Дагавор 1219 года — мірнае пагадненне, заключанае паміж літоўскімі і галіцка-валынскімі князямі ў канцы 1219 або пачатку 1220 года.

Дагавор 1219
Дагавор літоўскіх князёў з Галіцка-Валынскім княствам
Дата падпісання 1219
Бакі
  • група літоўскіх князёў
  • галіцкі князь Даніла і валынскі князь Васілька Раманавічы

У Галіцка-Вылынскім летапісе (паводле Іпацьеўскага спісу пад 6723 годам «ад стварэння свету», але ў гэтым спісе даты расстаўлены пазнейшым перапісчыкам адвольна) пададзены пералік князёў, што падпісалі дагавор, які, напэўна, быў узяты складальнікам летапісу з арыгіналу. Пералік каштоўны тым, што адлюстроўвае палітычны стан літоўскіх зямель. У ім фігуруюць 5 груп князёў — уладальнікаў асобных, але ўжо не раўнапраўных этнапалітычных аб’яднанняў. 5 прадстаўнікоў 1-й групы названы «старэйшымі», прычым парадак пераліку дазваляе меркаваць пра роднасныя сувязі паміж імі. Відаць, гэта былі прадстаўнікі аднаго княжацкага роду, які на той час палітычна дамінаваў над іншымі. Узначальваў яго Жывібунд пасля якога пералічаны 2 пары братоў: Даўят (або Даўял) з Вілікайлам і Даўспрунк з Міндоўгам. Магчыма, гэта былі сыны двух старэйшых братоў Жывібунда, якія самі да таго часу памерлі і ён стаў старэйшым у родзе. Другую групу ўтвараюць два князі, названыя жамойцкімі (Эрдзівіл і Выкінт); гэта магчыма сведчыць пра палітычную залежнасць жамойцкіх князёў ад Жывібунда і яго суродзічаў. Трэцюю групу ўтвараюць шэсць князёў, названых Рушкавічамі: Кінцібут, Ванібут, Бутавіт, Віжэік з сынам Вішліем, Кіценій, а таксама Плікосава — напэўна, удава памерлага Плікосы. Яны належалі да іншага роду, які магчыма таксама падпарадкоўваўся Жывібунду. Шматлікасць гэтых князёў паказвае, што іх уладанні былі моцна раздробненымі, напэўна, праз падзелу вотчын па бацькоўскай лініі, як гэта адбывалася і на ўсходнеславянскіх землях. Разам з тым наяўнасць у спісе жанчыны сведчыць пра пэўныя асаблівасці спадчыннага права літоўцаў: удава да паўторнага шлюбу кіравала мужавай вотчынай і лічылася роўнай з мужчынамі. Чацвёртая група князёў, таксама роднасных паміж сабой, выступае пад імем Булевічы. З іх названы Вішымут, пасля яго імя складальнік летапісу зрабіў прыпіску пра больш познія падзеі: «его же убн Мнндовг н жену его поял н братью его побнл Еднвнла, Спрудейка». Дапускаюць, што браты Вішымута таксама былі ўдзельнікамі дагавора. Іх лёс сведчыць, якім чынам адбывалася ўзвышэнне Міндоўга. Апошнюю групу ўтвараюць чатыры князі, што сумесна валодалі Дзяволтвай (пазнейшы Вількамірскі павет ВКЛ), і таксама, напэўна, былі суродзічамі: Юдзькі, Пукеік, Бікшы, Лікіік.

Непасрэдным вынікам дагавора стаў напад літоўцаў на польскія княствы, з якімі варагавалі галіцка-валынскія князі — удзельнікі дагавора: Даніла і Васілька Раманавічы і іх маці Раманава. Магчыма, літоўскія князі ініцыявалі дагавор каб адкрыць шлях да рабаўнічых набегаў на Польшчу, ад якой яе аддзялялі належныя Галіцка-Валынскаму княству Падляшша і Берасцейшчына. Падобная практыка літоўскіх князёў раней вядома з іх адносін з земгаламі і Рыжскім біскупствам, праз тэрыторыю якіх літоўцы здзяйснялі набегі на ліваў, эстаў, пазней з адносін з Полацкім княствам, праз чыю тэрыторыю здзяйсняліся набегі на Уладзіміра-Суздальскую і Наўгародскую землі, а таксама з Пінскім княствам, праз якое літоўцы праходзіла для нападу на Галіцка-Валынскія землі.

Літаратура

правіць
  • Насевіч, В. Дагавор 1219 / Вячаслаў Насевіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: у 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]; мастак З. Э. Герасімовіч]. Т. 1: А — К. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2007. — 684, [2] с. — С. 568. — ISBN 978-985-11-0393-1.