Марскія іголкі, іголкавыя (Syngnathidae) — сямейства рыб атрада колюшкападобных (пучкашчэлепных).
Сямейства аб’ядноўвае каля 50 родаў (у т.л. марскія конікі, рыбы-ігалкі, марское шыла і інш.), больш за 200 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, некаторыя віды — у прэсных вадаёмах.
Даўжыня да 60 см. Цела ўкрыта касцянымі кольцамі. Афарбоўка зменлівая. Ёсць спінны плаўнік, у некаторых відаў — грудныя і хваставы. Шчэлепы ў выглядзе пучкоў. Кормяцца планктонам, ракападобнымі, маляўкамі рыб. Самка адкладвае ікру ў вывадковую камеру самца.