The Pogues
The Pogues — англа-ірландская кельтык-панк-група, створаная Шэйнам Макгоўанам у Лондане ў 1982 годзе[1] як Pogue Mahone — англізаваны Джойсам ірландскі выраз póg mo thóin, што значыць «пацалуй мяне ў сраку». Уключыўшы ў панк такія інструменты як вістл, банджа, цыстра, мандаліна, акардэон, The Pogues напачатку былі кепска ўспрыняты ў колах ірландскай традыцыйнай музыкі, але пасля ім прыпісалі яе адраджэнне[2]. Пазней група ўвабрала ў сябе ўплывы другіх музыкальных традыцый, уключаючы джаз, фламенка і блізкаўсходнюю музыку. Група пачала выступаць у лонданскіх пабах і стала вядома сваймі энергічнымі бурнымі выступленнямі[2]. Значную ўвагу прыцягнула, адкрываючы канцэрты The Clash у іх туры 1984 года. Тады ж група, каб абысці цэнзуру BBC пасля скаргаў носьбітаў шатландскай гэльскай мовы, скарацілі назву да The Pogues.
The Pogues | |
---|---|
Асноўная інфармацыя | |
Жанры | фолк-панк, кельтык-панк |
Гады | 1998—2014 |
Краіны | |
Адкуль | Лондан |
Мова песень | англійская |
Лэйблы | Warner Music Group і Stiff Records[d] |
Склад | |
pogues.com (англ.) pogues.com |
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
У кастрычніку 1984 г. яны выпусцілі першы студыйны альбом «Red Roses for Me», названага ў гонар п’есы ірландскага драматурга Шона О’Кейсі[3], у які ўвайшлі як традыцыйныя ірландскія песні, так і арыгінальныя кампазіцыі Макгоўана. Другі студыйны альбом The Pogues «Rum Sodomy & the Lash», спрадзюсаваны Элвісам Кастэла і названы так па прыпісанай ЧэрчылюЧэрчылю цытаце, выйшаў у жніўні 1985 г. У 1986 г. выйшаў EP «Poguetry in Motion», таксама спрадзюсаваны Кастэла. У 1987 годзе аранжыроўка народнай песні «The Irish Rover», зробленая супольна з The Dubliners заняла першае месца ў Ірландыі і восьмае ў Вялікабрытаніі. Тым жа годам The Pogues выпусцілі калядны сінгл «Fairytale of New York», які дасягнуў першага месца ў Ірландыі і другога ў Вялікабрытаніі. Песня застаецца нязменным калядным фаварытам у Ірландыі і Вялікабрытаніі і сертыфікавана ў Аб’яднаным Каралеўстве як пяцікратна платынавая, прадаўшыся агулам тры мільёны разоў[4]. Яна ўвайшла ў трэці студыйны альбом, які спадабаўся крытыкам і меў камерцыйны поспех.
Група запісала яшчэ два альбомы з Макгоўанам, але ў 1991 годзе праз праблемы з алкаголем ён пакінуў яе склад. The Pogues працягнулі дзейнасць спачатку з Джо Страмэрам, а пасля са Спайдэрам Стэйсі на вакале і распаліся пасля камерцыйнага і ў крытыцы правалу іх сёмага і апошняга студыйнага альбома «Pogue Mahone» (1996)[5]. У 2001 годзе яны аб’ядналіся для супольнага тура. Пасля група працягвала выступаць па ўсёй Вялікабрытаніі і Ірландыі, гастралявала па Усходнім узбярэжжы ЗША і кантынентальнай Еўропе. У гонар трыццацігоддзя былі выпушчаны канцэртны альбом і канцэртнае відэа «The Pogues in Paris: 30th Anniversary» і бокс-сет «Pogues 30» з адноўленымі версіямі ўсіх студыйных альбомаў і невыдадзеным раней канцэртным. Летам 1914 года The Pogues адыгралі апошнія канцэрты і спынілі існаванне.
