Даўжыня цела 90-105 см, размах крылаў 155-195 см. Самка крыху меншая за самца.
Афарбоўка папяліста-шэрая, з цёмнымі махавымі. Галава вузкая з вялікай дзюбай і чорным брывом. На патыліцы маюцца чорныя пер’і, якія звісаюць з галавы. Апярэнне галавы, шыі і ніжняй часткі цела брудна-белага колеру. У гнездавы перыяд з’яўляюцца ўпрыгожваючыя пёры на галаве і грудзях. Лапы жаўтавата-шэрыя. Маладыя больш цёмныя і менш кантрастныя.
Крык птушкі ў палёце і каля гнязда гучны, хрыплы, атрымліваецца штосьці накшталт «фраарк» (асабліва каля гнязда), а таксама выдае разнастайныя хрыплыя гукі.
Шэрая чапля мае досыць шырокае распаўсюджанне. Арэал разарваны. Яе можна сустрэць ва ўмераным клімаце Еўропы, Азіі. Водзяцца яны ў асобных рэгіёнах Афрыкі i на Мадагаскары.
Насяляе берагi разнастайных вадаёмаў, у т.л. рэк, марскіх заток, лагун і дэльт. Узімку таксама лугі і палі. Гнездавы біятоп — старыя дрэвастоі паблізу вялікіх вадаёмаў, рэк, часам прыбярэжныя кусты або зараснікі трыснягу (на зямлі), парослыя дрэвамі астравы.
Сілкуецца птушка пераважна рыбай, бясхвостымі амфібіямі. Ужывае таксама невялікіх грызуноў, насякомых, ракападобных і рэптылій. Шэрая чапля можа гадзінамі стаяць нерухома, прычым як на дзвюх, так і на адной назе. Яе шыя пры гэтым уціснутая ў цела. Толькі галава і дзюба тырчаць з яго. Падобным чынам яна можа і ладзіць паляванне. Сваю здабычу — рыбу заглытвае цалкам галавой наперад.
Пары ў шэрых чапляў утвараюцца толькі на адзін сезон. Самка прылятае да гнязда і пачынае рабіць гучныя рэзкія гукі. Пры гэтым яна прыпадымае свой грабенчык на патыліцы. Самец адказвае выцягваннем шыі і рухам уперад-назад, пры гэтым прысядаючы на ўзровень гнязда. Пасля таго ён нагінае шыю да ўзроўню лап і гучна трашчыць дзюбай. Самка, каб выклікаць прыхільнасць да яе самца, павінна паказаць свае церпялівыя паводзіны. Калі пара ўтворыцца, самец трашчыць дзюбай 20-40 разоў.
Свае гнёзды шэрыя чаплі ладзяць на высокіх дрэвах. Яны могуць дасягаць 0,8 метра ў дыяметры і 0,6 метра ў вышыню. Будуюць яго з галінак, асакі ці іншага матэрыялу, які маецца ля месца гняздоўя. Унутры гняздо абкладваецца зялёнымі галінкамі, травой або чаротам. Адно гняздо можа выкарыстоўвацца некалькі год запар.
Самка адкладвае ў гняздо 3—5 бледна-блакітных, часам з чырванаватымі плямкамі яек. Прычым робіць гэта па аднаму яйку праз дзень. Інкубацыйны перыяд складае 26 дзён. Выседжваюць яйкі абодва бацькі.
Птушаняты шэрых чапляў нараджаюцца пакрытыя шараватым пухам. Апярэнне пачынае расці ў іх з сёмага—дзевятага дня. Першыя дваццаць дзён адзін з бацькоў увесь час знаходзіцца ў гняздзе разам з птушанятамі. Ён абараняе іх ад сонца, дажджу. Бацькі кормяць птушанят, адрыгваючы ежу са сваёй дзюбы ў іх дзюбы. Лётаць маладыя шэрыя чаплі пачынаюць прыкладна праз 55 дзён.