Леў Ніканавіч Бялевіч

(Пасля перасылкі з Леў Бялевіч)

Леў Бялевіч (1926 — снежань 2015) — сябра глыбоцкай групы моладзевай падпольнай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП) з восені 1945 г. Вязень ГУЛАГу з 1947 па 1955 год.

Леў Ніканавіч Бялевіч
Леў Бялевіч.jpg
Нараджэнне 10 сакавіка 1926(1926-03-10)
Смерць снежань 2015 (89 гадоў)
Жонка Марыя Бабіч
Дзейнасць палітык

БіяграфіяПравіць

Нарадзіўся ў в. Багуцкія (цяпер Мёрскі раён, Віцебская вобласць) ў беларускай сялянскай сям'і, якая жыла з дзедам. Меў 3 сясцёр: Вера, Ніна, Надзея. Дзед навучаў Дабравесцю і беларускім вершам[1]. У дзяцінстве Льва выхоўвалі ў беларушчыне. Бялевіч добра ведаў гісторыю Беларусі, даўнія карані беларускай дзяржаўнасці.

  Ад дзядулі я ў маленстве пачуў пра паўстанне Кастуся Каліноўскага, пра дзікія выхадкі царскага служкі Мураўёва-вешальніка.  

У польскамоўнай пачатковай школе ў в. Раздзёрка, якую скончыў у чэрвені 1938 г., настаўніца забараняла размаўляць на беларускай мове. У верасні 1938 г. паступіў у в. Глушкі, якая знаходзілася за 15 км ад роднай в. Багуцкія, ў 7-гадовую польскамоўную школу, дзе скончыў 5-й клас. 17 верасня 1939 г. у в. Лужкі суправаджаў адыход Польскага войска і сустрэў Чырвоную армію пад Лужкамі. 12 лістапада 1939 г. Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў Закон аб уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. У выніку пайшоў паўторна ў 5-й клас у рускамоўнай школе з часткова беларускамоўным навучаннем (Русіфікацыя). Узімку 1939 г. стаў сведкам хапуна і высылкі на лесапавал сям’і суседа з 7 дзецьмі, які ажыццявілі супрацоўнікі НКУС СССР (Рэпрэсіі ў БССР)[1]. Дзядзька Бялевіча быў прызначаны савецкай адміністрацыяй старшынёй мясцовага Язненскага сельсавета, які стварылі 12 кастрычніка 1940 г.

У 6-й клас пайшоў пад нямецкай акупацыяй у школу ў вёсцы Язна (Мёрскі раён, Глыбоцкая вобласць, Генеральная акруга Беларусь). Яе дырэктарам быў дзеяч асветы Заходняй Беларусі Ігнат Мятла, які быў родным братам беларускага пасла польскага Сойма Пятра Мятлы (1922—1927; Беларускі пасольскі клуб). Усё навучанне было па-беларуску. Гісторыю вывучалі паводле падручніка «Кароткая гісторыя Беларусі» (Вільня, 1910) Вацлава Ластоўскага[1].

Узімку 1943 г. савецкія партызаны спалілі Язненскую школу. Льву давялося хадзіць пешшу ў в. Чарневічы (цяпер Глыбоцкі раён, Віцебская вобласць), што знаходзілася за 7 км. У 1943 г. па заканчэнні Чарневіцкай школы ўдала здаў экзамены ў Глыбоцкую прагімназію, але з прычыны цяжкага матэрыяльнага становішча вучыцца не змог. Увосень 1944 г., па прыходзе Чырвонай арміі, паступіў у толькі адчынены Глыбоцкі педагагічны тэхнікум (вучылішча). Выкладанне ў вучылішчы было вельмі русіфікаваным, бо выкладаць прывезлі расійскіх настаўнікаў з Урала. Усе 100 навучэнцаў правалілі ўступную рускамоўную дыктоўку. Па-беларуску выкладала толькі адна настаўніца: беларускую мову і літаратуру. У студзені 1946 г., на 2-м курсе Глыбоцкага педтэхнікума, увайшоў у Саюз беларускіх патрыётаў разам з аднакурснікамі для супольнай падрыхтоўкі да беларускамоўнага настаўніцтва. Саюз беларускіх патрыётаў уключыў гурток «За Беларусь» з пастаўскай педвучальні, пасля чаго зацвердзіў Статут і сацыял-дэмакратычную праграму, якая прадугледжвала незалежнасць Беларусі, бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня»[1].

Падчас разгрому СБП органамі МДБ за ўдзел у гэтай моладзевай арганізацыі Леў Бялевіч быў арыштаваны 8 лютага 1947. Разам з ім арыштавалі Васіля Мядзельца і Антона Фурса[1]. Прычыну хуткага паражэння Бялевіч бачыць ва ўласнай неасцярожнасці тагачасных маладых патрыётаў і правакатарстве аднаго з удзельнікаў СБП Алега Стахоўскага, які аказаўся супрацоўнікам энкавэдыстаў. Пасля суду над СБП у Мінску, які адбыўся 16-20 чэрвеня 1947, Бялевіч быў асуджаны паводле арт. 63-I КК БССР на 10 гадоў пазбаўлення волі.

Да лета 1948-га адбываў тэрмін у лагеры «Краснае ўрочышча» пад Мінскам. Працаваў на будаўніцтве Мінскага аўтамабільнага завода. Затым быў накіраваны ў Інцінскія лагеры (Комі АССР). Леў Бялевіч разам з Васілём Супрунам, Кастусём Шышэй, Шастаковічам арганізавалі зямляцкі гурток, які з'яўляўся беларускім цэнтрам у сістэме лагераў вакол Інты. У сакавіку 1953 г. перахварэў на жаўтуху (хвароба Боткіна). Пазней падчас аперацыі яму выдалілі частку страўніка ў выніку прабадной язвавай хваробы. Аперацыя доўжылася 4 гадзіны без наркозу[1]. З лагера быў вызвалены ў 1955 у выніку т. зв. хрушчоўскай «адлігі». Пасля вяртання ў Беларусь ажаніўся з Марыяй Бабіч, таксама колішнім сябрам СБП. З 1956 г. разам з жонкай пераехаў зноў пад Інту, дзе працаваў шахцёрам[2].

30 кастрычніка 1992 г. рэабілітаваны Вярхоўным судом Беларусі[3]. Пазней жыў у Полацку.[1]. Памёр у снежні 2015 г. ў Санкт-Пецярбургу.

ЦытатыПравіць

  Калі ў паваенны час нас было вельмі мала, то цяпер тысячы юнакоў і дзяўчат смела ідуць пад бел-чырвона-белым сцягам, баронячы волю і незалежнасць нашай краіны. Я веру, перамога будзе на іх баку[4].  

Зноскі

СпасылкіПравіць