Адкрыць галоўнае меню
Франкфурт — фінансавы цэнтр Германіі і ЕС

Германія — высокаразвітая постіндустрыяльная краіна, што валодае магутнай сучаснай эканомікай. З'яўляецца вялікай дзяржавай, сусветным тэхналагічным і прамысловым лідарам. Па паказчыку намінальнага валавога ўнутранага прадукту Германія знаходзіцца на першым месцы ў Еўропе і на чацвёртым у свеце. У 2014 годзе яна займала трэцяе месца па аб'ёмах імпарту і экспарту. Германія мае адзін з найвышэйшых паказчыкаў індэкса чалавечага развіцця ў свеце (0,936 у 2017).[1] У ФРГ дамінуе канцэпцыя сацыяльнай рынкавай эканомікі: нават сярод еўрапейскіх дзяржаў Германія вылучаецца высокім узроўнем жыцця, сацыяльнай бяспекі, аховы здароўя, вышэйшай адукацыі, клопатам аб навакольным асяроддзі. Германія з'яўляецца адной з краін-заснавальніц Еўрапейскага Саюза, асновай Еўразоны. Таксама ФРГ удзельнічае ў ААН, НАТА, Вялікай сямёркі (G7) і Дваццаткі (G20).

Змест

Агульная характарыстыкаПравіць

Германія з'яўляецца высокаразвітай постіндустрыяльнай краінай, па аб'ёмах таварнай вытворчасці саступае толькі Японіі, Кітаю і ЗША. Доля Германіі ў сусветным ВУП складае каля 3 % (па намінале — 5 %), а ў еўрапейскім  — каля чвэрці. На душу насельніцтва ў 2017 г. ВУП складаў 50 100 $. Па сектарах эканомікі валавы прадукт дзеліцца наступным чынам: сельская гаспадарка дае 0,7 %, прамысловасць — 30,7 %, сфера паслуг — 68,6 %. [2] Для эканомікі Германіі пачатку ХХІ стагоддзя характэрная з'ява, што атрымала назву «надіндустрыялізацыі» — доля прамысловасці ў ВУП выключна вялікая ў параўнанні з іншымі развітымі краінамі свету, галоўным чынам за кошт прадукцыі машынабудавання і хімічнай прамысловасці. Толькі Японія, Ірландыя і Партугалія з'яўляюцца ў большай ступені індустрыяльнымі, чым Германія. Больш за 30 % прамысловай прадукцыі экспартуецца (у машынабудаванні — 40 %). Таксама Германія характарызуецца значнай роляй банкаў у эканоміцы краіны. Разам з 18 іншымі краінамі-членамі ЕС Германія фарміруе Еўразону. Гаспадарчы комплекс краіны моцна інтэграваны ў еўрапейскую эканоміку.

Пасля аб'яднання ў 1990 г. ФРГ і ГДР Германія стала краінай з найбольшым эканамічным патэнцыялам у Еўропе. Аб'яднанне Германіі, хоць і стварыла праблемы, дало новыя магчымасці для развіцця эканомікі.

Высокая роля дзяржавы ў эканоміцы была характэрная для Германіі ва ўсе часы. Мадэль сацыяльнага рынкавай гаспадаркі ўяўляе сабой кампраміс паміж эканамічным ростам і раўнамерным размеркаваннем багацця. Такая асаблівасць эканамічнага развіцця краіны атрымала назву "Рэйнскі капіталізм". Высокі ўзровень сацыяльных гарантый прывёў да таго, што 40 % чыстага прыбытку нямецкіх кампаній ідзе на аплату працы, адлічэнні ў сацыяльныя фонды. З 100 еўра чыстай заробнай платы ў сярэднім на адлічэнні ў сацыяльныя фондаў ідзе 81 еўра. Па ўзроўні  жыццёвых стандартаў Германія займае адно з першых месцаў у свеце.

