Антанас Венажындзіс

Антанас Віенажындзіс[1], Антанас Венажындзіс, Антанас Венажынскас, Вянужыс (літ.: Antanas Vienažindys, Vienužis, Antanas Vienažinskas, руск.: Антанас Венажиндис, Антанас Венажинскас, Венужис; 14 верасня 1841, вёска Анаполіс, Новааляксандраўскі павет, Ковенская губерня, Расійская імперыя — 17 ліпеня 1892, вёска Лайжува, Шавельскі павет, Ковенская губерня, Расійская імперыя) — літоўскі паэт і ксёндз. У яго творчасці ўпершыню ў прафесійнай літоўскамоўнай літаратуры атрымала развіццё любоўная лірыка. Многія вершы Вянужыса сталі тэкстамі папулярных народных песень, бо ў вершах знайшлі сваё адлюстраванне рэаліі і праблемы сялянскага жыцця.

Антанас Венажындзіс
літ.: Antanas Vienažindys
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Антанас Юсцінас Венажындзіс
Псеўданімы скарочанае прозвішча: Вянужыс
Дата нараджэння 14 верасня 1841(1841-09-14)
Месца нараджэння
Дата смерці 17 ліпеня 1892(1892-07-17) (50 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт
Кірунак рэалізм, рамантызм
Жанр верш, паэма, любоўная лірыка
Мова твораў літоўская мова
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Антанас Юсцінас Венажындзіс нарадзіўся 14 верасня 1841 г. у сям'і вольных літоўскіх сялян у вёсцы Анаполіс (каля маёнтка Дусяты) у Новааляксандраўскім павеце Ковенскай губерні Расійскай імперыі. Рана памёр яго бацька. Антанас меў трох братоў і сястру.

Спачатку вучыўся пяць класаў у гімназіі ў Панявежы. Жадаючы свайму сыну поспеху ў жыцці, маці адправіла Антанаса (пасля гімназіі) вучыцца ў 1861—1864 гг. на каталіцкага ксяндза ў Варнейскую духоўную семінарыюгорадзе Ворні). Авалодаў польскай, рускай, французскай, нямецкай і лацінскай мовамі. У гімназіі пазнаёміўся з польскамоўнай, украінскамоўнай і рускамоўнай літаратурамі, якія аказалі на яго пэўны ўплыў. Цікавіўся тэалогіяй і філасофіяй. Напамяць ведаў каля 150 песень, з якіх каля 30 — уласныя.

У лютым 1865 г. жамойцкі біскуп Матэюс Валанчус пасвяціў Антанаса Венажындзіса ў каталіцкія ксяндзы. Ксяндзом Венажындзіс быў да канца свайго жыцця. Стаў ксяндзом у Панявежы, Шаўлях, Крынчыне (каля Шавель), пазней — у Вайнуце, дзе станавіўся адным з мясцовых арганізатараў руху кніганошаў. Супраціўляўся забароне літоўскамоўнага друку лацініцай, уведзеным расійскімі ўладамі. Пазней у 1873—1876 гг. быў вікарыем каталіцкага касцёла ў Браславе, а ў 1876—1892 гг. — пробашчам касцёла ў вёсцы Лайжаў (Лайжува). У Лайжуве ў 1883 г. абнавіў фасад і дах свайго драўлянага касцёла, але 20 чэрвеня (2 ліпеня) 1883 г. касцёл згарэў, як і многія іншыя будынкі ў вёсцы ў ходзе пажару. У 1884 г. падаў прашэнне да расійскіх улад дазволіць пабудаваць мураваны касцёл у Лайжуве, але толькі ў 1889 г. такі дазвол атрымаў. У 1890 г. мураваны касцёл з цэглы і чарапічным дахам пачалі ўзводзіць, але ксёндз не дачакаўся поўнага завяршэння будаўніцтва.

