Адкрыць галоўнае меню

Аўстралія з'яўляецца адной з развітых краін, з'яўляючыся трынаццатай па памеры эканомікай у свеце, і мае шостае месца ў свеце паводле ВУП у разліку на душу насельніцтва. З другім па велічыні індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу Аўстралія займае высокае месца ў шматлікіх сферах, такіх як якасць жыцця, здароўе, адукацыя, эканамічная свабода, абарона грамадзянскіх свабод і палітычных правоў[1]. У Аўстраліі вельмі нізкі паказчык беднасці, а па ўзроўню сярэдняга даходу у 2013-2018 Аўстралія саступала толькі Швейцарыі.

Агульная характарыстыкаПравіць

Аўстралія – высокаразвітая індустрыяльна–аграрная краіна з рынкавай эканомікай. Эканамічнае развіццё характарызуецца стабільнасцю і ўстойлівасцю. Ключавая роля ў эканоміцы належыць горназдабыўной і сельскагаспадарчай галінам, у значнай ступені арыентаваным на знешнія рынкі: пры долі 3,6 і 5 % у ВУП на іх прыпадае большая палова экспарту. На працягу першых двух дзесяцігоддзяў ХХІ ст. Аўстралія адчувала няўхільны эканамічны рост і нават адзначылася як адзіная развітая краіна, што не пацярпела ад Сусветнага крызісу 2008-2009. Аднак у 2018 год Аўстралія ўступіла з рызыкай атрымаць адмоўныя паказчыкі, выкліканай рэзкім падзеннем сусветных коштаў на асноўныя экспартныя тавары. Попыт на рэсурсы і энергію ў Азіі, і асабліва ў Кітаі, цяпер расце больш павольнымі тэмпамі.

Фінансы і эканамічныя паказчыкіПравіць

Грашовая адзінка – аўстралійскі долар (1 аўстр. дол. = 0,71 дол.ЗША.)[2]. ВУП складае каля 2000 млрд. аўстр. дал. (1500 млрд дол. ЗША), узровень інфляцыі – каля 1-2 %, беспрацоўе – каля 5,6 %.[3] Уліковая крэдытная стаўка – каля 6%. Аўстралійская Фондавая біржа — дзявятая ў свеце. Аб'ём замежных інвестыцый у краіне – каля 900 мільярдаў аўстралійскіх долараў. Замежны капітал у асноўным засяроджаны ў паслугах і нерухомасці, прамысловай вытворчасці і здабыўной прамысловасці.

ПрамысловасцьПравіць

Здабыўная прамысловасцьПравіць

 
Маўнт-Айза, цэнтр каляровай металургіі

Горназдабыўная прамысловасць абапіраецца на запасы разнастайных карысных выкапняў і мае вядучую ролю ў фарміраванні экспарту краіны: вугаль, прыродны газ, уранавыя, жалезныя, поліметалічныя руды, баксіты, свінец, медзь, каштоўныя металы, алмазы і т.п. Па здабычы баксітаў і алмазаў Аўстралія першая ў свеце. У 2017 на востраве Бароў быў уведзены ў эксплуатацыю тэрмінал па звадкаванні прыроднага газу з радовішча Вялікі Гаргон.

Апрацоўчая прамысловасцьПравіць

Апрацоўчая прамысловасць скіравана на ўнутраны рынак. Галоўныя галіны апрацоўчай прамысловасці: машынабудаванне і металаапрацоўка, харчовая, хімічная і нафтаперапрацоўчая, чорная і каляровая металургія, выдавецка-паліграфічная. Машынабудаўнічы сектар моцна пацярпеў у 2010-х: у 2016-2017 былі закрыты аўстралійскія заводы Форда, Таёты і мясцовай маркі Холдэн.[4] У энергетыцы асноўная роля належыць вугалю, на якім працуюць цеплавыя электрастанцыі. Хутка развіваецца сонечная і ветравая энергетыка. Аўстралія — адзіны населены мацярык, дзе няма АЭС.

Сельская гаспадаркаПравіць

 
Мясная буйная рагатая жывёла, Новы Паўднёвы Уэльс

Сельская гаспадарка з'яўляецца адной з ключавых галін эканомікі Аўстраліі. Няглездячы на постіндустрыяльны характар эканомікі — у аграрным сектары занята 3,6 % насельніцтва і ствараецца роўна такі ж працэнт ВУПу (праўда, з сумежнымі галінамі — да 12 %) — прадукцыя сельскай гаспадаркі займае другое месца ў экспарце краіны (пасля прадукцыі здабыўной прамысловасці). У сельскай гаспадарцы вядучае месца займае жывёлагадоўля. Аўстралія – найбуйнейшы ў свеце вытворца і пастаўшчык высакаякаснай воўны, а таксама адзін з асноўных экспарцёраў мясамалочных прадуктаў, пшаніцы, цукру.

Сфера паслугПравіць

ТурызмПравіць

Развіваецца турызм, у 2015 Аўстралію наведала 7,4 млн замежнікаў. Аднак яшчэ больш падарожнічаць па Зялёным кантыненце любяць самі аўстралійцы — 73 % турысцкіх паслуг прыходзіцца на ўнутраны рынак.

ТранспартПравіць

У транспартных перавозках найважнейшая роля належыць аўтамабільнаму транспарту. Аўстралія мае сетку сучасных аўтадарог, гусцейшую ў населеных раёнах. Практычна кожная сям'я мае некалькі аўтамабіляў. Грузавыя перавозкі на далёкія адлегласці ўскладзеныя на аўтацягнікі. Вываз карысных выкапняў да экспартных партоў ажыццяўляецца чыгункамі. Таксама грузавымі і пасажырскімі чыгуначнымі перавозкамі злучаныя паміж сабой найбуйнейшыя гарады. У Аўстраліі каля 300 аэрапортаў. Знешнія пасажырскія сувязі — праца выключна паветранага транспарту, а вось марскі транспарт адказны за вываз экспартнай прадукцыі. Буйнейшым па танажы портам Аўстраліі з'яўляецца жалезнарудны Порт-Хедленд.

Знешні гандальПравіць

У 2016 Аўстралія экспартавала прадукцыі на чвэрць трыльёна долараў і мела дадатны гандлёвы баланс (+ 10 млрд). Больш за палову аўстралійскага экспарту тавараў прыходзіцца на прадукцыю здабыўной прамысловасці (асноўныя артыкулы: вугаль, жалезная руда, звадкаваны газ і золата). Яшчэ каля 20 % экспарту — справа аграрнага сектара (пшаніца, віно, ялавічына, ячмень). Варта адзначыць, што сумарная доля ў экспарце традыцыйных урана, баксітаў і воўны сёння не перавышае 5 %. Асноўныя пакупнікі аўстралійскай прадукцыі: Кітай (32 %), Японія, Паўднёвая Карэя.[5]. У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне і транспартныя сродкі, нафтапрадукты, тавары шырокага спажывання, хімічныя тавары, медыкаменты. Асноўныя пастаўшчыкі: Кітай, ЗША, Японія.

Аб'ёмы двухбаковага гандлю паміж Беларуссю і Аўстраліяй ў апошнія 5 гадоў вагаліся ад 10 да 35 мільёнаў даляраў ЗША. Пік гандлю прыходзіўся на 2011 - 2012 гг. Аснову беларускага экспарту ў Аўстралію складаюць калійныя угнаенні (83 %), шкловалакно, мэблю; аўстралійскага ў Беларусь — медыцынскія тавары, віно і садавіна, воўна.[6]

Зноскі