Чаротаўка садовая

Чаротаўка садовая, чарацянка садовая[1] (Acrocephalus dumetorum) — пеўчая птушка сямейства чаротаўкавых.

Чаротаўка садовая
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Acrocephalus dumetorum Blyth, 1849

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  558416
NCBI  68474

Апісанне правіць

Даўжыня цела 12,5 см, размах крылаў 17-19 см. Агульная афарбоўка аліўкавая, выразнае светлае брыво. Апярэнне спіны жаўтавата-бурае, ніз белаваты з бурым налётам. Вельмі падобная да трысняговай, балотнай і індыйскай чаротавак. Прапорцыі махавых не заўсёды дазваляюць беспамылкова адрозніць ад іншых відаў. Спеў з хрыплымі тонамі і вялікай колькасцю імітацый галасоў іншых птушак.

Пашырэнне правіць

Пашырана ў Цэнтральнай Еўразіі. Арэал: ад Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, усход Польшчы і балтыйскіх краін да Усходняй Сібіры і праз Казахстан да горных вытокаў р. Лены і паўднёвага ўсходу Алтая. На подні да паўночнай часткі Афганістана. Распаўсюджваецца на поўнач і захад, засяляючы балтыйскія краіны, Фінляндыю і Швецыю.

Пералётны від. Спарадычна залятае ў Заходнюю Еўропу (Вялікабрытанія, Ірландыя, Францыя, Бельгія, Галандыя, Германія, Данія, Швейцарыя, Іспанія, Італія, Мальта, Балгарыя, Турцыя). На Беларусі рэдкі на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від, распаўсюджаны ў паўночных, усходніх і цэнтральных частках краіны. Месца зімовак: Пакістан, Індыя, Непал, Шры-Ланка, Бірма.

Насяляе зараснікі кустоў (як на ўскраінах вялікіх лясоў, так і групы кустоў на лугах або берагах вадаёмаў), падтопленыя бярозавыя гаі, а таксама сухія мясціны ў лесастэпе, зараснікі тамарыску ў сухіх далінах рэк, схілы пагоркаў, якія параслі шыпшынай і малінай, краі бураломаў і палян у сасновых лясах, сады і паркі з групамі кустоў, пусткі. У гарах уздоўж вадацёкаў даходзіць да пласкагор’я на вышыні 1000 м над у.м. і нават вышэй за 1200 м.

Асаблівасці біялогіі правіць

Скрытная птушка. Корміцца толькі насякомымі.

Гняздуе ў густой травяністай расліннасці (трыснёг, крапіва і г.д.) або ў кустах і малых дрэўцах па-суседству з сонечнымі месцамі. Гняздо падвешанае (звычайна 10-40 см над зямлёй, але не больш за 1 м або крыху болей) паміж сцёблаў або галінак, чашападобнае. Знешняя частка з лістоў і сцёблаў травы, валокнаў крапівы, расліннага пуху, аплеценых павуцінай; потым ідзе больш тонкі слой з такога ж матэрыялу, толькі без павуціны, унутраная частка — з дробных і мяккіх сцёблаў травы (часам з шэрсці і конскага воласу).

Яйкі (3-5, часам 6) звычайна крыху патоўшчаныя на адным з канцоў. Афарбоўка зменлівая: бледна-ружовыя, глыбокія плямы — шэра-фіялетавыя, паверхневыя — чорна-карычневыя з больш светлымі краямі; матавыя, малочна-белыя ці крэмавыя; глыбокія плямы — белыя (цямнейшыя за фон), паверхневыя — аліўкава-карычневыя; ярка-белыя з мноствам карычневых плямак; зеленаватыя або светла-зялёныя з аліўкава-зялёнымі або ржава-карычневымі плямамі і інш. Плямы часта сканцэнтраваны на шырэйшым канцы. Памеры: 17,5 х 14 мм.

Зноскі

  1. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.

Літаратура правіць

  • Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.