Эскімоска-алеуцкія мовы

Эскімоска-алеу́цкія мовы (таксама вядомыя як эскалеуцкія[1] альбо інуіцка-юпікска-унанганскія[2]) — адна з першасных моўных сем'яў, на мовах якой размаўляюць у Алясцы, поўначы Канады, Грэнландыі і ўсходнім ускрайку Чукоцкага паўвострава. Падзяляецца на дзве галіны — эскімоскую і алеуцкую.

Эскімоска-алеуцкая сям’я
Таксон галіна
Статус агульнапрызнаная
Арэал Аляска, паўночная Канада, Грэнландыя, поўнач Далёкага Усходу Расіі
Колькасць носьбітаў блізу 85 000 чал.
Класіфікацыя
Катэгорыя ???
эскімоска-алеуцкія мовы
Склад
гл. артыкул
Коды моўнай групы
ISO 639-2
ISO 639-5 esx

Алеуцкая галіна ў сваім складзе змяшчае толькі адну мову — алеуцкую, распаўсюджаную на Алеуцкіх астравох і астравох Прыбылова, што на паўднёвы захад ад Аляскі. Мова падзяляецца на некалькі дыялектаў.

Эскімоская галіна мае падзел на дзве групы, юпікскую і інуіцкую. Юпікская група складаецца з некалькіх моваў, распаўсюджаных на захадзе і паўднёвым захадзе Аляскі, а таксама на ўсходзе Чукоткі. Інуіцкая група мае ў сваім складзе толькі адну мову (інуіцкая мова), распаўсюджаную на паўночны ўсход ад арэалу юпікскіх моваў, а менавіта на поўначы Аляскі, Канадзе і Грэнландыі. Інуіцкая мова ахоплівае вялікую тэрыторыю і падзяляецца на некалькі дыялектаў. Геаграфічна суседнія дыялекты лінгвістычна вельмі блізкія адзін да аднаго, тады як дыялекты краёў арэалу інуіцкае мовы (напрыклад, астравоў Дыяміда, што паміж Чукоткай і Аляскай, і ўсходу Грэнландыі) маюць вялікія адрозненні[3], праз што інуіцкую мову нярэдка могуць лічыць некалькімі асобнымі мовамі.

Існуе сірэніцкая мова, клясыфікацыя якой як эскімоска-алеуцкай даведзеная, аднак ня вызначаная яе пазыцыя адносна галінаў сям'і. Некаторымі даследаваннямі мова лічыцца як частка юпікскіх[4], тады як паводле іншых звестак мова лічыцца трэцяй, асобнай галіной у складзе эскімоска-алеуцкае сям'і нараўне зь юпікскай ды інуіцкай.

Паводле даследаванняў амерыканскага Цэнтру карэнных моваў Аляскі, агульная прамова (мова-продак) эскімоска-алеуцкіх моваў падзялілася на эскімоскую ды алеуцкую галіны прынамсі ў раёне 2000 г. да н. э.[3][5]. Каля 5001000 гг. н.э. эскімоскія мовы падзяліліся на юпікскую, інуіцкую групы[5], а таксама, верагодна, на сірэніцкую мову.

Эскімоска-алеуцкія мовы ў культуралагічным і этнаграфічным плане адносяцца да адных з аўтахтонных моваў Паўночнай Амерыкі. Тым ня менш, у лінгвістычным дачыненні эскімоска-алеуцкія мовы ня маюць сувязяў з іншымі сем'ямі аўтахтонных моваў Паўночнай Амерыкі[5], а таксама, як лічыцца, прадстаўляюць зь сябе вынік апошняга дагістарычнага перасялення людзей з Азіі.

Унутраная класіфікацыя правіць

Эскімоска-алеуцкія мовы падзяляюцца на дзве галіны — алеуцкую ды інуіцкую. Яны ў сваю чаргу маюць падзел на групы моваў або на асобныя мовы.

