Хочу перемен!

песня

«Мы ждём перемен!» — песня савецкага рок-гурту «Кіно» на словы Віктара Цоя. У арыгінале гучыць як «Перемен!» альбо як «Changement!», з той прычыны, што альбом «Апошні герой» упершыню быў выданы ў Францыі, з надпісам на канверце на французскай мове. Песня была напісана ў сярэдзіне 1980-х гадоў і ўпершыню прагучала на IV фэсце Ленінградскага рок-клуба (1986). На тым жа фэсце адбыліся прэм'еры іншых песень рок-гурту «Кіно»: «Спакойная ноч», «Далей дзейнічаць будзем мы», «Паспрабуй спець разам са мной», «Зачыні за мной дзверы».[1]

У запісу прынялі ўдзелПравіць

  • Віктар Цой — гітара, вакал;
  • Георгій Гур'янаў — ударныя, бэк-вакал;
  • Юрый Каспарян — гітара, бэк-вакал;
  • Андрэй Сігле — клавішныя;
  • Ігар Ціхаміраў — бас-гітара.

Песня ў кінематографеПравіць

У 1987 годзе ранейшая версія песні ўвайшла ў паўнамэтражны фільм «Асса» (першая), рэжысёра Сяргея Салаўёва. У фінале «Ассы» з'яўляецца Віктар Цой, які спявае песню «Мы чакаем пераменаў»[2]. Праз два гады песня была перазапісана для альбому «Апошні герой» (1989). Песня стала ўспрымацца як «гімн перабудовы», дарма што сам Цой адмаўляў яе сувязь з гарбачоўскай перабудовай, аб'яўленай у 1985 годзе, і не ўхваляў «публіцыстычнае» прачытанне песні.

У 2005 годзе песня «Пераменаў!» была выкарастана ў саўндтрэку да андэграўнднага фільму «Пыл» рэжысёра Сяргея Лобана. Песня гучыць у канцы на фоне тытраў, і яе выконвае акцёр маскоўскага шоў-тэатру «СинематографЪ» Аляксей Знаменскі, на мове слабачуючых.[1]

Песня ў расійскай палітыцыПравіць

У 2007 годзе песня была выкарастана ў перадвыбарным роліку расійскай арганізацыі «Саюз правых сіл».

13 снежня 2008 года з’езд аб’яднанага дэмакратычнага руху «Салідарнасць» афіцыйна прыняў гэтую песню ў якасці гімну свайго руху (праўда, не запытаўшы згоды праваўладальнікаў).[1]

Песня ў беларускай палітыцыПравіць

ПерадумоваПравіць

Пад час адной з акцый «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку», якая адбылася 3 ліпеня 2011 года, у Мінску на Прывакзальнай плошчы затрымалі кіроўцу аўтамабіля, калі ён на поўную гучнасць слухаў песню Віктара Цоя «Пераменаў!». Песня гучала з аўтамабілю 10 хвілін. Аўтамабіль стаяў з уключаным аварыйным асвятленнем на прыпынку грамадскага транспарту. Кіроўцу прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту, напачатку зняволіўшы яго ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна ў Мінску, затым перавёўшы ў жодзінскую турму(бел. (тар.)) бел..[3]

Песня як гімн пратэстуПравіць

Пасля гэтага выпадку ўдзельнікі акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» вырашылі зрабіць песню сваім гімнам пратэсту. У час чарговай акцыі 13 ліпеня песню вырашана паставіць на будзільнік (у якасці рынгтону), які павінен быў зайграць а 20-й гадзіне, падчас акцыі. Гэта становіцца новым фарматам акцыі.[4] Таксама гэтую ж песню пачалі выкарыстоўваць з 21 ліпеня 2011 года і ўдзельнікі акцыі «Стоп-бэнзін».

Улетку 2020 г. песня была гімнам перадвыбарнай кампаніі кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Чэрачня[5].

