Азярное (археалагічныя помнікі)

Азярное — археалагічныя помнікі: паселішчы каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў каля в. Азярное (Любанскі раён, Мінская вобласць), на воз. Вячэра. Выявіў і даследаваў у 19851991 гг. М. М. Крывальцэвіч.

Паселішча—1 правіць

Знаходзіцца за 0,7 км на захад ад вёскі, на пясчаным узвышшы (памеры 250х150 м, вышынёй да 4,5 м) каля воз. Вячэра, ва ўрочышчы Дубное. На выдме паўночна-заходняй часткі пагорка знойдзены крамянёвыя вырабы, фрагменты посуду эпохі бронзы і жалезнага веку. Тэрыторыя выдмы даследавалася паквадратнымі паверхневымі зборамі на плошчы 548 м2. Вылучаецца комплекс матэрыялаў кудлаеўскай культуры мезалітычнага перыяду VIIIV-га тыс. да н.э. Раскопы і шурфы плошчай каля 800 м2 закладаліся на паўднёва-заходняй і заходняй ускраіне ўзвышша. На пляцоўцы памерамі 145х95 м выяўлены рэшткі паселішчаў каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. Культурны пласт 0,6 м. Знойдзены крамянёвыя прылады (нажы, скрабкі, скоблі, праколкі, разцы, адбойнікі, рэтушоры, наканечнікі стрэл і інш.), кераміка ўсходнепалескага варыянта днепра-данецкай культуры з элементамі неалітычнай нёманскай культуры. Посуд вастрадонны з пукатым, часам рабрыстым тулавам, адагнутымі вонкі венчыкамі. Аздабленне: грабеньчатыя штампы, наколы, насечкі, лініі, «вусеневыя», лапчастыя, вузельчатыя, шнуравыя адбіткі. Для перыяду 2-й паловы III — пачатку II-га тыс. да н.э. характэрны комплекс сярэднедняпроўскай культуры з элементамі культуры шнуровой керамікі і культуры шарападобных амфар, позняга этапу днепра-данецкай культуры. Выяўлены сляды наземнай пабудовы. Знойдзены каменныя (сякера-клін, абломкі шліфавальных плітак) і крамянёвыя вырабы (чатырохграннае шліфаванае долата, фрагменты шліфаваных сякер, трохвугольныя наканечнікі стрэл, нажы і інш.), абломкі посуду амфарнага тыпу, слоікавай формы, місак. Аздабленне складалася з лінейных штампаў, зубчатых адбіткаў, наколаў, шнуравых і «вусеневых» арнаментаў, пракрэсленых ліній. Выяўлены комплекс знаходак тшцінецкага культурнага кола, які мае лакальныя паўночна-палескія асаблівасці. Вылучаюцца абломкі гаршкоў, слоікавага посуду, місак. Паверхня посуду загладжавалася і ангабавалася, часта пакрывалася арнаментам ад венчыка да дна. Кераміка ў асноўным упрыгожвалася т.зв. «ружанцовым» арнаментам, радзей пракрэсленымі лініямі, наколамі. Тшцінецкая кераміка датуецца ад 1700/1600 да канца II-га тыс. да н.э. Частка фрагментаў посуду мае аналагі на помніках лебядоўскай культуры позняга перыяду бронзавага веку. Знойдзена кераміка эпохі жалеза — мілаградскай культуры (з пукатым тулавам, высокай шыйкай, аздобленая «жамчужным» арнаментам) і рабрысты штрыхаваны посуд з выгнутымі шыйкамі.

Паселішча—2 правіць

Знаходзіцца за 0,8—1 км на паўднёвы захад ад вёскі, на пясчаным мысападобным выступе берага воз. Вячэра (паселішча—2А) і ў падводнай зоне возера (паселішча—2Б). Большая частка паселішча—2А разбурана пры будаўніцтве копанак у 1970-я г. Пры паверхневых зборах знойдзены кераміка і крамянёвыя вырабы каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. Паселішча—2Б знаходзіцца насупраць паселішча—2А у донных адкладах воз. Вячэра. Злакалізаваныя пад вадой артэфакты збіраліся ў 19851991 гг., калі на возеры вялася прамысловая здабыча сапрапелю. Глыбіня вады ў зоне залягання культурных рэшткаў дасягала да 1,5 м, магутнасць донных сапрапелевых адкладаў — 3,9 м. Артэфакты сустракаліся ў межах ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх сотняў метраў ад берага. Комплексы выпадковых знаходак з Азярнога—2Б складаюцца з 1150 фрагментаў керамікі, крамянёвага інвентару, рэшткаў костак і рагоў жывёл, больш чым 120 касцяных і рагавых вырабаў. Параўнальна-тыпалагічны аналіз знаходак дазваляе вылучыць мезалітычны і неалітычны комплексы. Пераважная большасць мезалітычных тыпаў касцяных і рагавых вырабаў мае аналагі ў яніславіцкай культуры, культуры кунда. Сярод артэфактаў вялікае значэнне належыць касцяным і рагавым вырабам. На некаторых з іх захаваліся гравіраваныя малюнкі з выявамі людзей і арнаментальнае аздабленне. У складзе керамічнай калекцыі налічваецца каля 1100 абломкаў неалітычнага посуду (прыблізна ад 100 пасудзін) усходнепалескага варыянта днепра-данецкай культуры. Каля 50 фрагментаў посуду маюць прыкметы культуры шнуравой керамікі. Кераміка паселішча—2Б датуецца IVIII-м тыс. да н.э.

Літаратура правіць

  • Кривальцевич, Н. Н. Исследования в центральной части Белорусского Полесья / Н. Н. Кривальцевич // Археологические открытия 1985 года / Отв. ред. В. П. Шилов. — М.: Наука, 1987. — С. 455 — 456: ил.
  • Кривальцевич Н.Н. Новые данные к вопросу культурной принадлежности памятников бронзового века в Припятском Полесье Белоруссии // Актуальные проблемы историко-археологических исследований: Тезисы докладов VI Респ. конф. Молодых археологов, Киев, октябрь 1987 г. / [Редкол.: Е. В. Максимов (отв. ред.) и др.]. — Киев: Наукова думка, 1987. — 189, [1] с. — С.
  • Крывальцэыіч, М. М. Азярное / М. М. Крывальцэвіч // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 24 — 25. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Крывальцэвіч, М. М. Азярное / М. М. Крывальцэвіч // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 29 — 30. — ISBN 5-85700-077-7.