Ян Каханоўскі

(1894—1942) заснавальнік Гродзенскага заапарка

Ян (Юзэфавіч) Каханоўскі — выкладчык мужчынскай гімназіі Гродна, стваральнік Гродзенскага заапарка. Падчас нацысцкай акупацыі быў як закладнік расстраляны на форце №2 Гродзенскай крэпасці каля вёскі Навумавічы[1].

Ян Каханоўскі
Дата нараджэння 1894
Дата смерці 20 кастрычніка 1942(1942-10-20)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства

Дзейнасць

правіць

Ян Каханоўскі, як арганізатар і педагог, карыстаўся вялікім аўтарытэтам у Гродне. Яму ўдалося аб’яднаць настаўнікаў біялогіі школ горада. На рэгулярных сумесных пасяджэннях пад яго старшынством абмяркоўвалі пытанні выкладання біялогіі, аховы і вывучэння мясцовай прыроды.

У 1924 годзе Каханоўскі быў адным з ініцыятараў стварэння ў Гродне Таварыства аматараў прыроды[2].

Стварэнне школьнага батанічнага сада

правіць

Першы ў Беларусі заапарк быў створаны ў Гродне настаўнікамі і вучнямі польскай Гродзенскай мужчынскай гімназіі імя Адама Міцкевіча. Ініцыятарам стварэння быў настаўнік гэтай гімназіі Яна Каханоўскага.

Гімназія дзейнічала ў Гродне з 1920 года на месцы былога рэальнага вучылішча імя царэвіча Аляксея. Будынак для яго быў пабудаваны ў 1910-1913 гг. на мяжы гістарычнага раёна Новы свет, у паўночна-ўсходняй частцы былога батанічнага саду медыцынскай акадэміі, які існаваў у часы Рэчы Паспалітай у 1776-1781 гг..[3]

Ян Каханоўскі пры падтрымцы Таварыства аматараў прыроды дамогся ад магістрата дазволу закласці навучальны батанічны сад. На тэрыторыі плошчай 0,3 га, прылеглай да гімназіі, у 1926 г. былі разбітыя градкі і клумбы. Падбор раслін ажыццяўляўся ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай гімназіі. У першы год існавання ў батанічным садзе расло 309 відаў раслін. У 1928 г. колькасць іх павялічылася да 830, уключаючы дрэвы і хмызнякі. Для лепшага разумення развіцця прыроды расліны ў садзе былі падзеленыя па групах і тыпах з улікам сістэматыкі. Іх вырошчваннем займаліся навучэнцы, члены гуртка аматараў прыроды, які дзейнічаў пры гімназіі з 1920 года[3].

У 1926 годзе ў батанічным садзе гімназіі адбылася 51 экскурсія з удзелам 1364 дзяцей, у 1927 — адпаведна 67 і 1832, у 1928 — 109 і 3385.

Ідэю батанічнага саду падтрымаў магістрат і стаў аказваць яму фінансавую дапамогу. У 1926 годзе ім выдзелена гімназіі 950 злотых, у 1927 — 1200, на 1928 планавалася 1600 злотых. Школьны інспектарат і дырэктары школ абавязаліся штогод адлічваць па 100 злотых. Але гэтыя паступленні былі нерэгулярнымі, і гімназія пастаянна адчувала цяжкасці ва ўтрыманні батанічнага саду.

Стварэнне гарадскога заапарка

правіць

Нягледзячы на праблемы, Яну Каханоўскаму ўдалося не толькі захаваць батанічны сад, але і значна пашырыць яго. Перадусім - за кошт стварэння ў двары гімназіі жывога кутка. Першым яго жыхаром быў паранены чорны бабёр, якога знайшлі нёманскія рыбакі побач з мястэчкам Лунна і якога Каханоўскі забраў у Гродна. Неўзабаве побач з клеткай чорнага бабра з’явіліся вальер з казой, клеткі з барсукамі і вожыкамі, зайцамі і ваўком. Першапачаткова мелася 17 відаў звяроў і птушак, пераважна мясцовых, у тым ліку рэдкіх.

 

Другі аддзел, які Каханоўскі стварыў пры школьным батанічным садзе, меў вытворчую накіраванасць: Каханоўскі імкнуўся прыцягнуць моладзь да вырошчвання тутавага шаўкапрада і гэтую новую прамысловую галіну ўкараніць у мясцовыя гаспадаркі для павышэння даходаў.

Пасля пашырэння сад стаў называцца біялагічным. Але з-за малой плошчы цяжка было ўтрымліваць жывёл, для іх не хапала памяшканняў. Яну Каханоўскаму ўдалося пры падтрымцы грамадскасці дамагчыся ад магістрата перадачы для будучага заапарка закінутага гарадскога велатрэка. Туды пасля правядзення рамонтна-прыстасавальных работ і быў пераведзены заалагічны аддзел. У далейшым ён стаў называцца заалагічным садам. Матэрыяльную дапамогу ў яго ўтрыманні аказвала гарадское таварыства аматараў прыроды, таму наведваць яго дазвалялася і гарадскім жыхарам.

