Іван Бабіч

дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву

Іван Бабіч (19303 кастрычніка 1994) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, сябра глыбоцкай групы беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП). Брат Марыі Бабіч.[1]

Іван Бабіч
Нараджэнне 1930
Смерць 3 кастрычніка 1994(1994-10-03)
Бацька Рыгор Бабіч
Жонка Таццяна Бабіч
Адукацыя

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў 1930 г., у в. Бабічы Дзісенскага павета (Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка). У Другую сусветную вайну пасля адыхода немцаў разам з сястрой Марыяй Бабіч паступіў на вучобу ў Глыбоцкую педагагічную навучальню. У 1946 г. далучыўся да нелегальнай беларускай арганізацыі «За Беларусь», якая пазней улілася да Саюза беларускіх патрыётаў: студэнты вырашылі папулярызаваць беларускую мову і культуру, ідэю незалежнасці Беларусі. Трохі раней да арганізацыі далучылася Марыя Бабіч, але напачатку яны не здагадваліся пра ўдзел адзін аднаго. Належаў да глыбоцкай групы арганізацыі. Пра свой удзел у арганізацыі Іван Бабіч успамінаў так: «Мы мала што паспелі зрабіць. Ды і задачы ставілі перад сабой галоўным чынам культурна-асветніцкія: адстойваць сваю нацыянальную адметнасць, мову, культуру, гісторыю, свае традыцыі».

У лютым 1947 года савецкія спецслужбы пачалі арышты ўдзельнікаў арганізацыі: да пастаўскай групы ўвайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, які падштурхоўваў да тэрарызму, выдаваўшы сябе за ўдзельніка антысавецкай арганізацыі. Праз тое з 8 лютага Іван з сястрой пераходзяць на паўлегальнае становішча. Але ў глыбоцкай педнавучальні таксама быў свой агент МДБ — Канстанцін Талапіла, які спрычыніўся да арышту Івана і Марыі Бабічаў: абое былі арыштаваныя 8 верасня 1947 г. падчас верагоднай спробы выезду ў Польшчу на станцыі Навадруцак каля Глыбокага.

Пасля арышту знаходзіўся ў полацкай турме. Быў асуджаны разам з маці Ганнай і дзядзькам Аляксеем Бабічам, якіх судзілі за неданясенне. Пад час судовага працэсу былі дапушчаныя грубыя фальсіфікацыі, Івана Бабіча асудзілі як паўналетняга, дзеля чаго наўмысна напісалі нібыта ён нарадзіўся ў 1929 г. Іван Бабіч тлумачыў, чаму атрымаў менавіта 25 гадоў, у той час як іншыя шараговыя сябры атрымалі 10: «Маю віну асабліва абцяжарыла «зброя». Мне адмералі аж 25 гадоў. А я ж зброю наогул у руках не трымаў па-сапраўднаму. Пад час свайго гуляння па гумнах, па лесе меў з сабой усяго толькі сцізорык - хлеба, сала адкроіць». Адбываў пакаранне ў канцлагерах Комі АССР, пад Тайшэтам, у Нарыльску (Горлагу). У маі—ліпені 1953 г. браў удзел у паўстанні вязняў, якое ахапіла нарыльскі Горлаг. У 1955 г. разам з сястрой быў накіраваны ў Маладзечна на перагляд судовай справы, а ў хуткім часе быў вызвалены.

Пасля вяртання ў Беларусь знаходзіўся пад цікам мясцовых савецкіх уладаў, таму разам з Марыяй Бабіч і яе мужам Львом Бялевічам, які таксама належаў да СБП, выехаў на заробкі ў Інту (Комі АССР). Там працаваў у шахце і электрыкам шахтавага абсталявання. Некалькі разоў яго прадстаўлялі да працоўных узнагарод, але у канцы яго заўжды выкрэслівалі са спіскаў праз тое, што раней быў палітзняволеным. Урэшце толькі падчас перабудовы Іван Бабіч быў узнагароджаны ордэнам «шахцёрскай славы».

Пасля выхаду на пенсію разам з жонкай Таццянай вярнуўся ў Беларусь, пасяліўся ў Ваўкавыску. Сястра Марыя Бабіч успамінала: «Перад смерцю, прадчуваючы свой канец, ён папрасіў нас, родных, каб паклалі яго ў труну з выявай «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцягу, а на помніку напісалі: «Хай сняцца сны аб Беларусі». Мы выканалі ягоны запавет».

Памёр 3 кастрычніка 1994 г. пасля доўгай хваробы на рак, выкліканай пакутамі ў ГУЛАГу.

Зноскі

  1. http://slounik.org/154740.html Біяграфія Івана Бабіча

Літаратура правіць

  • Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 18, 20, 75, 86, 88, 117, 140, 141, 215-243, 311, 314, 340.
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3.

Спасылкі правіць

Гл. таксама правіць