ПрамысловасцьПравіць

Германія мае шырока разгалінаваную і добра збалансаваную прамысловасць. Яе аснову складаюць буйныя сусветныя канцэрны і сярэднія прамысловыя прадпрыемствы. Гіганцкія манаполіі — «Круп», «Цісэн», «Баер», «Маннесман» і інш. — займаюць дамінуючыя пазіцыі. У прамысловасці Германіі вядучую ролю адыгрываюць апрацоўчыя вытворчасці. У сувязі з вычарпаннем мінеральна-сыравінных рэсурсаў, а таксама з узмацненнем экалагічных патрабаванняў да прамысловай вытворчасці ў краіне практычна зніклі вуглездабыўная, жалезарудная, медная, уранавая галіны. У выніку ўдзельная вага горназдабыўной прамысловасці скарацілася яшчэ больш. У апошні час усё больш галін прамысловасці ФРГ залежаць ад імпарту першаснай сыравіны, паўфабрыкатаў і паліва, але іх адрознівае высокая прадукцыйнасць працы, што з'яўляецца адной з найвышэйшых у свеце.

У 80-я гады мінулага стагоддзя ў ФРГ з'явіліся тэхнапаркі, цяпер іх больш за 20. У найбуйнейшы з іх ўваходзіць больш за 200 фірмаў, якія спецыялізуюцца на мікраэлектроніцы — «Ізар Вэлі» — створаны на базе Мюнхенскага ўніверсітэта.

Здабыўная прамысловасцьПравіць

У ХХ ст. Рурскім, Аахенскім і Саарскім басейнах здабываўся каменны вугаль, буры — у раёнах Кёльна, Лейпцыга, Гале і Котбуса. У канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў здабыча вугалю была згорнута. 21 снежня 2018 года ў горадзе Батропе была ўрачыста закрыта апошняя вугальная шахта, такім чынам скончылася цэлая эканамічная эпоха.[3]. Здабыча бурага вугалю (каля 180 млн тон у год) працягвае заставацца важным складнікам энергетыкі Германіі, асабліва на ўсходніх землях, роўна як і аб'ектам нападак эколагаў. [4]

ЭнергетыкаПравіць

Энергетыка краіны працуе на імпартных энерганосьбітах. Нафту да нафтаперапрацоўчых заводаў дастаўляюць па нафтаправодах з Ратэрдама, Марселю, Генуі і праз уласныя марскія парты Расток, Вільгельмсгафен, Бремерхафен, Гамбург. Найбуйнейшыя цэнтры перапрацоўкі нафты — Карлсруэ, Інгальдштат, Эмден, Гамбург, Брэмен. Газ краіна атрымлівае транзітам па газаправодах: з Расіі праз краіны Ўсходняй Еўропы (Ямал — Еўропа) і па дне Балтыйскага мора (Паўночны паток, 55 млрд м³)[5]; і з паўночнаморскіх радовішчаў Нарвегіі праз Нідэрланды. У 2018-2019 будуецца паралельная галінка газаправода Паўночны паток-2, адкрыццё якой павялічыць транзіт да 110 млрд м³.

 
Структура электраэнергетыкі Германіі, 2016

Электраэнергетыка краіны прадстаўлена усімі асноўнымі тыпамі электрастанцый, сярод якіх пераважаюць цеплавыя на вугалі (40 % электраэнергіі ў 2018). Паколькі 85 % здабытага ў Германіі бурага вугалю выкарыстоўваецца ў электраэнергетыцы, цеплавыя электрастанцыі сканцэнтраваны ў раёнах колішняй здабычы бурага вугалю. Цяпер яны паступова пераходзяць на імпартнае паліва. Яшчэ каля 12 % даюць ЦЭС на прыродным газе. Агульнымі намаганнямі ўраду, прамыслоўцаў і эколагаў вугальная энергетыка плануецца быць цалкам згорнутай да 2038 года. Замяніць яе закліканы альтэрнатыўныя крыніцы, якія ў ХХІ стагоддзі дэманструюць імклівы рост. У 2016 годзе на альтэрнатыўную энергетыку прыходзілася амаль 30 % выпрацоўкі спажыванай электраэнергіі (Ветракі — 12,3 %, біямаса — 7,9 %, сонечныя фотаэлементы — 5,9 %).[6]