  • Эскімоска-алеуцкая сям'я
    • Алеуцкая галіна
      • Заходнія, цэнтральныя (атканскі, атуанскі, унанганскі, бэрынгаўскі), усходнія (уналаскінскі, прыбылоўскі) дыялекты
    • Эскімоская галіна
      • Юпікская група
        • Цэнтральна-юпікская мова
          • Уласнацэнтральна-юпікскі дыялект/мова (таксама вядомы як югтун)
          • Чэвацкая чупіцкая
          • Нунівацкая чупіская
        • Алютыцкая мова
        • Юіцкая падгрупа/юіцкая мова (цэнтральна-сыбірская юпікская)
          • Наўканская мова/дыялект
          • Чаплінская мова/дыялект
        • Сірэніцкая мова (часам лічыцца асобнай, трэцяй галіной, роўнай паводле статусу эскімоскай і алеуцкай)
      • Інуіцкая група/мова
        • Мова інупіят (або аляскінска-інуіцкія мовы)
          • Кавіярак
        • Інувіялуктун
          • Кангір'юарміютун
          • Сіглітун
          • Уўмарміютун
        • Інуктытут
          • Нунатсіявуміютут
          • Інутытут
        • Калаалісут (грэнландская мова)
          • Інуктун
          • Тунуміісут

Меркаванні наконт роднасці эскімоскіх і алеуцкіх моваў (і, адпаведна, складанні імі агульнага моўнага таксону) выказваліся з сярэдізны ХІХ ст. (Веніямінаў, Раск, Багараз, Іёхельсан). У 1951 годзе аднаразова і, хутчэй за ўсё, незалежна, з'явіліся два артыкулы К. Бэргслянда й Г. Марша ды М. Сўодэша, пасля якіх гэтую роднасць можна лічыць даведзенай. Алеуцкая й эскімоскія мовы на цяперашні момант не з'яўляюцца ўзаемназразумелымі.

Мяжа паміж інуіцкімі й юпікскімі мовамі праходзіць праз пасёлак Уналакліт, што на захадзе Аляскі.

Пытанне знешняй класіфікацыі правіць

Эскімоска-алеуцкія мовы ня маюць лінгвістычных сувязяў з любой іншай прызнанай лінгвістамі моўнай сям’ёй у свеце (напрыклад, індаэўрапейскай); у прыватнасці, у лінгвістыцы існуе згода наконт адсутнасці сувязяў з моўнымі сем’ямі Паўночнай Амерыкі. У расійскай лінгвістычнай літаратуры эскімоска-алеуцкія мовы адносяць да палеаазіяцкіх, што, аднак, засноўваецца на тэрытарыяльнай прыкмеце.

Незважаючы на гэта, у лінгвістыцы высоўваюцца гіпотэзы па знаходжанні роднасці між эскімоска-алеуцкай ды іншымі моўнымі сем'ямі і, такім чынам, аб’яднанні іх у вышэйшыя таксоны — макрасем’і. У падобных гіпотэзах звычайна разглядаюцца мовы Еўразіі або Паўночнай Амерыкі.

Так, у 1818 годзе дацкі лінгвіст Расмус Раск заўважыў наяўнасць падабенстваў між грэнландскай і фінскай мовамі (апошняя ўваходзіць ва ўральскую сям’ю).

Зь іншых падобных гіпотэзаў адзначаецца ўрала-сыбірская гіпотэза, сфармуляваная брытанскім лінгвістам-паўночназнаўцам Майклам Фортэск’ю ў 1998 годзе. У 2000—2002 гадох амэрыканскім лінгвістам Джозэфам Грынбэргам была прапанаваная гіпотэза еўраазіяцкіх моваў, у якую ўваходзяць, апрача эскімоска-алеуцкіх, усе моўныя сем’і паўночнай Еўразіі за выняткам енісейскіх.