З 1890 г. хварэў на рак страўніка і лячыўся ў Варшаве, Рызе, Тарту, але лячэнне не дапамагло. Паэт памёр 17 ліпеня 1892 г. ад рака страўніка ў вёсцы Лайжува (каля горада Мажэйкея) у Ковенскай губерні Расійскай імперыі, дзе і пахаваны. Жалобная імша адбылася ў новым мураваным касцёле ў Лайжуве. На пахаванні прысутнічаў і прафесар варашаўскай духоўнай семінарыі Адомас Ячынаўскас (Adomas Jačinauskas), а таксама прыехала каля 100 ксяндзоў з Варшавы. Помнік на магілу быў куплены ў Рызе братам Антанаса Венажындзіса — Вінцасам. На надгробак былі насесены радкі з верша Вянужыса.

Творчасць правіць

 
Магіла Антанаса Венажындзіса, фота 2006 г.

Пачаў пісаць вершы яшчэ ў час вучобы ў Варнейскай духоўнай семінарыі, але ніколі іх не публікаваў, таму не ўсе вершы створаныя паэтам захаваліся і невядома іх агульная колькасць. Штуршком для пачатку паэтычнай творчасці было каханне маладога ксяндза да дзяўчыны Рожы Стаўскайтэ, якая прыняла, як і яе бацька, пэўны ўдзел у Студзеньскім паўстанні (1863—1864) у краі і расійскімі ўладамі была са сваім бацькам выслана ў Сібір. Расстанне з дзяўчынай узрушылі душу юнака, што адлюстравалася ў гаротных пачуццях паэзіі — узнёслае каханне, пакуты, сум, мроя. Галоўнымі матывамі лірыкі сталі каханне і расстанне. Вянужыс лічыў песні, якія напаўняў вытанчаным пявучым лірызмам, што ідзе з глыбіні яго набліжанай да сялянства душы, суцяшэннем ад сваіх сардэчных нягод. Стаў заснавальнікам любоўнай лірыкі ў прафесійнай літоўскамоўнай літаратуры. У вершах часткова закранаюцца і сацыяльныя праблемы свайго часу.

Паэт ствараў вершы адразу як тэксты для песень: напісаўшы тэкст песні, Вянужыс адразу падбіраў на гармоніку для яе мелодыю, а пасля вучыў парафіяльных сялян выконваць гэтыя песні. Ксёндз любіў сялян. Песні перадаваліся сялянамі ад парафіі да парафіі — і разышліся па ўсім краі.

Акрамя любоўнай лірыкі пісаў вершаваныя прытчы, напрыклад, «Воўк і казёл» (1891).

Да нашага часу захавалася каля 30 песень Вянужыса. Пасля смерці паэта аўтарскія рукапісы былі, нажаль, спалены яго братам. Першы зборнік любоўнай лірыкі «Dainos» (перакладаецца як «Песні») з 26 песень, уласна нададзены псеўданімам «Вянужыс» і падрыхтаваны ксяндзом Антанасам Венажындзісам, быў надрукаваны ў 1894 г. у ЗША ксяндзом Ё. Жэбрысам (J. Žebris) — ужо пасля смерці паэта.

Песні Вянужыса спяваюцца народам да сённяшняга часу.

Ушанаванне памяці правіць

У час Другой сусветнай вайны надгробак магілы Вянужыса быў часткова разбураны. У 1957 г. мясцовая настаўніца Юлія Раманаўскайтэ (Julija Ramanauskaitė) сваімі высілкамі і ініцыятывай аднавіла і абнавіла выгляд надгробка магілы паэта.

У 1987 г. у парку горада Мажэйкея была ўстаноўлена скульптура Антанаса Венажындзіса, аўтарам якой з'яўляецца скульптар Гедзімінас Якубоніс (Gediminas Jokūbonis). У 1997 г. у гонар Антанаса Венажындзіса была названа школа ў вёсцы Лайжува.

Зноскі

  1. Паводле сучасных афіцыйных правіл транслітэрацыі.

Літаратура правіць

  • Lietuvių literatūros istorija. — Vilnius, 1958. — t. 2.
  • Литовские поэты XIX века / сост. П. Чурлис. ; предисл. А. Венцлова. — Москва-Ленинград : Советский писатель, 1962. — 470 с.

Спасылкі правіць