Андрэй Рамашэўскі

Андрэй Рамашэўскі (нар. 18 ліпеня 1970, г. Мінск, Беларусь) — старшыня Цэнтральнага Каардынацыйнага Камітэта, адзін з заснавальнікаў «Партыі аматараў піва», удзельнік шматлікіх палітычных перформансаў пачатку 90-х, палітычны зняволены.

Андрэй Рамашэўскі
Дата нараджэння 18 ліпеня 1970(1970-07-18) (53 гады) ці 1970[1]
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці палітык

Біяграфія правіць

Андрэй Рамашэўскі нарадзіўся ў Мінску 18 ліпеня 1970 г. Пасля школы вучыўся ў РТІ, потым на хімічным факультэце БДУ.

Меў кантакты з асяродкам вядомага ў другой палове 80-х гг. дыскусійнага клуба «Сучаснік» пад кіраўніцтвам філосафа Льва Крывіцкага[2]. Супрацоўнічаў з Cацыял-дэмакратычным саюзам Л. Крывіцкага.

30 кастрычніка 1988 г. А. Рамашэўскі ўдзельнічаў у Мітынгу-рэквіеме «Дзяды», які быў жорстка разагнаны супрацоўнікамі міліцыі з прымяненнем спецсродкаў.

А. Рамашэўскі быў сябрам Дэмакратычнага саюзу В. Навадворскай — партыі ліберальных антыкамуністаў[3].

24-25 чэрвеня 1989 г. прымаў удзел у якасці госця ва ўстаноўчым з’ездзе БНФ у Вільнюсе.

На пачатку 90-х удзельнічаў у антымілітарысцкіх акцыях пратэсту на Плошчы Незалежнасці (тады пл. Леніна) ў Мінску.

Быў сябрам міжнароднай міжпартыйнай Транснацыянальнай радыкальнай партыі Partito radicale[4].

Каардынаваў рух антыпрагібіцыянізму ў Беларусі — леварадыкальны рух за адмову мэтазгоднасці забаронаў у заканадаўстве, рэлігіі і грамадскай маралі, у тым ліку і адмову забароны на ўжыванне ўсіх відаў наркотыкаў.

Супрацоўнічаў з першымі беларускімі дэмакратычнымі выданнямі на пачатку 90-х, газетай «Беларуская трыбуна», працаваў адказным сакратаром у газеце Навіны БНФ «Адраджэньне».

у 1990—1991 гг. працаваў у газеце «Свабода». Меў творчую мянушку Борман.

А. Рамашэўскі — удзельнік пратэстаў каля Парламента Літвы супраць увядзення савецкіх войск у Вільнюсе у студзені 1991 г. падчас барацьбы літоўскага народа за незалежнасць.

У 1993 г. быў адным з заснавальнікаў «Партыі аматараў піва», партыі альтэрнатыўнага тыпу ліберальна-дэмакратычнага накірунку. Члены партыі былі ў асноўным з мінскага творчага асяродку. У партыю ўваходзілі рок-музыкант Лявон Вольскі, мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў, рок-музыкант і дызайнер Сяргей Скрыпнічэнка, пісьменнік і журналіст Севярын Квяткоўскі, дэпутат Вярхоўнага Савету РБ Лявон Тарасенка і іншыя. Партыя была створана прыкладна ў адзін час з падобнымі партыямі ў суседніх з Беларуссю краінах:

  • Польская партыя аматараў піва (Польшча)[5], створаная ў 1991 г., удзельнічала ў выбарах 1991 г. у Польшчы, мела 16 месцаў у парламенце.
  • Украінская партыя аматараў піва (Украіна)[6] зарэгістравана ў 1992 г.
  • Партыя аматараў піва (Расія)[7] зарэгістравана ў 1994 г.

Партыя прызнавала «прыярытэт праў чалавека над правамі дзяржавы і агульначалавечых каштоўнасцяў над ідэалагічнымі ўстаноўкамі».[8]

Дзейнасць партыі была часова прыпыненая рашэннем Цэнтральнага Каардынацыйнага Камітэта ПАП у 1996 г. У 1997 г. была зачынена рашэннем Міністэрства Юстыцыі РБ.

А. Рамашэўскі быў кандыдатам у дэпутаты ў Парламенцкіх выбарах у Беларусі ў 1995 г.

Храналогія пераследу

14 траўня 1995 г. адбыўся Рэферэндум ў Беларусі па зменах Канстытуцыі РБ, статусу рускай мовы, дзяржаўнай сімволікі і эканамічнай інтэграцыі з Расіяй.

24 траўня 1995 г. была праведзеная адна з першых пры прэзідэнцтве А. Лукашэнкі акцый пратэсту супраць змены сімволікі, у якой удзельнічаў і А. Рамашэўскі. У ёй удзельнічалі моладзевыя актывісты, анархісты і студэнты. Яны хадзілі вакол будынка адміністрацыі прэзідэнта з закладзенымі за галаву рукамі, сімвалізуючы паліцэйскую краіну, іранічна спявалі гімн БССР і трымалі нахіленым долу чырвона-зялёны сцяг, які пасля быў вывешаны на грамадскую прыбіральню ў Аляксандраўскім скверы.

