Ярл
Ярл (стар.-сканд.: Jarl) — вышэйшы тытул у іерархіі ў сярэднявечнай Скандынавіі, а таксама само саслоўе знаці[1][2]. Першапачаткова азначаў племяннога правадыра, пазней стаў азначаць тытул вярхоўнага кіраўніка краіны. Пасля з’яўлення нацыянальных дзяржаў ярлы сталі даверанымі асобамі конунга і ажыццяўлялі яго ўладу на месцах.
Да пачатку XIV стагоддзя тэрмін выйшаў з ужывання, з прычыны таго, што ярлаў замянілі каралеўскія бруты (bryti)[3].
Этымалогія
правіцьПаводле прац Пракопія, германскае племя герулаў, якое тэрарызавала шматлікія пакаленні Еўропы, вярнулася ў Скандынавію ў 512 годзе н.э. пасля серыі паражэнняў. З прычыны таго, што іх спрадвечныя тэрыторыі былі заняты данамі, яны пасяліліся ў вобласці побач з гётамі.
Слова «Erilaz», якое часта сустракаецца на рунічных помніках у паўднёвай Швецыі, звязваюць з геруламі. Верагодным яго значэннем з’яўляецца «майстар рун» ці «вядзьмак», гэта значыць чалавек, які ўмее абыходзіцца з магіяй рун. Міс паказаў, што слова з’яўляецца аблаўтнай формай англасаксонскага слова eorl[4] і вытворным ад *erōn — той хто ваюе, гэта значыць воін.
Тым не менш, не існуе колькі-небудзь грунтоўнай тэорыі, якая даказвае этымалогію гэтага слова. Адзіным дакладным з’яўляецца той факт, што першае згадванне слова «ярл» звязана з указаннем на тытул яго ўладальніка.
Кенінгі
правіцьУ кенінгах ярлаў, хэрсіраў і хірдманаў (стар.-сканд.: hirðmenn) завуць «сябрамі, суразмоўцамі ці сатрапезнікамі конунга» (стар.-сканд.: konungs rúnar eða málar eða sessar)[5].
Сацыяльнае становішча
правіцьУ ранні перыяд, аналагічна конунгам, адны ярлы валодалі зямлёй, іншыя вандравалі на караблях і займаліся рабаваннямі. На пачатку ўжывання гэтага тэрміна застаюцца няяснымі пэўныя адрозненні паміж ярламі і іншымі правадырамі, якія ў мностве існавалі ў Даніі і Нарвегіі.
Апісанне парадкаў, усталяваных Харальдам Цудоўнавалосым, часткова раскрывае становішча ярлаў у позні перыяд у Нарвегіі:
Ён саджаў у кожным фюльке ярла, які павінен быў падтрымліваць закон і парадак і збіраць спагнанні і падаткі. Ярл павінен быў браць траціну падаткаў і спагнанняў на сваё ўтрыманне і расходы. Кожны ярл мае чатыры ці больш хэрсіра пад сабой, і кожны з іх будзе атрымліваць 20 марак у якасці ўзнагароды. Кожны ярл павінен выставіць 60 мужчын у войска конунга, кожны хэрсір 20 мужчын.
|
Hann setti jarl í hverju fylki, þann er dœma skyldi lög ok landsrétt ok heimta sakeyri ok landskyldir, ok skyldi jarl hafa þriðjung skatta ok skylda til borðs sér ok kostnaðar. Jarl hverr skyldi hafa undir sér fjóra hersar eða fleiri, og skyldi hverr þeira hafa tuttugu marka veizlu. Jarl hverr skyldi fá konungi í her sex tigu hermanna, en hersir hverr tuttugu menn.
Швецыя
правіцьВідаць, у Швецыі ярлы ўпершыню з’явіліся ў канцы X стагоддзя пры каралі Эрыку VI Пераможцы, які скасаваў ранейшую сістэму суправіцеляў. Верагодна, некалькі чалавек маглі адначасова насіць гэты тытул, але толькі адзін мог быць «вярхоўным ярлам» (шведск.: riksjarl).
Да сярэдзіны XIII стагоддзя тытул належаў галоўным чынам прадстаўнікам толькі аднаго знатнага роду Фолькунгаў (Folkungaätten), хоць і невядома, ці тытулаваліся яны менавіта ярламі, паколькі ўсе захаваныя лісты напісаны на лацінскай мове, у якой для звароту адзін да аднаго выкарыстоўвалася слова dux (герцаг).
Ярл Біргер (1210? — 1290) атрымаў тытул у 1248 і быў апошнім ярлам у Швецыі. Магчыма, ён не жадаў, каб хто-небудзь меў такую ўладу, пагражаючы яго спадчыннікам, якія сталі каралямі Швецыі. Так ці інакш, пасля яго ярлаў у Швецыі не было.
Нарвегія
правіцьУ Нарвежскім каралеўстве звычайна быў толькі ярл мацерыковай Нарвегіі, ярл Аркнейскіх астравоў (да 1231), а пасля ўсталявання каралеўскай улады ў Ісландыі ў 1261/62 яшчэ і ярл Ісландыі. Аднак ужо ў 1237 Скуле Бардсан быў узведзены ў годнасць герцага (нарв.: hertug), які стаў новым вышэйшым тытулам. Да пачатку XIV стагоддзя ярлаў не засталося і ў Нарвегіі.
Англія
правіцьУ Англіі, якая запазычыла дзяржаўную сістэму ў скандынаваў, ярлы зваліся эрламі (англ.: earl) і першапачаткова мелі тыя ж функцыі, што і ярлы, але з цягам часу ўладальнікі тытула былі пазбаўлены ўлады. У наш час гэты тытул звычайна перакладаецца на беларускую мову як граф.
Гл. таксама
правіць- Герцаг — тое, ува што гэты тытул ператварыўся ў Скандынавіі
- Эрл (граф) — тое, ува што гэты тытул ператварыўся ў Англіі
- Пфальц-граф — аналагічны па сутнасці германскі тытул
Зноскі
- ↑ М. И. Стеблин-Каменский. Древнескандинавская литература. — М., 1979. Архівавана 31 жніўня 2013.
- ↑ Славяне и скандинавы. Пер. с немецкого / Общ. ред. Е. А. Мельниковой. — М.: Прогресс, 1986. — 416 с.
- ↑ Viking Social Organisation
- ↑ Mees, B. (2003). «Runic 'erilaR'», North-Western European Language Evolution (NOWELE), 42:41-68.
- ↑ Малодшая Эда, Мова паэзіі Архівавана 6 кастрычніка 2011.