Папраўчая калонія № 22
Папраўчая калонія № 22, таксама вядомая як «Воўчыя Норы» — папраўчая ўстанова ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў па Брэсцкай вобласці. Размешчана ў глухім лесе, на паўночны захад ад вёскі Даманава Івацэвіцкага раёна, каля колішняй леснічоўкі Мацееўка пры маёнтку Нізяны. Сваю мянушку атрымала ад іншай леснічоўкі Воўчыя Норы, якая размяшчалася за 2 км на захад[1].
Папраўчая калонія № 22 | |
---|---|
Каардынаты | 52°51′11″ пн. ш. 25°21′44″ у. д.HGЯO |
Адкрыццё | 1993 |
Адметнасцю гэтай калоніі было тое, што сюды накіроўвалі асуджаных паводле наркатычных артыкулаў, пасля 2020 года таксама палітвязняў. Адміністрацыя папраўчай установы вядомая сваёй жорсткасцю і стварэннем невыносных умоваў для асуджаных. Цяпер у калоніі «Воўчыя норы» адбываюць пакаранне больш за 1000 чалавек[1].
У калоніі ў вязні могуць атрымаць працу, звязаную з дрэваапрацоўкай, вучыцца і атрымаць спецыяльнасць. Акрамя гэтага, тыя, хто не жадае вучыцца, могуць працаваць з дротам[1].
На пад’ездах да ўстановы ў лесе шмат відэакамер, калі нехта набліжаецца да рэжымнага аб’екта, ахоўнікі выязджаюць насустрач людзям і патрабуюць патлумачыць, што яны робяць побач з турмой[1].
Гісторыя
правіцьУзнікла на месцы вайсковай часткі. У савецкі час непадалёк вёскі Даманава размяшчаўся ваенны гарадок. У 1993 годзе МУС Беларусі пастанавіла стварыць сярод лесу калонію строгага рэжыму. Але першыя зняволеныя трапілі ў гэтую турму толькі ў 2000 годзе[1].
У 2014 годзе ў калоніі адбыліся некаторыя змены, калі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узмацніць жорсткасць пакарання за распаўсюд наркотыкаў і ператварыць жыццё вінаватых у калоніі ў пекла[1]:
Для іх трэба стварыць невыносныя ўмовы ў месцах адбывання. Давайце адну з калоній адшкадуем для гэтага. Калі ў нас не стае такіх людзей на адну калонію, давайце адно падраздзяленне, казарму ці яшчэ нешта ў калоніі найстражэйшага рэжыму, зробім ім такі рэжым, каб яны, седзячы ў гэтай калоніі, наўпрост скажу, смерці прасілі. |
Пасля гэтых заяваў калонія атрымала статус узмоцненага рэжыму і сюды пачалі накіроўваць выключна асуджаных паводле наркатычнага артыкулу (арт. 328 КК). Адміністрацыя пачала ціснуць на вязняў. Гучнай стала смерць у 2015 годзе 38-гадовага асуджанага ў гэтай калоніі. Следчыя прыкмет гвалтоўнай смерці не выявілі, мужчына цярпеў на астму і сардэчна-сасудзістую хваробум
Праз узмоцнены рэжым асуджаныя маюць абмежаваную колькасць спатканняў з роднымі, не могуць атрымліваць шмат пасылак. За кожную скаргу асуджаныя іх могуць кінуць у ШІЗА ці памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Часта выкарыстоўваюць у якасці нагоды для пакарання вязняў так званае непадпарадкаванне рэжыму калоніі, непадпарадкаванне адміністрацыі. У выніку зняволеных могуць судзіць паводле арт. 117 КК («Злоснае парушэнне асуджанымі ўстаноўленага парадку адбывання пакарання»), да ранейшых тэрмінаў могуць прысудзіць яшчэ 1-2 гады зняволення[1].
Рух «Маці 328» не раз звяртаў увагу пра бесчалавечнае стаўленне да вязняў з боку намесніка кіраўніка рэжымна-аператыўнай працы Валянціна Столяра. У лістападзе 2018 года СМІ паведамілі пра бунт сярод вязняў. Маштабы супраціву асуджаных былі даволі істотнымі. Родныя зняволеных не змаглі палепшыць стаўлення да іх, але дзякуючы іхным намаганням у калоніі з’явілася добрая футбольная пляцоўка[1].
У канцы 2020 года, пасля распачатага рэжымам Лукашэнкі тэрору супраць нязгодных з фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў і гвалту супраць мірных пратэстоўцаў, стала вядома, што «Воўчыя норы» ў лістападзе наведваў адзін за найбольш актыўных душыцеляў пратэсту, кіраўнік ГУБАЗіКа Мікалай Карпянкоў. З запісу, які здолелі зрабіць удзельнікі нарады і які распаўсюдзілі прадстаўнікі «ByPol», стала вядома, што турму рыхтуюць для палітычных вязняў. Рэжым Лукашэнкі меркаваў стварыць на базе калоніі цэлы лагер для палітзняволеных[1].
Сказана распрацаваць, зрабіць лагер, ну не для ваеннапалонных, не для інтэрнаваных нават, а лагер для асабліва «востракапытных», такі, для адсялення. І паставіць калючы дрот, атрымліваецца, па перыметры. Там іх трымаць, пакуль усё не супакоіцца. |
Пасля гэтага візіту ўлады сапраўды змянілі спецыфіку турмы, тут змяніўся склад асуджаных, і рэжым зрабіўся яшчэ больш жорсткім. Сярэдні век вязня — 25 гадоў, сярэдні тэрмін пакарання — 10 гадоў[1].
Вядомыя вязні
правіць- Рыгор Кастусёў — беларускі палітык, старшыня Партыі БНФ, палітычны вязень
- Сцяпан Латыпаў — беларускі бізнесмен, палітычны вязень
- Алесь Пушкін — беларускі мастак, палітычны вязень.
- Уладзімір Малахоўскі — палітычны вязень з інваліднасцю, які мае анкалагічную хваробу.