Пад канец акцыі сцяг быў падраны на шматкі. Акцыя была разагнана міліцыяй, было арыштавана каля 20 чалавек, у тым ліку і А. Рамашэўскі.[9]

Амаль праз год, 29 красавіка 1996 г., праз тры дні пасля разагнанага ўладамі «Чарнобыльскага Шляху-96»[10], на хвалі рэпрэсій, якія разгарнуліся пасля Чарнобыльскага шляху, А. Рамашэўскі быў арыштаваны за ўдзел у акцыі пратэста 24 мая 1995 г. Ён быў абвінавачаны ў «здзеку над дзяржаўнай сімволікай», нягледзячы на тое, што падраны сцяг быў старога ўзору часоў БССР. Тры месяцы А. Рамашэўскі правёў у СІЗА-1 у Мінску. 1 ліпеня 1996 г. абвясціў галадоўку пратэста.

19 ліпеня 1996 г. судом Ленінскага раёна Мінска прызнаны вінаватым па ч. 2 арт. 201 КК РБ (злоснае хуліганства) і асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна з адтэрміноўкай на 1 год. Прысуд вынес суддзя Н. В. Курыловіч. А. Рамашэўскага вызвалілі ў зале суда.

26-27 лістапада 1996 г. браў удзел у Першым з’ездзе беларускіх нацыяналістаў у Віцебску. З’езд, ініцыяваны беларускім паэтам Славамірам Адамовічам, праходзіў у мастацкай галерэі, а затым у майстэрні мастака Алеся Пушкіна. З’езд быў разагнаны міліцыяй. Удзельнікі з’езда ўсклалі вянок да помніка У. Караткевіча. Каля помніка былі арыштаваныя некалькі актывістаў. У выніку А. Рамашэўскі быў асуджаны на 10 сутак, А. Пушкін на 15 сутак, С. Адамовіч на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

У 1997 г. А. Рамашэўскі пакінуў Беларусь і атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Удзельнічае ў грамадскім жыцці беларусаў Чэхіі. Працуе адміністратарам вэб-сайта інфармацыйнага часопіса Belarusian Review.[11] Сябра Рады суполкі «Скарына».[12]

20-21 кастрычніка 2017 г. удзельнічаў кандыдатам у выбарах у парламент Чэхіі ад Пірацкай партыі Чэхіі.[13] Партыя мае фракцыю ў парламенце Чэхіі, выступае за свабоду інфармацыі ў інтэрнэце, абарону прыватнага жыцця карыстальнікаў інтэрнэту, рэформу патэнтнай сістэмы[14].

Жанаты. Жонка Люцыя. Трое сыноў: Якуб, Радаван, Рафаэль, Францішак і дачка Тамара.

У мастацтве правіць

Мастак Алесь Пушкін. Партрэт Бормана.[15]

Зноскі

  1. hlidacstatu.cz Праверана 29 жніўня 2021.
  2. https://librusec.pro/a/222285 Лев Владимирович Кривицкий
  3. http://ds.ru/declaraz.htm Архівавана 18 лютага 2018. Декларация ДС
  4. http://www.radicalparty.org/it
  5. http://neobychno.com/17389/top-5-samyx-durackix-politicheskix-partij-chast-1/ Топ 5 самых дурацких политических партий
  6. http://history.franko.lviv.ua/IIIu_3.htm Архівавана 19 верасня 2016.
  7. https://pivo.by/articles/reviews/beer-and-politics
  8. http://vytoki.net/?docs=00017668&with_person=ramaszeuski-andrej ПАРТЫЯ АМАТАРАЎ ПІВА
  9. http://journalby.com/news/racyyanalnasc-nacyyanalnay-simvoliki-171 Архівавана 19 мая 2015. Рацыянальнасць нацыянальнай сімволікі
  10. http://naviny.by/rubrics/society/2015/04/26/ic_articles_116_188747 Как менялся «Чернобыльский шлях». 1996—2014
  11. https://archive.today/20130503180236/http://zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=602#selection-1529.104-1529.121
  12. http://vydra.skaryna.net/02/02-72dpi.pdf
  13. http://downshifter.by/pirat Архівавана 21 лютага 2018. Як стваральнік беларускай Партыі аматараў піва пераехаў жыць у чэскую вёску і стаў піратам
  14. https://cyberleninka.ru/article/n/piratskie-partii-mirovye-tendentsii-razvitiya ПИРАТСКИЕ ПАРТИИ: МИРОВЫЕ ТЕНДЕНЦИИ РАЗВИТИЯ
  15. http://generation.by/news2499.html

Літаратура правіць

Севярын Квяткоўскі. Фрашкі да пляшкі. — Менск, 2007 — С. 20. Вячаслаў Ракіцкі. Сто адрасоў свабоды. — Радыё Свабода, 2011. — С. 196—198, 221—222.

Спасылкі правіць