Нідэрландскім лінгвістам Крыстыянам Уленбэкам прапаноўвалася сувязь эскімоска-алеуцкіх зь меркаванай урала-алтайскай макрасям'ёй на аснове шэрагу падобных суфіксаў; падобная гіпотэза падтрымлівалася й Арэльенам Саважо, але ўжо па прыкмеце нібыта поўнай структурнай ідэнтычнасці сыстэмы спражэння, прыналежных формаў імя, супадзенняў у спосабе ўтварэння прыналежнае канструкцыі. Падобная вэрсія падзялялася Т. Ульвінгам, які ўказваў, што градацыя зычных у эскімоскіх адносіцца да таго ж тыпу, што й ва ўральскіх. Тым ня менш, два апошнія даследчыкі дапускалі недакладнасці ў перадачы эскімоскіх словаў. Гіпотэзу сувязі з урала-алтайскімі мовамі падтрымліваў Бэргслянд — на аснове значнай структурнай ідэнтычнасці па ўсіх узроўнях, з прыцягненнем алеуцкага матэрыялу.

Фортэск'ю, грунтуючыся на падабенстве марфалагічных паказчыкаў (у прыватнасці склонавых), прадпрымаў спробу збліжэння эскімоска-алеуцкіх з юкагірскімі мовамі (усход Якутыі, Расія).

Расійскі лінгвіст Алег Мудрак абгрунтоўвае настратычнае паходжанне базіснае лексыкі, пры гэтым яна аказваецца асабліва блізкай да алтайскай[6]

Ставіліся спробы абгрунтаваць сувязь эскімоска-алеуцкіх моваў з індаеўрапейскімі. Так, Уленбэк знаходзіў між сем'ямі 40 лексычных сыходжанняў, Талбітцэр налічваў каля 60 агульных каранёў з улікам паправак у матэрыял Уленбэка і ўлікам новых звестак індаеўрапэістыкі (гецкая мова). Гамэрыг знаходзіў сыходжанні ў галіне структуры слова, указваў на мажлівасць існавання ў праіндаеўрапейскай мове склонавае сістэмы эскімоскага тыпу, прыцягваў ларынгалы для тлумачэння ўвулярных у эскімоскіх.

У 1960 годзе амэрыканскім лінгвістам і антраполагам Морысам Сўодэшам была прапанаваная сувязь эскімоска-алеуцкіх моваў з ўакаскімі мовамі (усход Брытанскае Калумбіі). Гэтая тэорыя была падтрыманая і пашыраная Янам Генрыкам Гольстам[7].

Н. Хольмэр ставіць спробы збліжэння эскімоскіх з мовамі кечуа і квакіютль. Гэтае збліжэнне ажыццяўляецца хутчэй у тыпалагічным плане, але не выключае й генэтычныя сувязі.

Асноўныя рысы правіць

Дзве галіны ў складзе сям'і — алеуцкая й эскімоскія мовы — паспелі разысціся да такой ступені, што маюць адрозненне прыкладна на ўзроўні адрозненняў турэцкай і японскай моваў[8]. Тым ня менш, абедзве галіны маюць агульныя як фанетычныя, так і граматычныя рысы, што дало падставу для іх аб'яднання ў адзіную сям'ю.

Мовы эскімоска-алеуцкае сям'і ў марфалагічным плане адносяцца да полісінтэтычных моваў[9], словаўтварэнне — выключна суфіксальнае (за выключэннем адной прыстаўкі ў інуктытуце, якая ўзнікае ў займенніках). Абедзве галіны ў складзе сям'і характарызуюцца як аглютынацыйныя, пры гэтым эскімоскія маюць большыя адхіленні ў бок фузіі. Колькасць марфалагічных парадкаў у эскімоскіх большая за алеуцкую; асноўныя іменныя катэгорыі — склон, лік, прыналежнасць, час, лад, транзытыўнасць, каўзатыўнасць, мадальнасць, фазавасць, якасныя й ацэнкавыя характарыстыкі дзеяння — у абедзвюх галінах падобныя.

