Ян Давід Голанд
Ян (Ёган) Давід Голанд (ням.: Johann David Holland; 17 сакавіка 1746, Санкт-Андрэасберг, Германія — 26 снежня 1827, Вільня) — нямецкі кампазітар і дырыжор, кіраўнік нясвіжскай капэлы, выкладчык музыкі ў Віленскім універсітэце.
Ян Давід Голанд | |
---|---|
Дата нараджэння | 17 сакавіка 1746[1][2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 26 снежня 1827[1][2] (81 год) |
Месца смерці | Вільня |
Краіна | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | кампазітар, музыказнавец, прафесар |
Біяграфічныя звесткі
правіцьНайбольш раннія звесткі пра Я. Голанда адносяцца да 1760-х, калі ён быў ужо дастаткова аўтарытэтным кампазітарам. З 1771 года жыў у Гамбургу, адным з буйнейшых у Еўропе цэнтраў канцэртна-тэатральнага жыцця таго часу. Займаў пасаду дырэктара музыкі гамбургскага кафедральнага сабора. Творы Я. Голанда — сімфоніі, кантаты і араторыі, вакальныя і інструментальныя п'есы — пастаянна выконваліся ў канцэртах, друкаваліся ў розных зборніках.
На пачатку 1780-х гадоў уладальнік Нясвіжа Караль Станіслаў «Пане Каханку» Радзівіл запрасіў Я. Голанда на пасаду дырыжора нясвіжскай капэлы. У оперна-балетным тэатры Нясвіжа ў той час ставіліся многія класічныя творы замежных і мясцовых аўтараў. Менавіта тут Я. Голанд упершыню звярнуўся да оперна-балетных жанраў. 17 верасня 1784 года ў Нясвіжы адбылася прэм'ера оперы Я. Голанда «Агатка, або Прыезд пана» (дырыжыраваў Д. Альберціні[4]). Гэта была адна з першых опер, створаных і пастаўленых у Беларусі ў XVIII ст. Напісаная з нагоды прыезду ў Нясвіж караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, яна набыла асаблівую вядомасць і больш за сорак год ішла на сцэнах тэатраў Рэчы Паспалітай. Лібрэта да оперы «Агатка» стварыў князь Мацей Радзівіл, які сам быў музыкантам-аматарам. Опера адрозніваецца кампазіцыйна-драматургічнай дасканаласцю, найбольшую эмацыянальную нагрузку ў ёй нясе музыка. Арыентаваная на класічны стыль, яна разам з тым насычана мясцовым нясвіжскім фальклорам. У Нясвіжы кампазітар напісаў і іншыя творы — оперу «Чужое багацце нікому не служыць» і балет «Арфей і Эўрыдыка» (або «Арфей у пекле»), а таксама кантату, прысвечаную Каралю Радзівілу.
Амаль дваццаць год працаваў Я. Голанд у Нясвіжы. У пачатку XIX ст. ён пераехаў у Вільню, дзе на працягу 23 год выкладаў музыку ў Віленскім універсітэце, кіраваў універсітэцкім хорам і аркестрам, працягваў пісаць музыку. Тут ён напісаў і сваё самае значнае тэарэтычнае даследаванне — падручнік «Акадэмічны трактат аб сапраўдным мастацтве музыкі», у свой час шырока вядомы і папулярны сярод музыкантаў.
Творчая спадчына
правіцьТворчасць Яна Давіда Голанда ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. аказала значны ўплыў на развіццё беларускай музычнай школы эпохі класіцызму.
