Алесь Суша (мастак)

беларускі мастак-пейзажыст

Алесь Сямёнавіч Суша (нар. 9 студзеня 1963, в. Дамавіцк, Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць) — беларускі мастак-пейзажыст.

Алесь Суша
Фатаграфія
Імя пры нараджэнні Аляксандр Сямёнавіч Суша
Дата нараджэння 9 студзеня 1963(1963-01-09) (61 год)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак
Жанр пейзаж, нацюрморт і партрэт
Вучоба
Мастацкі кірунак рэалізм
Член у
Прэміі

Біяграфія

правіць

Малодшы з шасці дзяцей у сям’і.

Настаўнік малявання ў школе заўважыў талент Алеся і прынёс бацькам газетную абвестку пра набор дзяцей у мастацкую школу. Пасля ўгавораў старэйшымі сёстрамі, бацька згадзіўся.

У 1977 годзе паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя І. Ахрэмчыка. У 1986 годзе скончыў аддзяленне манументальнага жывапісу Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута пад кіраўніцтвам Гаўрылы Вашчанкі. Пасля службы ў арміі тры гады праходзіў стажыроўку ў творчай майстэрні Акадэміі мастацтва СССР у Мінску пад кіраўніцтвам Міхаіла Савіцкага.

Жыве ў Мінску.

Творчасць

правіць

Пачаў творчую дзейнасць яшчэ са студэнцкіх часоў. Першы дыплом атрымаў у 1983 годзе за ўдзел у студэнцкай выставе. Працуе як у манументальным мастацтве — у тэхніках мазаікі і сграфіта, так і ў розных жанрах станковага жывапісу — пейзаж, партрэт, нацюрморт, фігуратыўная кампазіцыя. Творы мастака вылучаюцца высокім прафесіяналізмам, заўсёды з’яўляюцца адметнасцю на рэспубліканскіх выставах, адлюстроўваюць глыбокі ўнутраны свет мастака, яго душэўныя перажыванні.

У 1990 годзе ўдзельнік міжнароднай выставы маладых мастакоў у Берліне. Член Беларускага саюза мастакоў з 1991 года.

У 1993—2003 гадах адбыліся персанальныя выставы ў Беларусі — Мінску, Брэсце, Чэрвені, Лагойску, Мазыры, а таксама ў Маскве, Празе, Брно, Сопаце, Варшаве, Берліне, Бруселі, Вене і іншых гарадах свету. З 1998 года — пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх мастацкіх выстаў.

У 2006 годзе прымаў удзел у афармленні Нацыянальнай бібліятэкі — роспіс на ляўкасе «Кірмаш».

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у фондах Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, фондах Міністэрства культуры Беларусі, у музеях Чэрвеня, Лагойска, Пінска, мастацкім музеі Бранска, Трубчэўска (Расія), у фондах Міністэрства культуры Арменіі, у прыватных зборах блізкага і далёкага замежжа.

Асноўныя творы А. С. Сушы — «Бульба» (1997), «Чаканне», «Давай сябраваць», «Напаследак» (1991); «Сухая вішня» (1992), «У кафэ» (1994), «Раніца» (1995), «Старая лямпа» (2003), «Восень» (2005), «У бабулінай хаце» (2007), «Сёстры» (2009), «Пасля рэпетыцыі» (2010).

У час працы ў Брэсцкім мастацкім камбінаце зрабіў шэраг манументальных прац, сярод якіх вылучаецца своеасаблівым мастацкім рашэннем сграфіта «Гімн чалавецтву» (1988) ў Бярозе і мазаіка «Мацярынства» (1989) для санаторыя-прафілакторыя ў Брэсце.

Творчая дзейнасць мастака была адзначана на маладзёжнай выставе ў 1989 годзе, яго праца «Напаследак» прымала ўдзел у выставе маладых мастакоў Беларусі ў Берліне. У гэты перыяд творы мастака былі надрукаваны ў часопісах «Полымя», «Маладосць».

У 2004 годзе прымаў удзел у рэстаўрацыі Свята-Сімеонаўскага сабора ў Брэсце. У 2006 годзе прымаў удзел у афармленні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Праца «Кірмаш», выкананая ў тэхніцы ляўкасу, вызначаецца каларыстычнай гармоніяй, своеасаблівасцю выканання, была высока адзначана спецыялістамі.

У 2011 годзе выйграў конкурс на афармленне Нацыянальнага парка «Прыпяцкі» дыярамай «Зіма». Мастацкім саветам твор быў адзначаны як найбольш паспяховы.

А. С. Суша прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. У 2004—2009 гадах быў сябрам бюро секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, старшынёй Праўлення Мінскага мастацкага камбіната.

З 2011 года быў старшынёй секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, сябрам Прэзідыума Беларускага саюза мастакоў, сябрам Рады Беларускага саюза мастакоў.

А. С. Суша шмат вандруе па Беларусі, гісторыя, духоўная спадчына, помнікі архітэктуры з’яўляюцца важнай часткай у яго жыцці. Творчая дзейнасць накіравана на захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны, пра што сведчаць яго творы — «Івянец» (2008), «Ашмяны» (2008), «Навагрудчына» (2009), «Пінск» (2009), «Раваніцкі парк» (2910), «Крэва» (2010), «Шлях» (2010), «Млын у Гальшанах» (2011).

Рэгулярна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных пленэрах, у Трубчэўску (Расія) у 1999 годзе, у Літве — 2007, у Белавежскай пушчы — 2010 годзе. У 2011 годзе міжнародны сімпозіум жывапісцаў у Арменіі, у 2013 годзе — у Літве і Арменіі.

У 2012 годзе прымаў удзел у мастацкім афармленні Мемарыяльнага комплексу капліцы ў гонар іконы «Знамение Пресвятой Богородицы». У складзе групы мастакоў атрымаў прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

Бібліяграфія

правіць
  • Бяляўскі С. А. SUSHA каталог жывапісу / Бяляўскі С. А.. — Мінск: Дзяржаўнае прадпрыемства "БудМедыяПраект", 2024. — 124 с. — ISBN 978-985-7296-25-5.

Выставы

правіць
  • 2005 — удзельнік Аўкцыённага дома Крысці.
  • 2005 — персанальная выстава ў Маскве, галерэя «Варшаўка».
  • 2006 — персанальная выстава ў Маскве, галерэя «Ролан».
  • 2007 — персанальная выстава ў Маскве, галерэя «Новы век».
  • 2007 — персанальная выстава ў Вільнюсе, «Руская галерэя».
  • 2008 — персанальная выстава ў Мінску, галерэя «Артблік».
  • 2009 — персанальная выстава ў Мінску, галерэя «Мастацтва».
  • 2010 — персанальная выстава ў Мінску, галерэя «Канцэпцыя».
  • 2012 — персанальная выстава ў Мінску, Музей сучаснага мастацтва.
  • 2013 — персанальная выстава ў Астраўцы.
  • 2013 — персанальная выстава ў Чэрвені.
  • 2022 — персанальная выстава ў Мінску, галерэя «БелАрт».

Спасылкі

правіць