Андрэй Міхайлавіч Мельнікаў

Андрэ́й Міха́йлавіч Ме́льнікаў (нар. 24 лістапада 1965 года, г. Гомель, Гомельская вобласць) — бард (гітара), літаратар, заснавальнік фэстаў беларускай аўтарскай песні «Аршанская бітва», «Талькаўскі фэст», аўтар больш за 2 дзясяткі альбомаў на тэму нацыянальнага адраджэння і жыцця ў постсавецкіх рэаліях.

Андрэй Мельнікаў
Канцэрт ва Уроцлаве (Польшча).
Канцэрт ва Уроцлаве (Польшча).
Асноўная інфармацыя
Поўнае імя Андрэй Міхайлавіч Мельнікаў
Дата нараджэння 24 лістапада 1965(1965-11-24) (58 гадоў)
Месца нараджэння
Краіна Беларусь
Альма-матар
Музычная дзейнасць
Прафесіі Музыка, літаратар
Інструменты Гітара
Жанры Аўтарская песня

Біяграфія правіць

Працаваў у г. Светлагорску (прадпрыемства «Цэнтрэнергамантаж»). Закончыў завочны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны (спецыяльнасць — беларуская мова і літаратура).

Творчасць правіць

Сваю беларускую творчую дзейнасць пачаў у другой палове 1980-х з песень «Песня з мінуўшчыны», «Казка», якія адразу сталі вядомымі ў беларускіх нацыянальна арыентаваных колах.

Альбом «За сцягі, за волю!» быў запісаны ў 1989 годзе самапалам, але шырокая папулярнасць спрыяла таму, што з аднаўленнем музычна-выдавецкай дзейнасці ў краіне альбом быў перавыдадзены. Амаль усе песні першага альбому былі прысвечаны тэме нацыянальнага адраджэння і адразу знайшлі свайго слухача.

У 1991 годзе выйшаў альбом «Успамін». Адзін з нешматлікіх альбомаў барда, у якім пераважае лірычная тэма. У альбом увайшло больш за 20 песень. Праз некалькі год альбом быў перавыдадзены.

У 1991 годзе выйшаў у масавы тыраж альбом «Да апошняга камісара». У песнях альбому, як і ў ранейшых, пераважае гістарычная тэма, вялікая заклапочанасць лёсам нацыі.

Цалкам з эмігранцкай беларускай паэзіі склаўся альбом Андрэй Мельнікава «Песні выгнання» (1994). Песні з альбому адкрылі для беларусаў многіх таленавітых паэтаў эміграцыі.

13 кастрычніка 1996 года выйшаў альбом «Гэта МЫ». Песні альбома — гэта адлюстраванне падзей першых гадоў незалежнасці Беларусі. Песня «Гэта Мы» з аднайменнага альбому стала гімнам патрыятычнай моладзі тых часоў. Праз некалькі гадоў песня выйшла ў рокавай аранжыроўцы ў выканні гурта «Новае Неба» з Касяй Камоцкай. У канцы 90-х песні з альбому можна была пачуць амаль на кожнай беларускай вечарыне. У 2007 годзе альбом быў перавыдадзены і таксама даволі хутка раскуплены.

У 1996 годзе ў Польшчы быў выдадзены альбом «Шлях». У склад альбому ўвайшло больш за 2 дзясяткі песень як на словы самога Андрэя Мельнікава, так і на словы А. Сыса, А. Змагара, А. Тананы, К. Атраховіча, а таксама народная песня «Продразвёрстка».

У 2008 годзе ў Польшчы быў выдадзены альбом «Пад знакамі Арла і Пагоні». На ім, як і на ранейшых, пераважае тэма нацыянальнага адраджэння.

У 2012 годзе быў выдадзены ў Польшчы альбом «Як з-за выспы на фарвацер» пры падтрымцы «Радыё Рацыя». У тым жа годзе ў Беларусі выйшаў альбом Андрэя Мельнікава «Зубы на далоні». Альбом з'яўляецца пэўнай рэакцыяй барда на падзеі Плошчы 2010.

Асноўная тэма песень барда — Бог, Радзіма, каханне. Андрэй Мельнікаў першым сярод музыкантаў звярнуўся да постаці С. Булак-Балаховіча і падзей Слуцкага збройнага чына. У яго творчай скарбонцы — больш за 2 дзясяткі альбомаў на тэму нацыянальнага адраджэння і жыцця ў постсавецкіх рэаліях. Песні А. Мельнікава сталі класікай беларускай бардаўскай песні.

У рэпертуары барда песні на вершы М. Багдановіча, А. Гаруна, У. Караткевіча, Т. Лебяды, Н. Арсенневай, Я. Купалы, К. Крапівы, А. Змагара, Р. Барадуліна, С. Паўлоўскага, Л. Галубовіч, Л. Сом, А. Тананы, А. Спіцына, А. Сыса, А. Мізулы, Л. Дранько-Майсюка, Л. Баршчэўскага, Зніча (А. Бембеля), Я. Качмарскага, С. Яновіча, Ю. Славацкага, І. Малковіча. Асобнае месца ў творчай біяграфіі барда займаюць песні на вершы Анатоля Сыса і Зніча (Алега Бембеля), да жыцця і творчасці якіх Мельнікаў неаднойчы звяртаўся ў сваіх творах.

Заснавальнік фестываляў беларускай аўтарскай песні і паэзіі «Аршанская бітва», "Талькаўскі фэст(be), «Гэта МЫ».

Трыб’ют на песні А. Мельнікава рабілі Зміцер Бартосік, Чырвоным па Белым, Вальжына Цярэшчанка, Зміцер Вінаградаў.

Аўдыяальбомы правіць

Выдадзенае на CD правіць

У публіцыстыцы правіць

Зноскі

Спасылкі правіць