Sede Vacante
Sede Vacante («пры вакантным троне», пры вакантным прастоле; ад лац.: sedes vacans — вакантны прастол) — перыяд, у які Святы Прастол не заняты легітымным манархам (дакладней пантыфікам) (гэта значыць у перыяд паміж смерцю ці адрачэннем Папы Рымскага і абраннем новага главы Святога Прастола і Рымска-каталіцкай царквы). Фаза вакантнага Прастола пачынаецца, калі кардынал-камерленга канстатуе смерць Папы наступным чынам: тройчы ўдарае нябожчыка пантыфіка срэбраным малаточкам у лоб, заве яго імем, якое было дадзена яму пры хрышчэнні, і просіць адгукнуцца. Пасля таго, як Папа не адгукнуўся, кардынал-камерленга прамаўляе фразу: Vere Papa mortuus est («Папа сапраўды мёртвы»), і папскі прастол уступае ў перыяд Sede Vacante. Акрамя таго, магчымы пачатак перыяду Sede Vacante у момант адрачэння Папы Рымскага, як гэта здарылася 28 лютага 2013 года.
У перыяд Sede Vacante усе чыноўнікі Рымскай курыі пазбаўляюцца сваіх пасад, за выключэннем трох чалавек: камерленга Рымска-каталіцкай царквы, дэкана Калегіі кардыналаў і вялікага пенітэнцыярыя. У гэты перыяд Святым Прастолам і Рымска-каталіцкай царквой кіруе Калегія кардыналаў, на чале з камерленга, які з’яўляецца месцаахоўнікам Святога Прастола. Галоўны клопат Калегіі кардыналаў — пахаваць нябожчыка Папу і прыступіць да выбараў новага Рымскага першасвятара на канклаве.
Пачынаючы з 1831 года перыяд Sede Vacante не доўжыўся больш за 20 дзён, з прычыны таго, што папскімі правіламі ўсталявана, што канклаў павінен сабрацца не пазней 18-га дня з дня смерці Папы. У эпоху Сярэднявечча бывалі перыяды вакантнага Прастола, якія доўжыліся месяцамі, а то і гадамі. Самы працяглы перыяд Sede Vacante — 1268—1271 гг. (паміж смерцю Папы Клімента IV і абраннем Рыгора X).
У перыяд Sede Vacante выпускаюцца манеты і паштовыя маркі Ватыкана з гербам, аналагічным гербу кардынала-камерленга, але без профіля Папы.
Ад Sede Vacante пайшла і назва традыцыйнага кансерватыўнага рэлігійнага руху седэвакантызм, члены якога не прызнаюць Рымскіх Пап, якія кіруюць з Другога Ватыканскага сабора, пачынаючы з Яна XXIII[1].
Спіс перыядаў вакантнага Прастола пачынаючы з XIX стагоддзя
правіць- Паміж Піем VI і Піем VII — з 29 жніўня 1799 па 14 сакавіка 1800, 197 дзён;
- Паміж Піем VII і Львом XII — з 20 жніўня па 28 верасня 1823, 39 дзён;
- Паміж Львом XII і Піем VIII — з 10 лютага па 31 сакавіка 1829, 49 дзён;
- Паміж Піем VIII і Рыгорам XVI — з 1 снежня 1830 да 2 лютага 1831, 63 дня;
- Паміж Рыгорам XVI і Піем IX — з 1 па 16 чэрвеня 1846, 15 дзён;
- Паміж Піем IX і Львом XIII — з 7 па 20 лютага 1878, 13 дзён;
- Паміж Львом XIII і Піем X — з 20 ліпеня па 4 жніўня 1903, 15 дзён;
- Паміж Піем X і Бенедыктам XV — з 20 жніўня па 3 верасня 1914, 14 дзён;
- Паміж Бенедыктам XV і Піем XI — з 22 студзеня па 6 лютага 1922, 15 дзён;
- Паміж Піем XI і Піем XII — з 10 лютага па 2 сакавіка 1939, 20 дзён;
- Паміж Піем XII і Янам XXIII — з 9 па 28 кастрычніка 1958, 19 дзён;
- Паміж Янам XXIII і Паўлам VI — з 3 па 21 чэрвеня 1963, 18 дзён;
- Паміж Паўлам VI і Янам Паўлам I — з 6 па 26 жніўня 1978, 20 дзён;
- Паміж Янам Паўлам I і Янам Паўлам II — з 28 верасня па 16 кастрычніка 1978, 19 дзён;
- Паміж Янам Паўлам II і Бенедыктам XVI — з 2 красавіка па 19 красавіка 2005, 17 дзён;
- Паміж Бенедыктам XVI і Францыскам — з 28 лютага 2013 па 13 сакавіка 2013, 13 дзён.
Зноскі
Літаратура
правіць- Conclave, de Roberto Pazzi, Editions Anne Carrière, 2005