Дагэтуль аднак няма яснасці з датай і нават канрэтным годам, якія трэба лічыць годам заснавання заапарка: аўтары ў артыкулах і кнігах называюць розныя гады паміж 1927 і 1930[3]. Гісторык Андрэй Чарнякевіч сцвярджае, што перасяленне жывёл на новае месца, адмыслова адведзенае пад заапарк, адбылося 7 верасня 1929 года[4].

Па гарадской легендзе, якую пераказваў пісьменнік Аляксей Карпюк, да развіцця гродзенскага заапарка спрычыніўся прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі, які ў 1933 годзе наведаў Гродна. Быццам бы Ян Каханоўскі змог тады пагутарыць з ім і паскадзіцца, што новаствораны заапарк мае малую тэрыторыю. Пасля гэтага гарадскія ўлады выкупілі ў князя Яна Друцкага-Любецкага кавалак зямлі для пашырэння заапарка. Гэта паспрыяла таму, што да 1939 г. гродзенскі заапарк стаў самым лепшым заапаркам міжваеннай Польшчы пасля варшаўскага і познаньскага[5].

 

Так дзякуючы намаганням Каханоўскага сціплы заалагічны куток Таварыства аматараў прыроды вырас у заапарк, у якім да 1941 года налічвалася каля 400 жывёл і птушак.

Ян Каханоўскі ў гады другой сусветнай вайны

правіць

Напярэдадні вайны Ян Каханоўскі жыў з сястрой Зоф’яй, таксама настаўніцай, ва ўласным доме па вуліцы 11-га лістапада (цяпер 17-га верасня). Яго, як вядомага прадстаўніка інтэлігенцыі, немцы бралі ў закладнікі неаднаразова. Па горадзе нават хадзіла пагалоска, што ён насіў з сабой падушачку на выпадак чарговага арышту[3].

13 кастрычніка 1942 года нямецкі патруль у Гродне спыніў мясцовага жыхара Вітальда Матушэўскага з гружаным возам. Ён вёз кантрабанду і пачаў стральбу па патрулі. У выніку перастрэлкі загінуў нямецкі салдат, а мясцовы жыхар, што служыў паліцэйскім, быў паранены і пазней памёр у лякарні. Матушэўскаму ўдалося збегчы.

За забіты патруль нямецкія акупацыйныя ўлады запатрабавалі неадкладнай выдачы вінаватага і далі тэрмін да 18 кастрычніка. У адваротным выпадку абяцалі ўзяць у закладнікі і расстраляць 100 чалавек з мясцовага насельніцтва. Калі да прызначанай даты вінаваты не з’явіўся, немцы, як і абяцалі, узялі ў закладнікі людзей. У асноўным гэты былі прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі: лекары, святары, настаўнікі і іншыя спецыялісты. Сярод іх апынуліся заснавальнік заапарка Ян Каханоўскі і педагог Юзаф Вевюрскі — дырэктар школы №8, дэпутат гарадской рады, бацька шасцярых малалетніх дзяцей[6].

Грамадскасць горада звярталася да акупацыйных улад з просьбай аб вызваленні закладнікаў. Спрабавалі нават падкупіць гестапа вялікай сумай грошай пад выглядам «дапамогі да зімы». Адзінае, на што пагадзіўся шэф гестапа Фром, — расстраляць не 100, а толькі 25 закладнікаў. Адбор праходзіў у турэмным калідоры: з шыхту вывелі кожнага чацвёртага. У лік ахвяр патрапіў і Юзаф Вевюрскі, жонка якога была на апошніх месяцах цяжарнасці. Тады Ян Каханоўскі, які атрымаў магчымасць выйсці на свабоду, звярнуўся да нямецкага афіцэра з просьбай уключыць яго ў лік асуджаных да расстрэлу замест Юзафа Вевюрскага. У Каханоўскага на той момант не было сваёй сям’і, бо многія гады ён неўзаемна кахаў адну замужнюю жанчыну, а ўсё яго жыццё запаўнялі любімая праца і грамадская дзейнасць[7].

20 кастрычніка 1942 г. Яна Каханоўскага і астатніх асуджаных — 20 жыхароў з Гродна і 5 з прыгарадных вёсак — даставілі да форта паблізу в. Навумавічы, дзе расстралялі. Імёны многіх з іх захаваліся на помніку, устаноўленым у 1990 годзе.

Каб сваякі не маглі забраць расстраляных, месца пахавання зраўнялі з зямлёй, некаторы час яго ахоўвалі. Тым не менш, Валянціна Кунаховіч (якая неўзаемна кахала Яна Каханоўскага), па ўспамінах яе знаёмых, здолела нейкім чынам перапахаваць цела каханага. Да гэтага часу на старых каталіцкіх могілках у Гродне захавалася магіла, на надмагільным помніку якой паказана, што ў ёй спачываюць браты Каханоўскія: Баляслаў (дата смерці 1934 г.) і Ян (дата гібелі 1942)[8][9].

Юзаф Вевюрскі праз год зноў быў арыштаваны немцамі і як закладнік расстраляны.

Дом Каханоўскага

правіць

Ян Каханоўскі жыў у гродзенскім раёне Новы свет[10]. Дакладны адрас дома, дзе жыў Ян Каханоўскі, атрымалася выявіць у дакументах Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці. У дакуменце гаворка ідзе аб рашэнні № 462 ад 29 верасня 1945 года выканкама Гродзенскага гарсавета ў адказ на зварот сястры Яна Каханоўскага Соф’і Іосіфаўны Каханоўскай з просьбай перадаць ёй дом брата. Тэкст рашэння:

«Заслушав доклад зав. Горкомхозом о передаче гражданке Кохановской С. И. двухэтажного деревянного дома по ул. 17-ое Сентября № 42 и учитывая, что в вышеозначенном доме имеется полезной площади 143.00 кв. м. и владельцем дома является Кохановский Иван Иосифович (со слов Кохановской Софии — расстрелян фашистами), а гражданка Кохановская С. И. является сестрой погибшего.

Исполком Гродненского Городского Совета Депутатов Трудящихся р е ш а е т:

В передаче деревянного дома, расположенного по ул. 17-ое Сентября № 42 гр-ке Кохановской Софие Иосифовне отказать, так как вышеозначенный дом по своим размерам превышает установленную норму 113.00 кв. м. и подлежит муниципализации и что гр-ка Кохановская С. И. не была владелица поименованного дома.

В целях оказания помощи гр-ке Кохановской Софие Иосифовне в части ремонта её жилплощади, предложено инженеру Горкомхоза произвести обследование жилищно-бытовых условий Кохановской С. И. и о результатах доложить Исполкому».

У сярэдзіне 1960-х гадоў на вул. 17 верасня ў Гродне пачалося ўзвядзенне новага будынка сярэдняй школы № 2. Для будаўніцтва была абраная пляцоўка на цотным баку вуліцы, за скверам, які працягнуўся ўздоўж вуліцы. Сярод пяці адна-двухпавярховых дамоў сядзібнага тыпу ў глыбіні сквера, якія падлягалі зносу, быў і дом Яна Каханоўскага.

Ушанаванне памяці Каханоўскага

правіць

У Гродне яго імем названа вуліца каля заапарка, якая раней у розныя часы называлася Станіславоўская, Krzyżaki, Gutsstrasse, Учхозаўская[11][4].

Зноскі

  1. Ф – Фарты. Гродзенская крэпасць, якая перажыла дзве сусветныя вайны . Hrodna.life (12 лютага 2024). Праверана 12 лютага 2024.
  2. Знаёмства з кнігай: Гісторыя гродзенскага заапарка . Hrodna.life (12 лютага 2024). Праверана 12 лютага 2024.
  3. а б в г Игнатович Ф.И., Тарасюк Д.П. История Гродненского зоопарка. — Гродно: ЮрСаПринт, 2018. — С. 29—40. — 262 с.
  4. а б Чернякевич А. Н., Трусов И. Г. «Новый Свет» и его окрестности. — Минск: Лимариус, 2009. — С. 10. — 68 с.
  5. У Гродна едзе Пан Прэзідэнт. Не той, што вы падумалі . Hrodna.life (12 лютага 2024). Праверана 12 лютага 2024.
  6. “Усэмка” на Базыліянскай: школа, якая памятае страшныя часы . Hrodna.life (12 лютага 2024). Праверана 12 лютага 2024.
  7. Па слядах Каханоўскага: як пад Гродна ў кастрычніку 1942 года расстралялі мясцовую інтэлігенцыю . Hrodna.life (12 лютага 2024). Праверана 12 лютага 2024.
  8. HL. Апошняя прыборка на Фарных могілках: гродзенцаў запрашаюць прыняць удзел . Hrodna.life (1 жніўня 2019). Праверана 12 лютага 2024.
  9. Комплекс старых гродзенскіх могілак(нявызн.)(недаступная спасылка). harodnia.comharodnia.com. Архівавана з першакрыніцы 12 лютага 2024. Праверана 12 лютага 2024.
  10. Фотавандроўка па Новым Свеце(нявызн.). harodnia.com. Праверана 12 лютага 2024.
  11. Сацукевіч І. Гісторыя і сучаснасць урбананімікі Гродна і Мінска (параўнаўчы аналіз)(нявызн.). harodnia.comharodnia.com. Праверана 12 лютага 2024.

Спасылкі

правіць