Яўген Канстанцінавіч Анішчанка
Яўге́н Канстанці́навіч Ані́шчанка (27 кастрычніка 1955, в. Бранцава, Аршанскі раён, Віцебская вобласць — 16 мая 2021) — беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук (1989).
Яўген Канстанцінавіч Анішчанка | |
---|---|
Дата нараджэння | 27 кастрычніка 1955 ці 1955[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 16 мая 2021 |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | пісьменнік, гісторык |
Месца працы | |
Навуковая ступень | кандыдат гістарычных навук (1989) |
Альма-матар | |
Сайт | arhisan.com |
Даследаваў гісторыю падзелаў Рэчы Паспалітай і іншыя тэмы па гісторыі Беларусі XVIII—XIX стст. З’яўляецца аўтарам 27 кніг і больш за 400 навуковых артыкулаў[2]. Адзін з арганізатараў ГА «Асацыяцыя свабодных беларускіх гісторыкаў».
Біяграфія
правіцьПасля шасці класаў васьмігадовай школы у вёсцы Бранцава скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (клас жывапісу разам з вядомымі мастакамі Аляксандрам Ісачовым і Андрэем Смаляком)[крыніца?], затым — на выдатна гістарычны факультэт БДУ.
Пасля двухгадовай службы камандзірам узвода ва Узброеных Сілах СССР[крыніца?], працаваў у Мінску настаўнікам у СШ № 43, 73 і 116 (1981—1983)[крыніца?], выкладчыкам у Мінскім інстытуце культуры.
З 1986 года — у Інстытуце гісторыі АН БССР (з 1991 года — НАН Беларусі): аспірант, малодшы навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік. У 1989 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Земельные отношения в Восточной Белоруссии в кон. XVIII — нач. XIX вв.».
У 2004 года абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Палітычная гісторыя Беларусі ў часы падзелу Рэчы Паспалітай», якая, аднак, не была зацверджана ВАК РБ[3].
19 лютага 2007 года атэстацыйная камісія Інстытута гісторыі прызнала, што Анішчанка не адпавядае пасадзе старшэйшага навуковага супрацоўніка, якую ён займаў: яму было ўказана на адсутнасць рэцэнзій на публікацыі калег і слабую прэзентацыю вынікаў сваіх даследаванняў на навуковых канферэнцыях. На наступны дзень вучоны падаў заяву аб звальненні з Інстытута, таму што па выніках атэстацыі яму не было прапанавана ні выправіць недахопы ў працы, ні перавесціся на іншую пасаду. На думку Анішчанкі, сапраўднай прычынай такога рашэння атэстацыйнай камісіяй у адносінах да яго з’яўляліся тэматыка і вынікі яго даследаванняў[4], якія не адпавядаюць дзяржаўнай ідэалогіі, адкрытая крытыка з яго боку палітыкі кіраўніцтва Інстытута, накіраванай на ліквідацыю рэшткаў акадэмічных свабод, а таксама яго актыўная грамадзянская і прафесійная пазіцыя[3].
Пасля звальнення Яўген Анішчанка пэўны час працаваў дворнікам (сцвярджаў, што праз грамадскі рэзананс, звязаны з яго звальненнем, яго не бралі нават настаўнікам у школу[5]). Паміж 2007—2009 гг. быў галоўным архівістам і вядучым навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, у 2010—2013 гг. працаваў выкладчыкам у Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва[6]. Станам на 2014 г. працаваў выкладчыкам гісторыі медыцыны на пасадзе дацэнта кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта[2].
Памёр 16 мая 2021 года ад наступстваў каранавіруснай інфекцыі[7].
Бібліяграфія
правіць- Анішчанка, Я. К. Інкарпарацыя: Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай / Я. К. Анішчанка. — Мінск : Хурсік, 2003. — 470 с.
- Анішчанка, Я. К. Палітычная гісторыя у часы падзелу Рэчы Паспалітай : Доктарская дысертацыя / Я. К. Анішчанка. — Мінск : Хурсік, 2006. — 256 с.
- Анішчанка, Я. К. Збор твораў : у 6 т. / Я. К. Анішчанка. — Мінск : Выд. В. Хурсік, 2004—2010. — Т. 4: Ураднікі беларускіх земляў ВКЛ пры Станіславе Панятоўскім: спісы на рус. мове. — 2008. — 532 с.
- Анішчанка, Я. К. Збор твораў : у 6 т. / Я. К. Анішчанка. — Мінск : Выд. В. Хурсік, 2004—2010. — Т. 5: Абывацелі правінцыі: Інструкцыі шляхецкіх сеймікаў беларускіх земляў ВКЛ (Літоўская правінцыя). Зб. дакум. — 2009. — 532 с.
- Анищенко, Е. К. Шляхта Мстиславского воеводства: Список XVIII ст. / Е. К. Анищенко. — Мн.: В. Хурсик, 2013. — 308 с. ISBN 978-985-7025-01-5
- Анищенко Е. К. Шляхта Речицкого повета. Список XVIII ст. Мн.: В. Хурсик, 2014. — 230 с.
Зноскі
- ↑ Czech National Authority Database Праверана 8 чэрвеня 2022.
- ↑ а б Спіс супрацоўнікаў кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя БДМУ. Архівавана 29 жніўня 2014. (рус.)
- ↑ а б Яўген Анішчанка: «За Каваленем Інстытут гісторыі ператварыўся ў магілу»(недаступная спасылка) — артыкул на сайце газеты «Наша Ніва»
- ↑ З Інстытута гісторыі НАН Беларусі звольнены вучоны Яўген Анішчанка (рус.)
- ↑ Гарачка Г. Беспрацоўны гісторык // Беларуская служба Польскага радыё для замежжа. — 01.03.2007
- ↑ Корзенко, Г. В. Историки Беларуси в начале XXI столетия. Биобиблиографический справочник. Мн.: Белорусская наука.2007. С. 14; Институт истории НАН Беларуси в лицах. 1929—2008 гг. Бибиблиографический справочник. Мн.: Беларуская навука. 2008. С. 111, 371, 386, 391.
- ↑ Памёр гісторык Яўген Анішчанка
Літаратура
правіць- Корзенко, Г. В. Историки Беларуси в начале XXI столетия. Биобиблиографический справочник / Г. В. Корзенко. — Минск : Белорусская наука. — 2007.