Доля атамных ЭС што ў канцы ХХ ст давалі больш за траціну электраэнергіі, у 2010 зменшылася да 22 %, у 2017 — да 11,63 %[7]. Закрыццё АЭС — балючае для нямецкага ўраду пытанне. У 2002 годзе ўпершыню было вырашана аб закрыцці ўсіх рэактараў да 2022. Фукусімская трагедыя вымусіла канчаткова заняць цвёрдую пазіцыю па гэтым пытанні. Невядома, ці будуць закрыты да 2022 ўсе АЭС, але ўрад Меркель настроены рашуча.

МашынабудаваннеПравіць

У прамысловасці вядучую ролю гуляе машынабудаванне. Яго прадпрыемствы размешчаны амаль ва ўсіх гарадах ФРГ, сярод якіх самымі значнымі цэнтрамі з'яўляюцца Берлін, Мюнхен, Нюрнберг, Франкфурт, Кёльн, Гамбург, Кіль, Лейпцыг, Дрэздэн, Штутгарт, Вольфсбург. Траціну прамысловай прадукцыі дае аўтамабілебудаванне. На працягу 2010-х Германія займае трывалае 4-е месца ў свеце па колькасці выпушчаных аўтамабіляў (у 2017 — 5,7 млн).[8]. Канцэрны «Даймлер», БМВ, «Фольксваген», МАН маюць заводы не толькі на радзіме, але і па ўсім свеце. Найбуйнейшы аўтагігант — Volkswagen Group — у 2016 амаль што пацясніў японскую Таёту і заняў другі радок у спісе аўтамабілебудаўнічых кампаній (10,1 млн адзінак). Даймлер і БМВ размясціліся на 13 і 14 радках з прыблізна 2,5 млн. аўто. [9]. Такім чынам, нямецкія кампаніі даюць 20 % сусветнай вытворчасці аўтамабіляў. Традыцыйна развітая авіяцыйная прамысловасць, якая ў другой палове ХХ ст. трансфармавалася ў аэракасмічную. Галоўныя цэнтры — Мюнхен і Гамбург.

 
Лайнер Silhouette, Папенбург

Цяжкае машынабудаванне засяроджана ў Дуйсбургу, Эсэне, Хемніцы, Аўгсбургу, Франкфурце-на-Одэры — напалову ў былой ГДР. У пачатку ХХІ стагоддзя многія прадпрыемствы галіны былі закрыты або перапрафіляваны. Абсталяванне для паліграфічнай прамысловасці вырабляецца ў Гайдэльбергу, Плаўэен, Хемніцы. У канцы ХХ стагоддзя Германія займала адно з вядучых месцаў у свеце па будаўніцтву марскіх судоў (1-е  — У Еўропе і 3-е — у свеце). Сёння на рынку грузавых суднаў немцаў моцна пацяснілі кітайскія і карэйскія карабелы. Прадпрыемствы ў Брэмене і Папенбурзе выпускаюць круізныя лайнеры і люксавыя яхты.[10] Ва ўсім свеце шырокай папулярнасцю карыстаецца нямецкая электратэхнічная прамысловасць («Сіменс», «Бош»).

