Хайда

У Канадзе хайда засяляюць выспы Хайда-Гуаі і правінцыю Брытанская Калумбія, У ЗША - поўдзень архіпелага Аляксандра ў штаце Аляска. Прадугле

Ха́йда (саманазва: X̱aayda) — індзейскі народ, які жывае на паўночна-заходнім узбярэжжы Паўночнай Амерыкі, у Канадзе (правінцыя Брытанская Калумбія) і ЗША (на паўднёвым захадзе Аляскі). Агульная колькасць — 1 200 чал.[1]

Хайда
(X̱aayda)
Агульная колькасць 1200 (2016 г.)
Рэгіёны пражывання  Канада — 500

 ЗША — 700

Мова хайда
Рэлігія анімізм, татэмізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы атабаскі, тлінкіты

Колькасць і рассяленне правіць

У Канадзе хайда жывуць на астравах Каралевы Шарлоты (Хайда-Гуаі). Яны расселены кампактна дзвюма абшчынамі на востраве Грэйам  (англ.), шэраг дробных рэзервацый ёсць на месцах старых паселішчаў і рыбных промыслаў. У ЗША з 1949 года існуе рэзервацыя на востраве Прынца Уэльскага  (англ.). Але звыш паловы хайда жыве дысперсна, па-за рэзервацыяй, галоўным чынам у гарадах (Кетчыкане  (англ.), Сіэтле).

Мяркуецца, што да кантактаў з еўрапейцамі колькасць хайда складала каля 14 тыс. чалавек. У канцы XX стагоддзя іх колькасць ацэньвалася прыкладна ў 3 тыс. чал.[2]

Гісторыя правіць

 
Жанчыны хайда. Малюнак 1793 г.

Хайда маюць агульнае паходжанне з тлінкітамі, чым тлумачыцца блізкасць іх мовы і культуры. Аднак на пэўным этапе гісторыі хайда апынуліся ў ізаляцыі і развіваліся самастойна[3]. Археолагі вызначылі, што іх продкі пасяліліся каля 6000—8000 гадоў таму каля прыбярэжных заліваў і астравах захаду Канады і паўднёвага захаду Аляскі, якія яны самі называлі Хайда-Гуаі (X̱aayda gwaay)[4]. У нашы дні так называецца архіпелаг ля паўночна-заходняга ўзбярэжжа Канады. Каля XVIII стагоддзя частка хайда мігравала на астравы архіпелага Аляксандра.

З 1787 года хайда актыўна займаліся гандлем з еўрапейцамі, пераважна брытанцамі. У 1840 годзе блізу 8 тысяч хайда жылі ў некалькіх буйных вёсках. Кантакты з іншаземцамі прывялі да вялізарных чалавечых страт у выніку распаўсюджання эпідэмічных хвароб. У 1915 годзе налічвалася толькі 588 чалавек[5]. З 1920 года дзеці хайда былі абавязаны вучыцца ў канадскіх школах, што прывяло да далейшай асіміляцыі. У 1973 годзе была створана Рада нацыі хайда, якая абараняе зямельныя і сацыяльныя правы прадстаўнікоў гэтага народа.

Культура правіць

 
Традыцыйныя хаціны.

Гаспадарчыя заняткі хайда былі шчыльна звязаны з морам. Яны займаліся рыбалоўствам, здабычай ластаногіх, збіральніцтвам уздоўж літаралі. Асаблівае значэнне меў летні сезон здабычы ласося і палтуса[6]. Здабытую рыбу вэндзілі або сушылі. Таксама палявалі ў лесе на наземных жывёл, збіралі яйкі птушак і ядомыя расліны.

Тэхналогія лоўлі рыбы была надзвычай распрацаванай, яны будавалі каноэ даўжынёй больш за 50 футаў. На гэтых лодках яны праплывалі сотні міляў — і не толькі з прамысловымі мэтамі, а яшчэ каб напасці на іншыя супольнасці.

Земляробства ўзнікла толькі пасля кантактаў з еўрапейцамі. У XIX ст. вырошчвалі бульбу і тытунь[7][8]. Хайда ўмела апрацоўвалі драўніну, камень, косць. Выраблялі рыбалоўныя прылады, зброю, складаныя лодкі з некалькіх парод дрэў, простую кераміку, плялі кашы, ткалі і г. д. Важную ролю меў гандаль з суседнімі народамі, а потым — з еўрапейцамі[9]. Хайда не здабывалі металаў, аднак карыталіся меднымі прадметамі[10], што лічыліся сімваламі багацця.

Іх грамадства было заснавана на кроўным сваяцтве. Для яго характэрна таксама высокая ступень расслаення — былі правадыры, слугі і нават рабы. Такому ладу жыцця спрыялі багатыя рэсурсы і тэхналогія, што дазваляла адносна вялікай колькасці людзей жыць у вёсках з так званымі доўгімі дамамі, дзе змяшчалася каля 100 і болей чалавек.