Гісторыя
правіцьДа стварэння групы: 1977—1982
правіцьБудучыя ўдзельнікі The Pogues упершыню сустрэліся, калі Макгаўан (вакал), Пітэр Стэйси («Спайдэр», вістл) і Джэм Файнэр (банджа) разам былі ў групе The Millwall Chainsaws, якая стварылася ў канцы 1970-х гадоў пасля таго, як Макгоўан і Стэйсі пазнаёміліся ў прыбіральні на канцэрце Ramones у канцэртнай зале «The Roundhouse» у Лондане ў 1977 годзе[6]. Макгоўан ужо быў у групе The Nips, а пасля яе распаду ў 1980 годзе засяродзіўся на The Millwall Chainsaws, якая змяніла назву на The New Republicans. Напачатку 1981 года Макгаўан і Стэйсі далі першы канцэрт у лонданскім «Cabaret Futura». Тым разам на сцэне таксама выступалі Soft Cell.
Раннія гады: 1982—1986
правіцьУ 1982 годзе Джэймс Фэрнлі (акардэон), які іграў на гітары ў групе The Nips, далчыўся да Макгоўана, Стэйсі і Файнэра, стварыўшы з імі групу, тады вядомую як Pogue Mahone. Як адзначаў Фэрнлі, арыгінальную назву прапанаваў Стэйсі, узяўшы яе з фразы ў «Улісе» Джэймса Джойса[7], дзе Бак Маліган усклікае: «Pogue mahone! Acushla machree! Мы знішчаны з гэтага дня! Мы дакладна знішчаны!»[8][9] «Pogue mahone» — гэта англізацыя ірландскай фразы «póg mo thóin», што значыць «пацалуй мяне ў сраку»[10].
Новы склад групы адыграў першы канцэрт 4 кастрычніка 1982 года. Да выступлення 29 кастрычніка 1982 г. у лонданскім «100 Club» да групы ўжо далучыліся Кейт О’Рыардан (бас) і Эндру Рэнкен (барабаны)[11]. Група іграла ў пабах і клубах[12] і выпусціла сінгл «Dark Streets of London»[13] на ўласным лэйбле, здабыўшы пэўную вядомасць, асабліва дзякуючы сваім выступленням і нацыянальнаму эфіру на «Radio 1» BBC. Яны прыцягнулі ўвагу прэсы і лэйбла «Stiff Records», калі выступалі на разагрэве ў The Clash падчас іх тура 1984 г[5]. Скараціўшы назву да The Pogues (часткова праз цэнзуру BBC пасля скаргаў носьбітаў шатландскай гэльскай мовы), яны выпусцілі першы альбом «Red Roses for Me» на лэйбле «Stiff Records» у кастрычніку таго ж года.
У 1985 годзе з дапамогаю прадзюсара Элвіса Кастэла The Pogues запісалі наступны альбом «Rum Sodomy & the Lash»; да групы далучыўся гітарыст Філіп Шэўран. Назва альбома — знакамітае выказванне, якое памылкова прыпісваюць Уінстану Чэрчылю, што нібыта апісвае «сапраўдныя» традыцыі брытанскага ваенна-марскога флоту[14]. На вокладцы альбома выяўлены «Плыт „Медузы“ », а твары персанажаў карціны Тэадора Жэрыко заменены тварамі ўдзельнікаў групы. На альбоме група перайшла ад кавераў да арыгінальных песень, Шэйн Макгоўан праявіў сябе як аўтар.
Група не здолела скарыстацца поспехам другога альбома: музыканты адмовіліся ад запісу яшчэ аднаго альбома, падаўшы замест гэтага чатырохпесенны EP «Poguetry in Motion». О’Рыардан ажанілася з Кастэла і пакінула The Pogues , яе замяніў басіст Дэрыл Хант, які іграў раней у Plummet Airlines і Pride of the Cross, таксама ў групу прыйшоў мульінструменталіст Тэры Вудс, былы ўдзельнік Steeleye Span. Нестабільныя паводзіны вакаліста і аўтара групы Шэйна Макгоўана (як і на працягу ўсяго яе існавання) заміналі плённай рабоце. «Stiff Records» — лэйбл, які іх выпускаў, збанкрутаваўся скора па выпуску сінгла «The Irish Rover» (супольна з The Dubliners).
