Старадарожскі мастацкі музей

музей у горадзе Старыя Дарогі Мінскай вобласці

Старадарожскі мастацкі музей Анатоля Белага — музей, заснаваны ў горадзе Старыя Дарогі Мінскай вобласці ў 1990 годзе. У аснову музея пакладзена асабістая калекцыя Анатоля Яўхімавіча Белага. Урачыстае адкрыццё музея адбылося 11 снежня 1999 года, на другі дзень пасля 60-годдзя А. Я. Белага.

Старадарожскі мастацкі музей
Заснаваны 1990
Заснавальнік Анатоль Яўхімавіч Белы
Месцазнаходжанне Старыя Дарогі, Мінская вобласць

Гісторыя музея

правіць

Музей створаны А. Я. Белым як прыватны, асновай экспазіцыі стала сямейная калекцыя. Пачатак збору калекцыі сям'і Белых быў пакладзены дзедам А. Я. Белага — Васілём. Так ад Васіля Белага было атрымана некалькі манет Вялікага княства Літоўскага, на якія Анатоль Белы ў сярэдзіне 1970-х купіў некалькі мастацкіх твораў для сваёй будучай калекцыі. Сапраўднае калекцыяніраванне пачаў бацька А. Я. Белага — Яўхім Белы, які ў вясковай сядзібе пачаў збіраць творы мастацтва беларускай тэматыкі. Калекцыяніраванне самога Анатоля Белала пачалося з кнігазбору ў студэнцкія гады, а цікаўнасць да мастацтва з цягам часу прычынілася да калекцыяніравання мастацкіх твораў — спачатку Анатоль Белы захапіўся медальёнамі, яны падштурхнулі да збору графікі, апошняя ў сваю чаргу да збору жывапісу. Анатоль Белы сябраваў з многімі мастакамі — атрымліваў ад іх у дар карціны.

Вынікам некалькіх дзесяцігоддзяў збіральніцкай дзейнасці стала калекцыя, якая не магла размясціцца ў асабістым жыллі А. Я. Белага і кватэрах яго сяброў. Шматлікія звароты да ўлад аб атрыманні памяшкання пад музей былі задаволены толькі ў пачатку 1980-х, калі калекцыянер здолеў атрымаць некалькі пакояў у раённым домакіраўніцтве для арганізацыі экспазіцыі сваёй мастацкай калекцыі. Гэтым быў закладзены пачатак прыватнага мастацкага музея Анатоля Белага ў Старых Дарогах, але праз пэўны час калекцыя зноў засталася без памяшкання.

У 1990 годзе А. Я. Белы вырашыў стварыць музей на базе дома сваіх бацькоў у Старых Дарогах. Да будынка было прыбудавана некалькі памяшканняў і паверх, сюды на 10 аўтобусах з Мінска была перавезена калекцыя. Урачыстае адкрыццё музея адбылося 10.12.1999 года.

Прыватны мастацкі музей у Старых Дарогах адзін з нямногіх (каля 10) прыватных музеяў Беларусі. Уваход у музей вольны, ёсць экскурсавод, але, каб патрапіць у музей, трэба папярэдне звязацца па тэлефону з роднымі А. Я. Белага.

Кантакты

правіць

Адрас музея: г. Старыя Дарогі, вул. Садовая, 52.

Кантактныя нумары ў Старых Дарогах: (017 92) 57-068 Ала Мікалаеўна Белая

У Мінску: (017) 347-66-08

Музейная экспазіцыя

правіць

Экспазіцыя мае каля 4 тысяч экспанатаў, плошча каля 500 м². Аснову мастацкай калекцыі склаў асабісты збор А. Я. Белага: жывапіс, графіка, скульптура, медальернае мастацтва (каля 600 адзінак) і нумізматыка (самым старажытным экспанатам з’яўляецца каранацыйны медаль караля Аўгуста III, датаваны 1730 годам). Музей мае 7 тэматычных залаў.

У зале «Жывапісная Беларусь» экспануюцца творы беларускіх мастакоў Г. Вашчанкі («Беларускі краявід», 1983), М. Карпука («Асеннія палеткі», 1992), І. Рэя («Зялены краявід», 1985), У. Стальмашонка («Слёзы Адама», 1992; «Першыя і апошнія каралі Рэчы Паспалітай», 2003), Б. Ціханава («Маці касманаўта Клімука», 1980), Г. Ціхановіча («Веру — уваскрэснеш», 1997), Я. Ціхановіча («Уладзіслаў Галубок», 1944; «Партызаны ў разведцы», 1995) і інш.