Кожнае слова павіннае змяшчаць адзін корань, які ставіцца ў пачатак слова[10]. Эскімоска-алеуцкія мовы маюць адносна невялікую колькасць каранёў — напрыклад, цэнтральна-юпікская мова мае толькі прыблізна 2000 каранёў[11]. Аднак маюцца дадатковыя часціцы, якія дапасоўваюцца да каранёў і дапаўняюць ягоны сэнс; у выпадку, калі значэнне слова патрабуе наяўнасці толькі гэтае часціцы, дадаецца нейтральны корань (напрыклад, pi у цэнтральна-юпікскай ды інуктытуце).

Пасля падобных часціцаў месцяцца суфіксы, якія маркіруюць склон (у назоўніку) або асобу і лад (у дзеясловах). Колькасць склонаў адрозніваецца ў залежнасці ад мовы: напрыклад, алеуцкія мовы маюць меншую колькасць склонаў, чым у эскімоскіх. У граматыцы адзначаецца эргатыўная тыпалогія. Ва ўсіх эскімоска-алеуцкіх мовах маецца абавязковае ўзгадненне дзеяслову з агенсам ды пацыенсам у пераходных клаўзах — для гэтае мэты існуюць спэцыяльныя суфіксы, што выкарыстоўваюцца ў даданых сказах.

У канцы словаў могуць дадавацца клітыкі, напрыклад, са значэннем «але».

Фаналагічна эскімоска-алеуцкія мовы маюць падабенствы з іншымі мовамі Паўночнай Амерыкі і Далёкага Ўсходу Расіі. З галосных адзначаюцца толькі /a, i, u/, аднак у некаторых юпікскіх дыялектах маецца таксама й /ə/. У мовах эскімоска-алеуцкае сям'і адсутнічаюць абруптыўныя зычныя, але ёсць глухія выбухныя ў білябіяльнай, пярэднеязычнай, вэлярнай і ўвулярнай пазыцыях; выключэнне складае алеуцкая мова, фанетыка якой страціла білябіяльныя выбухныя, але захавала насавыя. На вышэйпамянёных пазыцыях існуе супрацьпастаўленне звонкіх і глухіх фрыкатываў, фанетычныя лады эскімоскіх моваў маюць таксама глухі альвэалярны латэральны фрыкатыў. Шматлікія дыялекты алеуцкай і юпікскай моваў маюць супрацьпастаўленне глухіх насавых.

Дадатковыя звесткі правіць

Эскімоскія мовы занесеныя ў Кнігу рэкордаў Гінэса як адныя з найскладанейшых моваў сьвету. У рэкордным сьпісе яны згадваюцца разам з мовамі чыпэва, гайда, табасаранскай і кітайскай мовамі.

Зноскі

  1. Fleming, Harold C. 4.1/2 // Towards a definitive classification of the world's languages. — Diachronica, 1987. — С. 159—223.
  2. Пераважна ў англамоўнай лінгвістычнай літаратуры, гл. напрыклад Gary Holton.. Overview of Comparative Inuit-Yupik-Unangan (англ.). University of Alaska Fairbanks (16 кастрычніка 2012). Праверана 21 студзеня 2014.
  3. а б Kaplan, Lawrence. Inupiaq and the Schools — A Handbook for Teachers / McGary, Jane. — Alaska Native Language Center, University of Alaska Fairbanks, 1984.
  4. Напрыклад, паводле Ethnologue.
  5. а б в Jacobson, Steven. Central Yupik and the Schools — A Handbook for Teachers. — Alaska Native Language Center, University of Alaska Fairbanks, 1984.
  6. Oleg A. Mudrak. 3 // Kamchukchee and Eskimo Glottochronology and Some Altaic Etymologies Found in the Swadesh List. — Аспекты компаративистики. — М.: изд. РГГУ, 2008. — С. 297-336.
  7. Jan Henrik Holst. Einführung in die eskimo-aleutischen Sprachen. — Buske Verlag.
  8. М. Т. Дьячок, В. В. Шаповал. Основные положения генеалогической классификации языков. — Генеалогическая классификация языков. — Новосибирск, 2002. — С. 32.
  9. Mattissen, Johanna. Ontology and Diachrony of Polysynthesis / Wunderlich, Dieter. — Advances in the Theory of the Lexicon. — С. 291-294. — ISBN 3-11-019019-2.
  10. Mattissen, Johanna. Dependent–Head Synthesis in Nivkh: A Contribution to a Typology of Polysynthesis. — С. 282. — ISBN 90-272-2965-1.
  11. Garry, Jane; Rubino, Carl R. Galvez. Facts about the World's Languages. — An Encyclopedia of the World's Major Languages. — С. 842-844. — ISBN 0-8242-0970-2.