Удзельнікі групы разам з Кейт О’Рыардан зняліся ў фільме Алекса Кокса , а пяць іх песень увайшлі ў альбом-саўндтрэк да яго.
Поспех і распад групы: 1987—1996
правіцьНягледзячы на складанасці, група запісала выпушчаны ў 1988 годзе альбом «If I Should Fall from Grace with God», у які ўвайшоў калядны хіт «Fairytale of New York», запісаны разам з Керсты Мак-Кол. Песню выпусцілі сінглам у 1987 годзе і яна дасягнула першага месца ў ірландскіх чартах і другога ў вялікабрытанскіх падчас піку продажаў на Каляды. Пасля яна стала ў Аб’яднаным Каралеўстве і Ірландыі святочнай класікай, будучы тры разы прызнана найлепшай каляднай песняй усіх часоў у апытаннях музыкальнага канала VH1 UK (2004[15], 2005[16], 2006). У другім апытанні VH1 яе прызналі 27-й найвялікшай песняй, якая ніколі не дасягала першага месца ў Вялікабрытаніі; таксама яе прызналі 84-й найвялікшай песняй усіх часоў паводле версіі слухачоў «Radio 2» BBC у апытанні «„Sold on Song“ top 100».
У 2007 альбом падпаў пад кароткачасовую цэнзуру з боку BBC праз слова faggot, якое палічылі патэнцыйна абразлівым для гомасексуалаў, але пасля пратэстаў слухачоў цэнзуру скасавалі.
У 1989 годзе група запісала чацвёрты студыйны альбом «Peace and Love», які вызначыўся больш джазавым гучаннем, і ўключаў шэсць кампазіцый, напісаных Макгоўанам, і восем, напісаных іншымі ўдзельнікамі — Джэмам Файнерам, Тэры Вудсам, Эндру Рэнкенам і Філіпам Шэўранам.
Як напісаў Марк Дэмінг у «AllMusic»,
«Гэта ясна паказвае, што Макгаўан не адзіны таленавіты аўтар у групе, але факт таго, што самыя памятныя песні напісаны другімі, не вястуе нічога добрага для будучыні калектыву»[17].
The Pogues былі на піку камерцыйнага поспеху — альбомы «If I Should Fall from Grace with God» і «Peace and Love» папалі ў топ-5 Аб’яднанага Каралеўства (№ 5 і 3 адпаведна), але Шэйн Макгоўан станавіўся ўсё больш неадказным. Ён не з’явіўся на адкрыццё тура 1988 года па ЗША, замінаў прасоўванню альбома 1990 года «Hell's Ditch» і ў 1991-м група зволіла яго пасля неспарадкаванага выступлення на фестывалі WOMAD у Японіі[18][19]. Нейкі час вакальныя партыі выконваў Джо Страмер; па яго сыходзе ўзімку 1991 года пяяць стаў Спайдэр Стэйсі.
У 1993 годзе група запісала альбом «Waiting for Herb», у які ўвайшоў трэці і апошні сінгл, што папаў у топ-20 Вялікабрытаніі і стаў сама прадаваным сінглам The Pogues на міжнародным узроўні.
Пазней Тэры Брукс і Джэймс Фэрнлі пакінулі групу, на змену ім прыйшлі Дэвід Колтэр і Джэймс Макнэлі. Праз некалькі месяцаў праз праблемы са здароўем сышоў Філіп Шэўран, яго замяніў былы гітарны тэхнік групы Джэймі Кларк. Гэтакім складам The Pogues запісалі сёмы і апошны студыйны альбом «Pogue Mahone». Альбом камерцыйна праваліўся і па сыходзе з групы яшчэ і Джэма Файнера другія ўдзельнікі надумалі закончыць яе існаванне.
Паводле Шэйна Макгоўана, сярод прычын распаду былі пярэчанні з нагоды палітычнае скіраванасці ягоных песень: група не хацела выконваць занадта яўна прарэспубліканскія песні[20] — хаця некаторыя з папярэдніх ужо былі палітычна ангажаваны, напрыклад, «Streams of Whiskey» прысвечана паэту і сябру IRA Брэндану Бэхану . Неўзабаве пасля распаду The Pogues Шэйн Макгоўан запісаў песню «Paddy Public Enemy Number One» як даніну пашаны рэспубліканскаму дзеячу Дамініку Макглінчэй, былому лідару INLA , забітаму некалькі год раней.
