Часоваабавязаныя сяляне
Часоваабавя́заныя сяля́не (руск.: временнообязанные крестьяне) — катэгорыя былых прыватнаўласніцкіх (панскіх) сялян Расійскай імперыі, вызваленых ад прыгоннай залежнасці паводле «Палажэнняў» 19 лютага 1861 года ў межах сялянскай рэформы, але не пераведзеных на выкуп.
Тэрмін часоваабавязаных адносін дакладна не вызначаўся, іх спыненне цалкам залежала ад волі памешчыка. Да заключэння выкупной здзелкі селянін быў у часоваабавязаным стане і мусіў выконваць на карысць памешчыка вызначаныя павіннасці. Пазямельныя адносіны паміж памешчыкам і часоваабавязанымі сялянамі вызначаліся ўстаўнымі граматамі[1]. За карыстанне зямлёй часоваабавязаныя сяляне выконвалі аброк або паншчыну. Пад уплывам паўстання 1863 — 1864 гадоў і масавага руху сялян супраць грабежніцкіх умоў сялянскай рэформы 1861 года расійскі ўрад законам ад 13 сакавіка 1863 года ўвёў абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў у Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай губернях, у латгальскіх і Дрысенскім павеце Віцебскай губерні. Тут часоваабавязаныя сяляне з 13 мая 1863 года пераводзіліся ў разрад так званых сялян-уласнікаў. 14 лістапада 1863 года дзеянне гэтага ўказа пашырана на ўсю Віцебскую і Магілёўскую губерні, дзе абавязаныя адносіны спынены 13 студзеня 1864 года. Выкупныя плацяжы ва ўсіх 6 названых заходніх губернях павінны былі знізіцца на 20 %, насамрэч гэта зніжэнне было больш значным.
Катэгорыя часоваабавязаных сялян у Расійскай імперыі скасавана законам ад 9 студзеня 1882 года, згодна з якім усе былыя панскія сяляне з пачатку 1883 года пераводзіліся на абавязковы выкуп. Спагнанне выкупных плацяжоў было спынена ў 1907 годзе пад уплывам рэвалюцыі 1905—1907 гадоў[2].
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ Каханоўскі А. 2012, с. 41.
- ↑ ЭГБ 2003, с. 152.
Літаратура
правіць- Вячаслаў Панюціч. Часоваабавязаныя сяляне // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — С. 152. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
- Аляксандр Каханоўскі. Гісторыя Беларусі другой паловы ХІХ ст. : вучэб.-метад. дапам.. — Мінск : БДУ, 2012. — ISBN 978-985-518-718-0.