Літаратура правіць

  • Bernet, John W. An Anthology of Aleut, Eskimo, and Indian Literature of Alaska in English Translation. — Fairbanks, Alaska, 1974.
  • Conference on Eskimo Linguistics, and Eric P. Hamp. Papers on Eskimo and Aleut Linguistics. — Chicago: Chicago Linguistic Society, 1976.
  • Dumond, Don E. On Eskaleutian Linguistics, Archaeology, and Prehistory. — 1965.
  • Fleming, Harold C. 4.1/2 // Towards a definitive classification of the world's languages. — Diachronica, 1987. — С. 159-223.
  • Fortescue, Michael D. Some Problems Concerning the Correlation and Reconstruction of Eskimo and Aleut Mood Markers. — København: Institut for Eskimologi, Københavns Universitet, 1984. — ISBN 87-87874-10-5.
  • Fortescue, Michael D., Steven A. Jacobson, Lawrence D. Kaplan. Comparative Eskimo Dictionary with Aleut Cognates. — Fairbanks, Alaska: Alaska Native Language Center, University of Alaska, Fairbanks, 1994. — ISBN 1-55500-051-7.
  • Fortescue, Michael. Language Relations across Bering Strait: Reappraising the Archaeological and Linguistic Evidence. — London and New York: Cassell, 1998. — ISBN 0-304-70330-3.
  • Greenberg, Joseph H. Volume 1: Grammar // Indo-European and Its Closest Relatives: The Eurasiatic Language Family. — Stanford, California: Stanford University Press, 2000.
  • Greenberg, Joseph H. Volume 2: Lexicon // Indo-European and Its Closest Relatives: The Eurasiatic Language Family. — Stanford, California: Stanford University Press, 2002.
  • Holst, Jan Henrik. Einführung in die eskimo-aleutischen Sprachen. — Hamburg: Buske, 2005.
  • Marsh, Gordon H. The Linguistic Divisions of the Eskimo–Aleut Stock. — 1956.
  • Swift, Mary D. Time in Child Inuktitut: A Developmental Study of an Eskimo–Aleut Language. — Studies on Language Acquisition 24. — Berlin: Mouton de Gruyter, 2004. — ISBN 3-11-018120-7.
  • Меновщиков Г. А. Эскимосско-алеутские языки. — Языки Азии и Африки. — М., 1979. — Т. ІІІ.
  • Bergsland K. 61 // The Eskimo-Uralic Hypothesis. — Journal de la Societe Finno-Ougrienne. — 1959.
  • Hammerich L. L. The Eskimo Language. — Oslo, 1970.
  • Hamp E. P. On Eskimo-Aleut and Luoravetlan / Eric P. Hamp. — Papers on Eskimo and Aleut Linguistics. — Chicago: Chicago Linguistic Society, 1976. — С. 81-92.
  • Holst, J. H. Einführung in die eskimo-aleutischen Sprachen. — Hamburg, 2005.
  • Krauss M. 2 // Eskimo-Aleut. — Current Trends in Linguistics. — 1973. — Т. Х.
  • Swadesh M. 17-18 // Unaaliq and Proto-Eskimo. — International Journal of American Linguistics. — 1951-1952. — Т. I—V.
  • Vakhtin N. B., Golovko E. V. 11 // The Relations in the Yupik Eskimo Sub-Group According to Lexicostatistics. — Études Inuit Studies. — 1987. — Т. 1.
  • Woodbury A. Eskimo-Aleut / D. Damas. — Handbook of American Indian Languages.

Спасылкі правіць