Хімічная прамысловасцьПравіць

Германія ўпэўнена займае 2-е месца ў свеце як па экспарце (13 %), так і імпарце (7 %) прадукцыі хімічнай прамысловасці. Па аб'ёмах хімічнай вытворчасці Германія саступае толькі ЗША і Кітаю. Шматгаліновая хімічная і фармацэўтычная прамысловасць выпускае прадукцыю сусветнага ўзроўню (канцэрны «Велла» (Wella AG), «Хенкель» і інш.) Вялікае значэнне мае выпуск сінтэтычных і штучных матэрыялаў і валокнаў. Доўгі час хімічная прамысловасць развівалася на аснове вугальнай сыравіны, таму вытворчасць азотных угнаенняў, выбуховых рэчываў, сінтэтычных смол, каўчуку, пластмас размешчана ў раёнах яго былой здабычы. Развіццё нафтахіміі абумовіла зрух вытворчасці да мора. За часам ГДР у Саксоніі сфармаваўся горна-хімічны цыкл. Тут ёсць паклады мінеральнай сыравіны для хімічнай прамысловасці, з якіх вырабляюць кальцынаваную соду, хлор, магній і інш.

Лёгкая і харчовая прамысловасцьПравіць

Развітыя лёгкая (у т.л. тэкстыльная) і харчовая прамысловасць. На ўвесь свет вядомыя маркі спартыўнай вопраткі і абутку «Адыдас» (8 прадпрыемстваў і 25 даччыных фірмаў у Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Паўночнай Афрыцы) і «Пума» (даччыныя фірмы ў ЗША, Францыі, Швейцарыі, Іспаніі).

Дзясяткі гатункаў піва экспартуюцца ў іншыя краіны Еўропы. Па аб'ёмах піваварнай вытворчасці, экспарту і спажывання яе прадукцыі Германія займае першае месца ў Еўропе, а ў свеце саступае толькі ЗША.

Сельская гаспадаркаПравіць

У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 35 % зямель і вырабляецца каля 1 % ВУП краіны. Пасля аб'яднання двух Германій краіна стала найбуйнейшым сельскагаспадарчым вытворцам Еўропы, аднак высокаінтэнсіўная сельская гаспадарка пакрывае патрэбы насельніцтва і прамысловасці не больш чым на 80 %. Як і Японія, Германія з'яўляецца найбуйнейшым у свеце імпарцёрам сельгаспрадукцыі —  мяса, харчовай і кармавога збожжа, алею, гародніны і садавіны.

Больш за 3/4 кошту сяльгаспрадукцыі дае жывёлагадоўля: развядзенне малочнайбуйной рагатай жывёлы і свінагадоўля (вытворчасць цвёрдых сыроў, масла і мясапрадуктаў). Жывёлагадоўля практычна цалкам задавальняе патрэбы краіны ў мясной і малочнай прадукцыі, асноўная частка якой праходзіць прамысловую перапрацоўку. Па пагалоўі свіней краіна лідзіруе ў Еўропе. Разводзяць таксама авечак і коз, вялікія тэрыторыі займаюць пашы.

Раслінаводства адыгрывае другарадную ролю і спецыялізуецца пераважна на вытворчасці кармоў: кармавых карняплодаў, кукурузы на зялёны корм і сілас, кармавых траў. Іншай важнай прадукцыяй раслінаводства з'яўляюцца збожжавыя: пшаніца, жыта, авёс. Германію адрознівае высокая ўраджайнасць пшаніцы — да 70 ц/га. Харчовым збожжам краіна забяспечвае сябе цалкам, значная частка кармавога збожжа (асабліва кукурузы) імпартуецца. Спецыяльныя гатункi ячменю вырошчваюць для вытворчасці піва.

Сярод іншых напрамкаў вылучаецца вытворчасць цукровых буракоў. Баварыя — найбуйнейшы ў свеце раѐн хмеляводства. Ва Усходняй Германіі вялікія плошчы адведзены пад бульбу. З алейных культур вырошчваюць рапс, пасевы якога значна перавышаюць пасевы сланечніка. У Заходняй Германіі вінаградарства па аб’ѐме таварнай прадукцыі пераўзыходзiць пладаводства і агародніцтва. Вінаградарства і вінаробства лепш за ўсё развіваюцца ў далінах рэк Рэйн і Мозель (знакамітыя Рэйнскія і Мозельскія віны).

