Літоўская дзяржава
Літоўская дзяржава або агульналітоўская дзяржава — паняцце, якое абазначае гіпатэтычную этнічна літоўскую дзяржаву, якая на думку літоўскіх і некаторых іншых гісторыкаў існавала на землях літоўскага засялення ад пачатку 2 тысячагоддзя н.э.
У шэрагу навуковых школ, найперш у літоўскай[1], гэтая дзяржава лічыцца простай і непасрэднай папярэдніцай Вялікага Княства Літоўскага, а існаванне самой дзяржавы не аспрэчваецца. У найноўшай беларускай гістарыяграфіі замацавалася меркаванне аб тым, што такое дзяржаўна-палітычнае ўтварэнне не існавала.
Самым раннім дакументальным сведчаннем аб існаванні такой дзяржавы на думку прыхільнікаў гэтай канцэпцыі лічыцца дагавор 1219 г. літоўскіх князёў з Галіцка-Валынскім княствам, у якім згадваюцца імёны 20 літоўскіх князёў, у т.л. Міндоўга.
На думку Пашуты, палітычны лад гэтай дзяржавы развіваўся, на працягу XIII — сяр. XIV ст., ад канфедэрацыі зямель праз іх саюз да адносна адзінай манархіі; тэрытарыяльны рост пачаўся ад г.зв. «Літвы Міндоўга», вакол якой аб’ядналіся землі Аўкштайціі, Жамойці, часткова — Яцвягіі і Земгаліі. Грамадскі лад дзяржавы быў пачаткова ўтвораны сінтэзам раннефеадальных інстытутаў незавершанага феадалізму на землях карэннай Літвы з развітымі інстытутамі федальна-раздробнага ладу на падпарадкаваных землях Русі; гэтакі сінтэз спрычыніў, пад сяр. XIV ст., развіццё феадальнай раздробленасці і на землях Літвы.
Неабходнымі ўмовамі для ўтварэння такой дзяржавы сталіся разбурэнне першабытна-абшчынных і развіццё феадальных грамадскіх адносінаў на землях літоўскага засялення ў XII — пач. XIII ст., а непасрэдным повадам — ваенна-палітычная пагроза балцкім плямёнам у Прыбалтыцы з боку нямецкіх і скандынаўскіх каланістаў, рыцарскіх ордэнаў, Польшчы, а таксама, на думку шэрагу аўтараў[2], з боку мангола-татараў.
Зноскі
ЛітаратураПравіць
- Пашуто В. Т. Образование Литовского государства. — М. : Изд-во АН СССР, 1959. — 531 с.: ил.