У зале «Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах» сабраны партрэты князёў, святых, асветнікаў, палкаводцаў Вялікага Княства Літоўскага, дзеячаў «нашаніўскага» перыяду і беларускага замежжа, выявы помнікаў архітэктуры старажытных гарадоў Беларусі, карта Вялікага Княства Літоўскага часоў вялікага князя Вітаўта, радавод полацкіх князёў і вялікіх князёў літоўскіх. Экспануюцца творы беларускіх мастакоў А. Крывенкі, У. Стальмашонка, А. Цыркунова і інш.

У зале «Творы мастака А. Пятрухны» сабрана каля 150 твораў жывапісу, графікі, акварэлі. Тут знаходзяцца стэнды, прысвечаныя беларускаму пісьменніку В. Быкаву: кнігі, ілюстрацыі мастакоў да яго твораў, асабістыя рэчы.

Зала «Сябры клуба „Спадчына“» змяшчае партрэты сяброў клуба, іх кнігі, артыкулы ў часопісах і газетах, асабістыя рэчы, афішы, дыскі, запісы выступленняў і інш.

Зала «Скульптура і медальерная кераміка» прадстаўлена творамі беларускіх скульптараў і майстроў медальернага мастацтва: М. Кандрацьева, У. Мелехава, М. Несцярэўскага і інш.

Зала «Гісторыя Беларусі ў графіцы» мае 3 раздзелы. У раздзеле «Старажытная Беларусь» прадстаўлены постаці Е. Полацкай, К. Тураўскага, М. Гусоўскага, С. Буднага, В. Цяпінскага і інш. У раздзеле «Змагарная Беларусь» жывапісныя і графічныя партрэты ўдзельнікаў паўстанняў 1794 і 1830—1831, Т. Касцюшкі і яго паплечнікаў, філарэтаў і філаматаў, А. Міцкевіча, К. Каліноўскага, Э. Плятэр. Раздзел «Маладая Беларусь» змяшчае творы медальернага мастацтва, прысвечаныя Ф. Скарыне, М. Гусоўскаму, Я. Купале, Я. Коласу, Цётцы, К. Каганцу.

У зале «Любіць Радзіму, шанаваць родную мову» экспануюцца партрэты дзеячаў беларускай культуры: М. Багдановіча, Ф. Скарыны і інш., творы заходнебеларускіх мастакоў Я. Драздовіча, М. Сеўрука, П. Сергіевіча.

Па-за будынкам музея дэманструюцца помнікі — скульптуры (77 адз.) вялікім літоўскім князям Міндоўгу, Віценю, Вітаўту, Ягайлу, а таксама Л. Сапегу, Ф. Скарыне, К. Каліноўскаму, Ф. Багушэвічу, А. і М. Багдановічам, М. Улашчыку, В. Быкаву, А. Бярозку і іншым дзеячам гісторыі і культуры Беларусі. Таксама на тэрыторыі сядзібы знаходзяцца камень Мовы (са 100 імёнамі беларусаў-змагароў за родную мову) і камень Гісторыі (100 імёнаў гісторыкаў і публіцыстаў).

Экспазіцыя мастацкага музея часта мяняюцца: з’явіліся асобныя раздзелы, прысвечаныя К. Каліноўскаму і Ф. Скарыну, царкоўным дзеячам. У музеі шмат эміграцыйных выданняў, кніг Н. Арсенневай, А. Бярозкі, Я. Кіпеля, «Запісы БІНІМ», «Конадні», «Полацак» і іншыя.

У музеі ёсць стэнд з творамі мастакоў Заходняй Беларусі пачатку XX стагоддзя: Я. Драздовіча, П. Сергіевіча, В. Жаўняровіча. Пры тым, на творы В. Жаўняровіча ў музея маюцца дакументы, якія сведчаць, што гэтыя творы выстаўляліся ў самых прэстыжных залах Францыі.

Таксама ў Старадарожскім музеі А. Белага выстаўлены арыгінал твору знакамітага мастака XIX стагоддзя Валенція Ваньковіча, адзіны арыгінальны твор Валенція Ваньковіча ў Беларусі. На шыльдзе пад творам пазначана, што гэта дар беларускаму народу ад мастака Арлена Кашкурэвіча. Там жа знаходзіцца рарытэтны бюст Валенція Ваньковіча.

У музеі часта ладзяцца выставы. Найбольш значныя: «Любіць Радзіму — шанаваць родную мову», «Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах», «Беларускія Калумбы» і інш.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць