Ёркі
Ёркі, Ёркская дынастыя (англ.: House of York) — каралеўская дынастыя, галіна Плантагенетаў, якая прыйшла да ўлады ў Англіі падчас вайны Пунсовай і Белай ружы і кіравала з 1461 па 1485 год (з перапынкам у 1470—1471 гадах). Эмблемай Ёркаў была белая ружа.
Ёркі | |
---|---|
англ.: House of York | |
| |
Краіна | Англія |
Родапачынальны дом | Плантагенеты |
Заснавальнік | Эдмунд Лэнглі |
Апошні кіраўнік | Рычард III |
Цяперашні глава | Фрэнсіс Фіцхерберт |
Год заснавання | 1385 |
Спыненне роду | 1499 (па мужчынскай лініі) |
Малодшыя лініі | |
Тытулы | |
герцаг Ёркскі, кароль Англіі |
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Паходжанне. Правы на прастол Морцімераў
правіцьПа мужчынскай лініі Ёркі былі нашчадкамі чацвёртага сына Эдуарда III, Эдмунда Лэнглі, герцага Ёркскага (адсюль назва), па жаночай — другога, Лаянела Антверпа, герцага Кларэнса. З прычыны таго, што англійскія законы пераходу ў спадчыну прастола прадугледжваюць пераход кароны па жаночай лініі, Ёркі сцвярджалі, што іх дынастычныя правы большыя, чым у Ланкастэраў, якія кіравалі з 1399 года дзякуючы дзяржаўнаму перавароту і паходзілі ад трэцяга сына Эдуарда III — Джона Гонта. Сапраўды, з 1385 па 1399 год нашчадкі Лаянела — Роджэр і Эдмунд Морцімеры, графы Марч — былі спадчыннікамі бяздзетнага караля Рычарда II. Пры жыцці Генрыха IV, які зрынуў Рычарда II, Эдмунд Морцімер знаходзіўся пад вартай і быў вызвалены толькі пасля смерці караля ў 1413 годзе.
Эдмунд Лэнглі (памёр у 1402 годзе) меў двух сыноў — Эдуарда, 2-га герцага Ёркскага, які быў бяздзетным, і Рычарда, графа Кембрыджа, які быў у шлюбе з Ганнай Морцімер, праўнучкай Лаянела Кларэнса і сястры Эдмунда Морцімера, і меў ад яе сына Рычарда (нар. 1411). У жніўні 1415 года ў Саўтгемптане, перад адпраўленнем караля Генрыха V у Францыю, граф Кембрыдж узначаліў змову супраць караля, збіраючыся ўзвесці на прастол брата сваёй жонкі графа Марча. Змова была раскрыта (паводле некаторых даных, самім Марчем), а граф Кембрыдж пазбаўлены тытулаў і пакараны смерцю. Праз два месяцы, у кастрычніку 1415 года, яго старэйшы брат герцаг Ёркскі загінуў у бітве пры Азенкуры. Спадчыннікам герцагства Ёркскага стаў сын Кембрыджа, 4-гадовы Рычард, які атрымаў тытул герцага Ёркскага не адразу пасля гібелі дзядзькі (з прычыны таго, што яго бацька быў абвешчаны здраднікам), а праз некаторы час.
Ёркі ўспадкоўваюць прэтэнзіі Морцімераў
правіцьУ 1425 годзе Рычард Ёркскі атрымаў у спадчыну тытул графа Марч і вялікія ўладанні ад свайго дзядзькі па маці Эдмунда Морцімера, які быў старэйшым сярод нашчадкаў Эдуарда III; з гэтага часу Ёркі сталі патэнцыйнымі прэтэндэнтамі на карону. У 1455 годзе, скарыстаўшыся псіхічнай хваробай ланкастэрскага караля Генрыха VI і няўдачамі ў Стагадовай вайне, Рычард Ёркскі абвясціў пра свае правы на прастол. З гэтага пачалася вайна Пунсовай і Белай ружы.
Вайна
правіцьПасля першых перамог (бітва пры Сент-Олбансе, 1455) Рычард Ёркскі быў прызнаны пераемнікам Генрыха VI (у абыход сына апошняга), але частка прыхільнікаў Ланкастэраў не прызнала гэтага рашэння і працягнула барацьбу. У 1460 годзе Рычард быў забіты ў бітве пры Уэйкфілдзе, але, нягледзячы на гэта, поспех у вайне перайшоў на бок Ёркаў, чаму спрыяў магутны Рычард Невіл, 16-ы граф Уорык («Стваральнік каралёў»).
Ёркі ва ўладзе
правіцьПершым каранаваным прадстаўніком дынастыі стаў старэйшы сын Рычарда, Эдуард IV, граф Марч, які зрынуў (1461) Генрыха VI і ў тым жа годзе фактычна знішчыў ланкастэрскую армію ў бітве пры Таўтане. У 1470 годзе граф Уорык змяніў Ёркам, і Генрых VI пры яго дапамозе быў ізноў абвешчаны каралём, але пасля кароткай рэстаўрацыі (1470—1471) зрынуты і забіты ў Таўэры; у тым жа годзе ў бітве пры Т'юксберы загінуў апошні Ланкастэр, сын Генрыха Эдуард, прынц Уэльскі, а ў бітве пры Барнеце быў забіты і Уорык. Пасля гэтага гегемоніі Ёркаў, якая узначальвалася Эдуардам IV, доўгі час нічога не пагражала.
Пасля смерці Эдуарда IV (1483) на трон узышоў яго малалетні сын Эдуард V. Рэгентам (лордам-пратэктарам каралеўства) пры ім стаў Рычард, герцаг Глостэр, будучы кароль Рычард III. Эдуард валадарыў усяго тры месяцы і быў зрынуты на падставе таго, што шлюб яго бацькоў быў незаконным; герцаг Глостэрскі быў абвешчаны каралём. Далейшы лёс малалетніх Эдуарда V і яго малодшага брата Рычарда, герцага Ёркскага, невядомы, відаць, яны былі забіты ў Таўэры.
Рычард III, апошні Ёрк на англійскім троне, кіраваў два гады, пасля чаго загінуў у бітве пры Босварце (1485) з Генрыхам Цюдарам, графам Рычмандам, які стаў каралём пад імем Генрыха VII. Генрых VII, які прэтэндаваў на прастол як нашчадак Ланкастэраў (па пазашлюбнай лініі), ажаніўся з дачкой Эдуарда IV Елізавеце Ёркскай. Цюдараўская прапаганда прадставіла гэты шлюб як канчатковае прымірэнне і аб'яднанне дзвюх дамоў.
Нашчадкі Ёркаў
правіцьАднак апошні Ёрк па прамой мужчынскай лініі (ён жа апошні Плантагенет) тады яшчэ быў жывы і дажыў да 1499 года — гэта быў Эдуард Плантагенет, 17-ы граф Уорык, сын пакаранага смерцю ў 1478 годзе Джорджа Плантагенета, герцага Кларэнса, брата Эдуарда IV і Рычарда III. Ён быў пакараны смерцю Генрыхам VII пасля спробы ўцячы з Таўэра. Яго сястра, Маргарэт Поўл, графіня Солсберы, была пакарана смерцю ўжо Генрыхам VIII у 1541 годзе (калі ёй было 68 гадоў) па сфабрыкаваным абвінавачванні. За Ёркаў выдавалі сябе самазванцы Ламберт Сімнел і Перкін Уорбек. У 1525 годзе апошні іаркісцкі прэтэндэнт на прастол (па жаночай лініі) — сын сястры Эдуарда IV эмігрант Рычард дэ ла Поль — загінуў у бітве пры Павіі, дзе ваяваў на боку французаў; яго малодшы брат Уільям, які не прэтэндаваў на карону, памёр у Таўэры ў 1539 годзе.
Аднак, нягледзячы на спробы Цюдараў вынішчыць астатнія галіны Ёркаў, некаторыя нашчадкі дынастыі па жаночай лініі перажылі іх тэрор, і іх спадчыннікі жывуць і ў наш час. Гэта графы Лоўдаўны (жывуць у Аўстраліі) і бароны Стафарды, якія з'яўляюцца нашчадкамі Маргарыты дэ ла Поль.
Літаратура
правіць- Crawford, Anne. Yorkists: The History of a Dynasty. — Hambledon & London, 2007. — ISBN 1-85285-351-4.
Спасылкі
правіць- Артыкул «House of York» у Энцыклапедыі Брытаніка (англ.)
- Генеалагічнае дрэва Ёркаў на сайце Wars of the Roses Архівавана 28 красавіка 2009. (англ.)
- Ёркі на афіцыйным сайце Брытанскай манархіі (англ.)
- Бібліяграфія кніг пра прадстаўнікоў Ёркскай дынастыі (англ.)