем» (1630—1639, Прада)
Дата нараджэння 7 лістапада 1598(1598-11-07)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 27 жніўня 1664(1664-08-27)[7][8][…] (65 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Жонка María Páez[d], Beatriz de Morales[d] і Leonor de Torder[d]
Дзеці Juan de Zurbarán[d]
Род дзейнасці мастак
Жанр рэлігійны жывапіс
Вучоба Хуан дэ Раэлас
Мастацкі кірунак севільская школа жывапісу
Уплыў на José de Sarabia[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

БіяграфіяПравіць

Франсіска дэ Сурбаран нарадзіўся ў мястэчку Фуэнтэ дэ Кантас (правінцыя Эстрэмадура). Вучыўся ў Севільі, у П. Д. дэ Вільянуэвы[11]. У 1617-18 гадах Сурбаран жыў і працаваў у невялікім мястэчку Эстрэмадуры — Льерэне, затым вярнуўся ў Севіллю і да 1633 бесперапынна жыў там.

У 1622 годзе ён ужо быў вядомым майстрам, атрымліваў заказы для храмаў і манастыроў. У 1626-27 гадах па кантракце з ордэнам дамініканцаў ён піша 21 карціну на рэлігійныя сюжэты, у тым ліку знакамітую карціну «Укрыжаванне». У 1628-30 гадах Сурбаран піша цыкл карцін пра святога Пэдра Наласка і цыкл карцін пра жыццё св. Банавентуры.

У 1631 Ф. Сурбаран стварае адзін з лепшых сваіх твораў — карціну «Трыумф святога Фамы Аквінскага», якая была прызнана шэдэўрам яшчэ сучаснікамі жывапісца.

У 1634 годзе мастак здзейсніў падарожжа ў Мадрыд, дзе атрымаў тытул прыдворнага жывапісца. У Мадрыдзе пры працы над упрыгожваннем нядаўна пабудаванага палаца Буэна-Рэціра майстар адышоў ад рэлігійнай тэматыкі — ім быў напісаны цыкл з дзесяці палотнаў, якія паказваюць подзвігі Геркулеса (цяпер у музеі Прада), а таксама гісторыка-манументальнае палатно «Абарона Кадзіса».

Вывучэнне прац вялікіх італьянскіх жывапісцаў і зносіны з іншымі бачнымі майстрамі, якія працавалі ў сталіцы, ўзбагаціла творчасць мастака. Пасля вяртання ў Севіллю ён напісаў выдатную серыю карцін для манастыра ў Херасе — найбольш вядомыя «Дабравешчанне», «Каляды» і «Пакланенне вешчуноў».

Паступова яго слава расла, ў Паўднёвай Амерыцы адкрываліся манастыры і цэрквы, ахвотна заказвалі ў Сурбарана карціны. На канец трыццатых гадоў прыходзіцца пік творчай актыўнасці і папулярнасці мастака.

У позні перыяд творчасці Сурбаран звяртаецца да лірычных вобразаў Хрыста і Маці Божай ў дзяцінстве — «Мадонна з дзіцем», «Маленства Мадонны».

У 1658-64 гадах Ф. Сурбаран жыў у Мадрыдзе. Яго папулярнасць ішла на спад, нягледзячы на ​​падтрымку аднаго Дыега Веласкеса ён, забыты заказчыкамі, адчуваў матэрыяльныя цяжкасці.

ТворчасцьПравіць

Зазнаў уплыў Караваджа. Жывапіс Ф. Сурбарана адрознівае асаблівая матэрыяльнасць у перадачы фігур людзей, акружэння, прадметаў, якая надае выяўляемым падзеям жыццёвую перакананасць[12]. Творы вылучаюцца грубаватай рэалістычнасцю вобразаў, павышанай дэталізацыяй, частым увядзеннем у карціны элементаў нацюрморта[13]. Раннім работам уласціва выкарыстанне шырокіх форм і аб'ёмаў («Укрыжаванне», 1627).