Пасля распаду
правіцьПасля распаду The Pogues тры апошнія ўдзельнікі (Спайдэр Стэйсі, Эндру Рэнкен, Дэрыл Хант) ігралі разам пад назваю The Vendettas. Яны выконвалі ў асноўным новыя кампазіцыі, напісаныя Стэйсі, Хант таксама браў удзел у стварэнні песень; канцэртныя выступленні ўключалі некалькі песень The Pogues.
Спачатку Рэнкен, а пасля Хант пакінулі групу, апошні стаў вакалістам і аўтарам у інды-групе Bish. Рэнкен пасля выступаў з многімі групамі, уключаючы Kippers, The Municipal Waterboard і The Mysterious Wheels. Спайдэр Стэйсі пісаў і запісваў музыку з рознымі выканаўцамі і групамі, уключаючы James Walbourne, Filthy Thieving Bastards, Dropkick Murphys і Astral Social Club.
Шэйн Макгоўан у 1992 годзе заснаваў групу Shane MacGowan and The Popes. Яны выпусцілі два альбомы і распаліся ў 2006 г., калі The Pogues афіцыйна ўз’ядналіся[21]. Ягоную аўтабіяграфія «A Drink With Shane MacGowan», напісаную ў сааўтарстве з яго партнёркай журналісткай Вікторыяй Мэры Кларк, выпусцілі ў 2001 годзе.
Джэм Файнер заняўся эксперыментальнай музыкай, сыграўшы вялікую ролю ў праекце, вядомым як «Longplayer», музычным творы, прызначаным длы беспарапыннага выканання на працягу тысячы гадоў без паўтарэння. 2005 годам Файнер выпусціў альбом «Bum Steer» разам з Ды-Бі Бобам (як DM Bob and Country Jem).
Джэймс Фэрнлі незадоўга да выхаду з The Pogues пераехаў у ЗША. Браў удзел у групе The Low And Sweet Orchestra і ў трыа Cranky George Trio.
Філіп Шэўран рэфармаваў сваю былую групу The Radiators, куды ўвайшла і колішняя ўдзельнмца The Pogues Кейт О’Рыардан.
Тэры Вудс разам з Ронам Каванам (анг. Ron Kavana) стварыў групу The Bucks, выпусціўшы ў 1994 годзе альбом «Dancin' To The Ceili Band». Пазней стварыў групу The Woods Band, выпусціўшы ў 2002 годзе альбом «Music From The Four Corners of Hell».
Уз’яднанне: 2001—2014
правіцьГрупа, разам з Макгоўанам, уз’ядналася ў 2001 годзе дзеля каляднага тура, а пасля дала дзевяць канцэртаў у Вялікабрытаніі і Ірландыіі снежнем 2004 года.
У 2002 годзе часопіс «Q» назваў The Pogues адной з «пяцідзесяці груп, якія варта пабачыць перад смерцю». У ліпені 2005 г. група выступіла на штогадовым фестывалі ў Гілфардзе, а потым паехала ў Японію — месца апошняга выступлення «класічным складам» The Pogues , дзе ў іх было шмат прыхільнікаў, і адыгралі там тры канцэрты.
У 2005 годзе група дала канцэрт у Іспаніі, выступала ў Вялікабрытанііі пры падтрымцы Dropkick Murphys і перавыдала калядны хіт 1987 г. «Fairytale of New York», які заняў трэцяе месца ў чартах UK Singles на Каляды 2005 года, пацвердзіўшы сваю нязменную папулярнасць. 22 снежня 2005 года BBC паказало ў запісе жывое выступленне The Pogues у калядным шоу Джонатана Роса (з удзелам Кэйці Мэлуа, якая замяніла памерлую Керсты Мак-Кол), што сталася першым выпадкам іхнега жывога выканання гэтай песні на тэлебачанні. Пасля таго яны выступілі ў жывым эфіры музычнага шоу «CD:UK».
Група ўшанавана ўзнагародай за музычныя дасягненні на штогадовай цырымоніі Meteor Ireland Music Awards у лютым 2006 года.
Вясной і восенню 2006 года The Pogues адыгралі серыі канцэртаў з аншлагамі ў ЗША, а ў снежні гастралявалі па Шатландыі, Англііі і Ірландыі.
У 2007-м яны здейснілі чарговы тур у ЗША, які завяршыўся ў Нью-Ёрку на Дзень Святога Патрыка. Гэтым жа годам група правяла вялікі тур па ўсёй Вялікабрытаніі, а таксама выступала на фестывалях у кантынентальнай Еўропе (Швецыя, Бельгія, Іспанія).
У 2008 годзе The Pogues выпусцілі бокс-сэт «Just Look Them Straight in the Eye and Say....POGUE MAHONE!!!», у які ўвайшлі рэдкія студыйныя запісы і іншыя ніколі раней не выдаваныя матэрыялы[22].
Група атрымлівала неадназначныя водгукі аб сваіх выступленнях, але ж збірала залы слухачоў[23]. У снежні 2010 года The Pogues (з групай Crowns на разагрэве) выступілі з развітальным калядным турам па Вялікабрытаніі.
У сакавіку 2011 г. яны адыгралі тур па ЗША. У жніўні 2012 г. The Pogues паехалі ў юбілейны тур у гонар 30-годдзя групы па васьмі гарадах Еўропы. Два канцэрты здымалі і запісвалі для канцэртнага альбома і DVD, якія выпусцілі 19 лістапада 2012 года. У сакавіку 2013 г. выпусцілі двухдыскавы зборнік «30:30: The Essential Collection» з трыццацю песнямі і адзінаццацю відэакліпамі. Кастрычнікам таго ж года выйшаў бокс-сэт «Pogues 30», у якім былі адноўленыя версіі ўсіх іх студыйных альбомаў, а таксама раней не выдадзены канцэртны альбом[24].
18 кастрычніка 2013 года ў Дубліне ад раку стрававода памёр Філіп Шэўран[25].
У снежні 2013 г. The Pogues паехалі ў чатырохдзённы калядны тур па Вялікабрытаніі. Некалькі канцэртаў там жа яны далі вясной і летам 2014 г., апошняе выступленне ў Аб’яднаным Каралеўстве адбылося 5 ліпеня на фестывалі «British Summer Time» у лонданскім Гайд-парку[26]. Апошняга разу група The Pogues выступіла ў Брэтані, у Францыі, на фестывалі «Fête du bruit dans Landerneau» 9 жніўня 2014 года.
У інтэрв’ю[27] часопісу «Vice» у снежні 2015 года Шэйн Макгоўан тлумачыў, што The Pogues больш не дзейнічаюць: «…мы сябруем, пакуль не гастралюем разам, мы правялі занадта многа гастроляў, досыць.»
Шматгадовы басіст групы Дэрыл Хант памёр у Лондане 8 жніўня 2022 года ў веку 72 гадоў[28].
Шэйн Макгоўан памёр у Дубліне 30 лістапада 2023 года ў веку 65 гадоў[29]. Астатнія ўдзельнікі аб’ядналіся каб выканаць песню «The Parting Glass» на яго пахаванні 8 снежня 2023 г. Па смерці Макгоўана песня «Fairytale of New York» зноў заняла першае месца ў чартах Ірландыі. 13 снежня The Pogues перавыдалі яе дабрачынным сінглам у знак пашаны да таварыша і на карысць «Dublin Simon Community» — арганізацыі, што змагаецца з бяздомнасцю, якую фундаваў Макгоўан.
