Гродзенскае рэальнае вучылішча
Гродзенскае рэальнае вучылішча — агульнаадукацыйная сярэдняя навучальная ўстанова. Заснавана ў Гродне ў верасні 1907 года. Уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі.
Гродзенскае рэальнае вучылішча | |
---|---|
Заснавана | 1907 |
Тып | рэальнае вучылішча |
Выкладаліся руская, польская, нямецкая і французская мовы, геаграфія, прыродазнаўства, гісторыя, законазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, музыка, маляванне, чарчэнне, асновы ваеннай навукі, гімнастыка. У ім працавалі выпускнікі з універсітэтаў Варшавы, Масквы, Пецярбурга, Полацкай настаўніцкай семінарыі і інш.
Выпускнікі вучылішча мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхнічныя і сельска-гаспадарчыя навучальныя ўстановы, на фізіка-матэматычныя факультэты ўніверсітэтаў. Утрымлівалася за кошт казны і збораў за навучанне. У 1907/08 навучальным годзе мела 2 класы (49 вучняў), у 1914/15 — 7 класаў (311 вучняў). У 1910—1913 гг. з цэглы па праекце 1903 г. для Гродзенскага рэальнага вучылішча пабудаваны асобны будынак.
З пачаткам Першай сусветнай вайны вучылішча было ў 1915 годзе эвакуіравана ў Калугу. Пасля 1917 г. рэальнае вучылішча скасавана ў сувязі з рэформай народнай адукацыі.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).