ТранспартПравіць

 
Нямецкi аўтабан. На заднiм плане — ветравая ферма

Густая і добра арганізаваная транспартная сетка забяспечвае высокае развіццё эканомікі ФРГ. Цэнтральнае становішча ў Еўропе, інтэнсіўнасць гаспадарчых сувязей з суседнімі краінамі абумовілі вялікую долю трансгранічных перавозак. Самы важны від траспарту — аўтамабільны. Асфальтаваныя шашэйныя дарогі краіны маюць працягласць 644.480 км. (2010) Германія займае адно з першых месцаў па шчыльнасці высакаякасных аўтамабільных дарог (аўтабанаў), якімі перасоўваецца больш за 42 млн аўтамабіляў.

Па працягласці чыгунак Германія сёмая ў свеце (каля 33 500 км, з іх амаль 20 000 — электрыфікаваныя).https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/gm.html Па гушчыні чыгуначнай сеткі Германія нашмат пераўзыходзіць усе краіны большага за сябе памеру.

 
Франкфурцкi аэрпорт — найбуйнейшы паветраны хаб Еўропы

Найбуйнейшыя парты і тэрміналы пабудаваны і эксплуатуюцца ў Брэмене, Дуйсбургу, Брэмерхафене, Гамбургу, Карлсруэ, Любеку, Растоку, Вільгельмсгафене. Камерцыйны марскі флот складаецца з пасажырскіх і  грузавых судоў, кантэйнеравозаў, хімічных і нафтавых танкераў. Важную ролю як суднаходныя шляхі гуляюць рэкі і сістэма каналаў.

Працуе 550 аэрапортаў з выкладзенымі ўзлётна-пасадкавымі палосамі, найбуйнейшыя з іх — у Берліне, Франкфурце-на-Майне, Гановеры, Гамбургу, Кёльне, Мюнхене, Брэмене, Штутгарце.

Трубаправодны транспарт агульнай працягласцю 48 тыс. км транспартуе кандэнсат, газ, нафту, нафтапрадукты. Самую доўгую сетку ўтвараюць газаправоды — больш за 28 тысяч кіламетраў.

Шырокае развіццё атрымалі гарадскі транспарт i сувязь. Менавіта ў Германіі ў 1881 г. адкрылі першую ў свеце трамвайную лінію (Siemenns), а ў 1931 г. ажыццявілі першую тэлевізійную трансляцыю. Карыстальнікамі інтернету з'яўляюцца 72 мільёны чалавек, або 89 % жыхароў краіны. Маецца 106 мільёнаў абанентаў мабільнай сувязі.

ТурызмПравіць

Важнае месца ў эканоміцы займае міжнародны турызм. Найбольшую папулярнасць атрымалі такія курортныя гарады як Бадэн-Бадэн (асноўны цэнтр турызму ў гарах Шварцвальд), Вісбадэн, Байрот, Ахен. Вялікая колькасць музеяў, помнікаў прыроды, гісторыі і архітэктуры старадаўніх нямецкіх гарадоў прыцягвае ў Германію турыстаў з усяго свету ды і самі немцы вельмі любяць падарожнічаць.

Знешні гандальПравіць

Германія займае 3-е месца ў свеце пасля ЗША і Кітая па аб’ѐме знешняга гандлю. Яе доля ў сусветным экспарце тавараў складае 10 %. Экспарт значна перавышае імпарт. У яго структуры дамінуе прадукцыя машынабудавання і хімічнай прамысловасці, але таксама шырока прадстаўлена прадукцыя іншай апрацоўчай вытворчасці. У імпарце, акрамя гатовай прадукцыі, вялікая ўдзельная вага нафты і газу, металургічнай сыравіны, прадуктаў харчавання.

Зноскі