Удзельнікі
правіць- Спайдэр Стэйсі — вакаліст, віст] (1982-1996, 2001-2014);
- Джэм Файнер — банджа, мандаліна, саксафон, колавая ліра, гітара, вакаліст (1982-1996, 2001-2014);
- Джэймс Фэрнлі — акардэон, мандаліна, піяніна, гітара (1982-1993, 2001-2014);
- Шэйн Макгоўан — вакаліст, гітара, банджа, бодран (1982-1991, 2001-2014);
- Эндру Рэнкен — барабаны, гармонік, вакаліст (1982-1986, 2001-2014);
- Дерыл Хант — бас-гітара (1986-1996, 2001-2014);
- Теры Вудс — мандаліна, цистра, концэрціна, гітара, вокаліст (1986-1993, 2001-2014);
- Кейт О'Рыардан — бас-гітара, вакалістка (1982-1986);
- Філіп Шэўран — гітара, вакаліст (1985-1994, 2001-2013(памёр));
- Джо Страмер — вакаліст, гітара (1991-1992, замянаў Філа Шэўрана ў туры 1987 года, памёр в 2002);
- Дэйв Колтэр — мандаліна,[віяланчэль, укулеле, ударныя (1993-1996);
- Джэймс Макнэлі — акардэон, вістл, ударныя (1993-1996);
- Джэймі Кларк — гітара, вакаліст (1994-1996).
Час у групе
правіцьДыскаграфія
правіць- Red Roses for Me (1984)
- Rum Sodomy & the Lash (1985)
- If I Should Fall from Grace with God (1988)
- Peace and Love (1989)
- Hell's Ditch (1990)
- Waiting for Herb (1993)
- Pogue Mahone (1996)
Зноскі
- ↑ "Music & Nightlife | Music Preview | The Pogues" Metroactive.com.
- ↑ а б Matt Phillips; «Shane MacGowan, Songwriter Who Fused Punk and Irish Rebellion, Is Dead at 65» The New York Times.
- ↑ A life too interesting: Shane MacGowan BBC News, 30 November 2023.
- ↑ Shane MacGowan obituary: A wild life, raw talent, and a forever connection with Christmas - whether he liked it or not Sky News, 30 лістапада 2023.
- ↑ а б «The Pogues» Rolling Stone.
- ↑ Sam Jones; "He might be a drunk and a bum but he still has that most precious of musical things – a unique and special legacy" The Guardian. London.
- ↑ Fearnley, James (2013). Here Comes Everybody: The Story of the Pogues. Faber & Faber. С. 53.
- ↑ James Joyce, Ulysses
- ↑ "Pogue Mahone" Green's Dictionary of Slang.
- ↑ Radio 2 – Documentaries – «Pogue Mahone: The Story of the Pogues» BBC.
- ↑ "The Pogues Setlist on Oct 29 1982 at 100 Club, London, England"
- ↑ Выразка з газеты
- ↑ Постар: «Pogue Mahone : Debut Single on Sale Here»
- ↑ "Quotes Falsely Attributed" The Churchill Centre.
- ↑ BBC News; Pogues track wins Christmas poll
- ↑ BBC News; «Fairytale still the festive pick»
- ↑ "Peace and Love Review by Mark Deming"
- ↑ Richard Balls; «A Furious Devotion: The Life of Shane MacGowan» Omnibus Press.
- ↑ ALLMUSIC. The Pogues. Biography
- ↑ Tonya Henderson: Гутарка з Шэйнам Макгоўанам. The Irish World.
- ↑ Richard Balls A Furious Devotion: The Life of Shane MacGowan Omnibus Press. С. 378.
- ↑ Stephen M. Deusner Just Look Them Straight in the Eye and Say...Poguemahone!! Pitchfork Media.
- ↑ Cecelia Porter «Performing Arts» The Washington Post.
- ↑ "The Medusa Fora • View topic – POGUES 30 / STRUMMER/POGUES" Pogues.com.
- ↑ Liam O'Brien Pogues guitarist Philip Chevron dies following long battle with cancer The Independent.
- ↑ «Shane MacGowan shows off his new teeth; calls it quits with the Pogues» by Derek, anglotopia.net.
- ↑ Leonie Cooper «'I Don’t Like Christmas, It’s Gross': An Interview with Shane MacGowan» Vice Magazine.
- ↑ Naomi Clarke «The Pogues’ bass player Darryl Hunt dies aged 72» Independent.co.uk.
- ↑ «Shane MacGowan: Pogues singer dies aged 65» BBC News.