Забароны песні ў БеларусіПравіць

У ліпені 2011 года песню «Пераменаў!» забаранілі да трансляцыі на беларускім радыё. Так, адміністрацыя Першага канала Беларускага радыё распрацавала для супрацоўнікаў спіс песень і выразаў, якія не павінны трапляць у эфір. Перш за ўсё, гэта песня «Пераменаў» Віктара Цоя, а таксама песні «Ляпісаў» – «Грай» і «Belarus freedom». Гэтыя кампазіцыі далучылі да ранейшых забаронаў груп «NRM», «Крамбамбуля», «Крама» і іншых. Першы выпадак здарыўся, калі слухач настойваў, каб уключылі песню «Пераменаў». Вядучы папрасіў прабачэння і адмовіў. Тады слухач прама спытаў: «У вас пачалася цэнзура?» Вядучы не ведаў, што яму адказаць, таму проста выключыў чалавека з эфіру.

Апроч таго, на працоўным стале кожнага радыёвядучага з'явіліся раздрукоўкі забароненых для вымаўлення ў эфіры словаў. Гэта здарылася пасля выпадку з «Шосам Аляксандрам Рыгоравічам» на «Рускім радыё». Дырэкцыя радыё сабрала нараду, на якой растлумачыла, што прамаўляць у эфіры «ШОС» ці проста «Аляксандр Рыгоравіч» забараняецца, а ўсе паведамленні ад слухачоў мусяць некалькі разоў перачытвацца, перш чым трапіць у эфір.[6]

12 жніўня 2011 года тэлеканал «АНТ» паказаў канцэрт гурта «Кіно» ў Маскве ў «Алімпійскім» у 1990 годзе. Паказ прысвячаўся 21-й гадавіне гібелі Віктара Цоя. Аднак «крамольную» песню «Пераменаў!» з канцэрту выразалі і беларускія гледачы яе ў той дзень не ўбачылі.[7]

6 жніўня 2020 года ў час Дня адчыненых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі ў Мінску (вул. Кахоўская, Цэнтральны раён, мікрараён Каштанаўка), двое гукааператараў з Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, Кірыл Галанаў і Уладзіслаў Сакалоўскі, незапланавана ўключылі запіс песні «Пераменаў!», які гучаў перад шматтысячнай аўдыторыяй каля хвіліны і быў перарваны кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёна Дзмітрыем Пятрушам. Неўзабаве гукааператары былі затрыманы па абвінавачанні ў зрыве масавага мерапрыемства і хуліганстве (заяву ў міліцыю напісаў кіраўнік упраўлення ідэалогіі адміністрацыі Цэнтральнага раёна) і 7 жніўня 2020 года суд Цэнтральнага раёна г. Мінска асудзіў кожнага з іх на 10 сутак адміністрацыйнага арышту[8]. У той жа дзень пачалася масавая акцыя ў падтрымку арыштаваных: аўтамабілісты на вуліцах Мінска гудзелі і ўключалі песню «Пераменаў!»[9].

Пераклады песніПравіць

Песня не раз перакладалася на беларускую мову: напрыклад, існуе пераклад беларускага паэта Алега Грушэцкага, датаваны ліпенем 2011 года. У перакладзе твор Цоя гучыць як «Новых змен!».[10]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 КИНО - Хочу перемен (Клип из к/ф "Пыль")(руск.) . ka4nem.ru. Праверана 24 жніўня 2011.(недаступная спасылка)
  2. Архіўная копія (недаступная спасылка). Susvet.Info. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 23 верасня 2011.
  3. Затрыманага пры праслухоўванні песні Цоя кіроўцу сустракалі шампанскім. Telegraf.by (19 ліпеня 2011). Праверана 24 жніўня 2011.
  4. Жителя Гомеля отправили к психиатру за расхваливание Лукашенко(руск.) . ЗАО «ВЗГЛЯД.РУ» (14 ліпеня 2011). Праверана 24 жніўня 2011.
  5. https://belisrael.info/?p=25363
  6. Віктар Цой папаў ў спіс забароненных. Аршанскі інфармацыйны сайт (18 ліпеня). Праверана 24 жніўня 2011.(недаступная спасылка)
  7. Цэнзура АНТ не прапусціла песню «Перемен» Віктара Цоя (Відэа). Беларускі Народны Рух «Незалежная Беларусь» (15 жніўня 2011). Праверана 24 жніўня 2011.(недаступная спасылка)
  8. https://news.tut.by/society/695781.html Архівавана 7 жніўня 2020.
  9. https://nn.by/?c=ar&i=256749
  10. Новых змен!. Нацыянальны паэтычны партал «Вершы.ru» (ліпень 2011). Праверана 24 жніўня 2011.