Анатоль Яўхімавіч Белы

(Пасля перасылкі з Анатоль Белы)

Анатоль Яўхімавіч Белы (нар. 10 снежня 1939, Старыя Дарогі Мінскай вобл. — 14 лістапада 2011, Мінск) — беларускі грамадска-культурны дзеяч, навуковец, калекцыянер, стваральнік прыватнага мастацкага музея ў горадзе Старыя Дарогі (цяпер Старадарожскі мастацкі музей).

Анатоль Яўхімавіч Белы
Род дзейнасці гісторык, калекцыянер мастацтва
Дата нараджэння 10 снежня 1939(1939-12-10)
Месца нараджэння
Дата смерці 15 кастрычніка 2011(2011-10-15) (71 год) ці 14 лістапада 2011(2011-11-14)[1] (71 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Альма-матар
Член у

Біяграфія

правіць

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1967). Працаваў вучоным сакратаром музея Вялікай Айчыннай вайны, быў першым дырэктарам музейных комплексаў «Хатынь» і «Курган Славы». Заснавальнік і старшыня грамадска-асветніцкага клуба «Спадчына» (1984). Сумесна з сябрамі клуба «Спадчына» ў 1985 годзе выступіў ініцыятарам звароту ў ЦК КПБ, Саўмін БССР і ВС БССР аб ушанаванні 125-х угодкаў студзеньскага паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. Адзін з прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, якія падпісалі ліст ў ЦК КПСС аб стане беларускай мовы і культуры ў Беларусі. З 1995 года выкладаў у БДУ. Сябар Саюза мастакоў Беларусі (1995), Саюза беларускіх пісьменнікаў (1999). За ўдзел у палітычных акцыях быў неаднаразова арыштаваны, звольнены з працы выкладчыка БДУ.

Памёр у Мінску пасля цяжкай хваробы. Развітанне з Анатолем Белым адбылося 17 лістапада 2011 года ў Мінску. Пахаваны ў Старых Дарогах[2].

Дзейнасць

правіць

Адзін з заснавальнікаў таварыства «Бацькаўшчына». Адзін з заснавальнікаў і Ганаровы сябар рэдкалегіі беларуска-амерыканскага часопіса «Полацак» (1991, Кліўленд, ЗША). Актыўна ўдзельнічаў у выданні альманахаў «Спадчына „Спадчыны“» (1994), «Скрыжалі „Спадчыны“» (1996, 1998, 2006, 2007), плакатаў-календароў «Радавод полацкіх і вялікіх беларускіх (літоўскіх) князёў» (1995), «Старажытная Беларусь часоў Вітаўта Вялікага» (1996), «Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі» — зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння М. І. Ермаловіча (у сааўт. 2007). Таксама ім падрыхтаваны 5 каталогаў, даведачная літаратура, звыш 150 артыкулаў пра беларускае мастацтва і яго гісторыю.

Арганізатар шэрагу тэматычных выставак: «Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года ў Беларусі» (Мінск, 1986, 1990, 1991; Магілёў, 1988, 1991), «Францыск Скарына» (Мінск, Яраслаўль, ЗША, 1985, 1986, 1990, 1991), «Максім Багдановіч» (Мінск, 1996), «Дзеячы беларускага замежжа» (Мінск, 1994, 1996), «Уладары старажытнай Беларусі» (Мінск, 1996), «Любіць Радзіму — шанаваць родную мову» (Мінск, 1990, 1991, 1994, 1996), «Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах» (Мінск, ЗША, 1990, 1991, 1996), «Медальернае мастацтва Беларусі» (Мінск, 1984).

Таксама А. Я. Белы — арганізатар і адзін з фундатараў устаноўкі помнікаў М. Багдановічу ў Яраслаўлі (1994, аўтар С. Вакар); А. Я. Багдановічу ў г.п. Халопенічы (1998, аўтар У. Лятун); помнікаў у дворыку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Францыску Скарыне (1998, аўтар С. Адашкевіч), Міколу Гусоўскаму (1998, аўтар У. Панцялееў), Кірылу Тураўскаму (1996, аўтар А. Прохараў), Еўфрасінні Полацкай (1999, аўтар І. Голубеў), «Дыспут: В. Цяпінскі і С. Будны» (2000, аўтар І. Голубеў); у Мінскай праваслаўнай епархіі — Кірылу Тураўскаму (1995, аўтар Ю. Платонаў); у Полацку — Еўфрасінні Полацкай (2000, аўтар І. Голубеў); у г. Зэльва Гродзенскай вобласці — Ларысе Геніюш (2002, аўтар М. Інькоў); у гарадах Старыя Дарогі і Маладзечна — Міколу Ермаловічу (2002, аўтар У. Мелехаў) і інш. Шмат помнікаў было ўстаноўлена на сядзібе прыватнага музея А. Я. Белага ў горадзе Старыя Дарогі, у 2011 годзе там знаходзіліся дзесяткі помнікаў дзеячам беларускай гісторыі і культуры.

Калекцыя і музей

правіць

Сабраў вялікую калекцыю твораў жывапісу, графікі, медальернага і дэкаратыўнага мастацтва (каля 3000 адзінак). Арганізатар тэматычных выставак. Частку сабраных твораў перадаў ВНУ, дзяржаўным музеям. На аснове сваёй калекцыі ў 1990 заснаваў, а 11 снежня 1999 адкрыў на сваёй сядзібе ў горадзе Старыя Дарогі прыватны музей выяўленчага мастацтва (цяпер Старадарожскі мастацкі музей). Выдаў звыш 150 артыкулаў пра беларускае мастацтва і яго гісторыю.

Прызнанне

правіць

Сябра Саюза мастакоў Беларусі (1995) і Саюза беларускіх пісьменнікаў (1999).

За дзейнасць па захаванні нацыянальнай спадчыны ўзнагароджаны ордэнам «Гонар Айчыны» (1997); ордэнам Кірылы Тураўскага, дзвюма граматамі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта; медалём імя Яна Масарыка Міністэрства замежных спраў Чэшскай Рэспублікі ў знак падзякі за супрацоўніцтва ў паглыбленні беларуска-чэшскіх стасункаў (2007); дыпламант Міжнароднага Кембрыджскага цэнтра (1999).

Зноскі

  1. Library of Congress AuthoritiesLibrary of Congress. Праверана 21 студзеня 2020.
  2. Вянок памяці: Анатоль Белы

Літаратура

правіць
  • Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. — Т. 3. — Мн., 1996.
  • Беларускі саюз мастакоў, 1938—1998: энцыклапедычны даведнік. — Мн., 1998.
  • Памяці Анатоля Белага Архівавана 30 кастрычніка 2012. // «Інфа-кур’ер». — 16/11/11, 12:57.

Спасылкі

правіць