Хайда сяліліся ў вёсках, якія скадаліся з 2 ліній хацін каля марскога ўзбярэжжа. Хаціны былі ў сярэднім 6 м на 9 м каркаснага тыпу, абабітыя дошкамі. На поўначы пераважалі будынкі з унутраным каркасам. На поўдні — са знешнім. Уваход часам рабіўся круглявым. Дах з 2 нахіламі. У дамах правадыроў ладзіўся з дошак, простых абшчыннікаў — з кары[11]. Каля хацін усталёўваліся татэмныя слупы. Улетку большасць жыхароў вёсак перасяляліся ў часовыя летнія паселішчы бліжэй да месцаў здабычы.

Звычайная вопратка жанчын ўключала фартух і ўпрыгожаныя скураныя бранзалеты вакол шчыкалатак. Святочнае жаночае адзенне складалася з коўдры ў стылі чылкат і вузкіх нагавіцаў. Мужчыны апраналі доўгія кашулі, капелюшы з пафарбаванай драўнянай кары. Пад час цырымоній правадыры насілі складаны галаўны ўбор з дрэва, аздоблены футрам і ракавінамі[12]. цела пакрывалі охрай.

Традыцыйнае грамадства складалася з 2 экзагамных груп, што згодна міфалагічным паданням паходзілі ад розных звышнатуральных жаночых істот, — Крумкача і Арла[13]. Прычым, групы не займалі пэўныя тэрыторыі. У адной вёсцы звычайна жылі прадстаўнікі Крумкача і Арла. Групы падзяляліся на роды. Адлік сваяцтва вёўся па жаночай лініі, аднак на чале родаў стаялі мужчыны-правадыры[14]. Адлік сваяцтва па маці гарантаваў высокі статус жанчын, але кіраванне сем’ямі даручалася мужчынам. Хайда імкнуліся жаніцца на стрыечных сёстрах. Шлюбы звычайна арганізоўваліся бацькамі. У сем’ях правадыроў існаваў звычай палігініі[15]. Маёмасць мужчын успадкоўвалася братамі і пляменнікамі па жаночай лініі. Маёмасць жанчын — дачкамі. Ужо да прыходу еўрапейцаў вылучаліся сацыяльныя пласты спадчынных правадыроў, простых абшчыннікаў і рабоў. Унутры абшчын існавалі патаемныя арганізацыі[16], што мелі рытуальны характар.

Нават у нашы дні майстры хайда лічацца выдатнымі разьбярамі па дрэву, каменю і металах, знакамітыя як ткачы. У народнай культуры існаваў адзіны дызайн, натхнёны марскім ладам жыцця[17]. Асабліва добра вядомы скульптуры, разьбяныя татэмныя слупы, маскі, розныя ўпрыгожванні. Хайда маюць багаты фальклор — міфы, казкі, легенды. Вылучаецца цыкл апавяданняў, прысвечаны прыгодам продка-Крумкача[18].

Мова правіць

Мова хайда выклікае спрэчкі сярод лінгвістаў. Частка вучоных далучае яе да сям’і на-дэне. Другая частка лічыць яе ізалятам. Існуе 4 сістэмы пісьма на аснове лацінкі[19], распрацаваныя ў XX ст.

Рэлігія правіць

У старажытнасці хайда верылі, што навакольны свет населены духамі sga’na, якія маглі ўвасабляцца ў людзях і жывёлах, актыўна ўплываць на паўсядзённае жыццё. Акрамя таго, існавалі гаспадары жывёльнага свету, якім прыносілі ахвяры. У хайда існаваў інстытут шаманаў[20]. Імі маглі стаць мужчыны і жанчыны. Лічылася, што пасля смерці душа трапляе на неба, але з цягам часу вяртаецца зноў на зямлю, каб адрадзіцца ў нашчадках. Найбольш важныя рэлігійныя цырымоніі — патлач[21] і пір у гонар продкаў[22].

З канца XIX ст. шырока распаўсюджана хрысціянства, хаця некаторыя элементы старажытнай рэлігіі, у тым ліку патлач і вера ў рэінкарнацыю, захоўваюцца да нашых дзён.

Зноскі правіць


Літаратура правіць

  • Говард М. Сучасная культурная антрапалогія / пер. з англ. Навук. рэд. П. Церашкевіч. — Мн., 1995. ISBN 985-6022-16-9
  • Народы и религии мира: Энциклопедия / Гл. ред. В. А. Тишков, Редкол.: О. Ю. Артемова, С. А. Арутюнов, А. Н. Кожановский и др. — М.: Большая Российская энциклопедия, 1999. — 928 с.: ил. ISBN 5-85270-155-6

Спасылкі правіць