Да 2006 г. было завершана аднаўленне камічнай оперы кампазітара «Чужое багацце нікому не служыць». Сюжэт твора, упершыню пастаўленага ў 1785 г. ў Нясвіжскім тэатры магнацкага роду Радзівілаў, уяўляе сабой класічны ўзор камічнай оперы свайго часу. Кася — дачка багатага ўдаўца Чужапанка — пакахала парабка Янака. Аднак прагны бацька не жадае аддаваць дачку з зайздросным пасагам свайму халопу. Але дзякуючы фантазіі Янака, Чужапанак дае згоду на шлюб. Да нашых дзён дайшлі толькі партыі першай скрыпкі і кантрабаса, а таксама вакалу з тэкстам. Пераклад арый і дуэтаў з польскай на беларускую мову зрабіў Васіль Сёмуха, а драматург Сяргей Кавалёў аднавіў згубленыя дыялогі. Мастацкі кіраўнік ансамбля салістаў «Класік-авангард» Уладзімір Байдаў стварыў аркестравыя аранжыроўкі, паводле складу нясвіжскага аркестра апошняй трэці XVIII ст. Камерная партытура оперы, дзейныя асобы ў якой — усяго тры персанажы, робяць твор прывабным для сучаснага тэатральнага жыцця. 7 ліпеня 2009 г. ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета адбылася прэм'ера опернага спектакля «Чужое багацце нікому не служыць».
Раней на беларускай мове гучала ўжо опера Я. Голанда «Агатка», адноўленая ў 1995 «Беларускай капэлай».
Зноскі
- ↑ а б Johann David Holland // CERL Thesaurus — Consortium of European Research Libraries.
- ↑ а б Catalog of the German National Library Праверана 31 мая 2020.
- ↑ Catalog of the German National Library Праверана 10 чэрвеня 2020.
- ↑ Алексютович Константин Андреевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 19. — 737 с.
Літаратура
правіць- Голанд Ян Давід // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 322. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- Голанд Ян Давід // Энцыкл. гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 55.
- Голанд Ян Давід // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 231. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Голанд Ян Давід // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / пад агул. рэд. А. В. Сабалеўскага. — Мінск, 2002. — Т. 1. — С. 270.
- Дадзіёмава, В. У. Музычная культура Беларусі XVIII стагоддзя : гіст.-тэарэт. даслед. / В. У. Дадзіёмава. — Мінск : [Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі], 2002. — 383 с. Пра Я. Голанда гл. с. 171—186.
- Дадзіёмава, В. У. Ян Голанд / В. У. Дадзіёмава // Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. — Мінск, 2001. — С. 149—168.
- Дадзіёмава, В. Еўрапейская славутасць, якая належыць і нам / Вольга Дадзіёмава // Беларусь. 1996. № 3. С. 20—21.
- Кавальчук, Н. Опера Я. Д. Голанда «Чужое багацце нікому не на карысць» у яе сувязях з заходнееўрапейскім музычным мастацтвам / Н. Кавальчук // Музычная культура Беларусі : гіст. шлях, кантакты : матэрыялы X Навук. чытанняў памяці Л. С. Мухарынскай (1906—1987) (Мінск, 5—6 крас. 2001 г.) — Мінск, 2002. — С. 67—71.
- Куляшова, Г. Р. «Агатка, или Приезд пана» Я. Д. Голланда в контексте европейского и белорусского оперного творчества / Куляшова Галіна Рыгораўна // Пяты фестываль камернай музыкі «Музы Нясвіжа» : матэрыялы навук. канф. на тэму : «Помнікі мастацкай культуры Беларусі : гісторыя і сучаснасць», 13 мая 2000 г. Нясвіж, 2000. — С. 21—27.
- Нікуліна, А. «Акадэмічны трактат аб сапраўдным мастацтве музыкі» Я. Д. Голанда / А. Нікуліна // Музычная культура Беларусі : дыялог часоў : матэрыялы VI Навук. чытанняў памяці Л. С. Мухарынскай (1906—1987) (г. Мінск, 4 крас. 1997 г.). — Мінск, 1997. — С. 121—126.
- Скарабагатаў, В. Беларуская Агатка ды аўстрыйскі Фігара : (оперна-гіст. параўнанні) / Віктар Скарабагатаў // Зайгралі спадчынныя куранты : цыкл нарысаў з гісторыі прафесійнай муз. культуры Беларусі. — Мінск, 1998. С. 31-36.
- Скарабагатаў, В. Ян Давід Голанд і ягоная опера «Агатка, або Прыезд пана» / Віктар Скарабагатаў // Роднае слова. 1996. № 4. С. 165—166. (Анталогія беларускага раманса).