 
«Малітва Святога Банавентуры ў час выбрання папы» (1629)

Асаблівае месца займае цыкл яго палотнаў, прысвечаных жыццю і духоўнаму служэнню Святога Банавентуры («Смерць Святога Банавентуры», «Святы Банавентура ў Ліёнскім саборы», «Наведванне Святога Банавентуры Фамой Аквінскім»). Карціна «Малітва Святога Банавентуры ў час выбрання папы» (1629) будуецца на кантрасных спалучэннях светлых і цёмна-карычневых тонаў, ажыўленых акцэнтамі чырвонага і вохрыстага колераў. Дзякуючы гэтаму ўкленчаная фігура святога, паказаная ў профіль, яго складзеныя ў малітоўным руху рукі з тонкімі нервовымі пальцамі ўспрымаюцца асабліва выразна. Над ім у залацістай прасторы выяўлены анёл, які ў адпаведнасці з легендай называе імя будучага папы. Нягледзячы на гэты містычны эпізод, работа напоўнена адчуваннем рэальнага жыцця, нават з адценнем празаічнасці.[14]

У перыяд творчага росквіту (1630—40-я г.) ствараў суровыя манументальна-лаканічныя, драматычна-напружаыя і адначасова стрыманыя ў выяўленні пачуццяў вобразы. Творы адметныя смелай абагульненасцю і матэрыяльнасцю пластычнай мадэліроўкі, строгай гамай шэрых і карычневых, насычаных чырвоных тонаў: «Трыумф святога Фамы Аквінскага» (1631), «Спакушэнне святога Іераніма» (1634), «Святы Францыск», цыкл карцін для картэзіянскага кляштара Ла Картуха ў Херэс-дэ-ла-Франтэра (1637—39) і інш.[15]

 
«Дзяцінства Маці Божай» (1630-ыя)

Лірычны, некалькі інтымны характар маюць палотны Ф. Сурбарана, прысвечаныя Марыі. Сярод іх вылучаецца работа «Дзяцінства Маці Боскай» (1630-ыя), у якой дамінуе некалькі жанравы настрой. Гэтаму садзейнічае прадметнае асяроддзе, паказанае мастаком з асаблівай увагай. У карціне ўсё па-будзённаму проста: у бок адстаўлена плеценая каробка з рукадзеллем, на столік пакладзены нажніцы, спынена работа над вышыўкай, каб прачытаць малітву. Толькі арэол вакол галавы Марыі, складзены з выяў анёлаў, ды ружы і лілеі ў вазе з'яўляюцца напамінам аб будучым Дабравешчанні і ахвярнай смерці Хрыста.[16]

Для твораў 1650—60-х г. характэрны рысы лірычнай сузіральнасці і эмацыянальнай усхваляванасці: «Бічаванне Хрыста», «Мадонна з дзіцем і Іаанам Хрысціцелем». У 1640-я г. стварыў серыі карцін, прысвечаных жыццю кляштара ордэна іеранімітаў у Гуадалупе: «Спакушэнне брата Дыега Арзаскага», «З'яўленне Хрыста брату Андрэсу Сальмерону», «Уяўленне брата Педра Саламанкскага»; партрэты (серыя «Дактары з Ла Мерсед», «Доктар з Саламанкі» і інш.).

Зноскі

  1. а б Francisco de Zurbarán // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Itaú Cultural Francisco de Zurbarán // Enciclopédia Itaú CulturalSão Paulo: Itaú Cultural, 2001. — ISBN 978-85-7979-060-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Francisco de Zurbaran // Internet Speculative Fiction Database — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. https://www.nga.gov/collection/artist-info.1993.html
  5. а б RKDartists
  6. а б The Fine Art Archive
  7. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  8. Francisco de Zurbarán // Benezit Dictionary of ArtistsOUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  9. Encyclopædia Britannica
  10. artist list of the National Museum of Sweden — 2016. Праверана 27 лютага 2016.
  11. С. Пешын (2002)
  12. Б. Лазука (2010)
  13. С. Пешын (2002)
  14. Б. Лазука (2010)
  15. С. Пешын (2002)
  16. Б. Лазука (2010)

ЛітаратураПравіць

  • Лазука Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. XVII—XVIII стагоддзі / Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0899-9
  • Пешын С. Сурбаран // БЭ ў 18 т. Т. 15. — Мн.: БелЭн, 2002. С. 279.