Арагонская аперацыя

Араго́нская апера́цыя — наступальная аперацыя нацыяналістаў падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Аперацыя мела задачу па знішчэнню рэспубліканскіх войскаў ва Усходнім Арагоне з наступным наступам на Валенсію або Каталонію. Праводзілася з 9 сакавіка па 15 красавіка 1938 года. У выніку Арагонскай аперацыі рэспубліканскія войскі былі разбіты, а нацыяналісты выйшлі да Міжземнага мора, падзяліўшы тэрыторыю Рэспублікі на дзве часткі.

Арагонская аперацыя
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Іспаніі
Trincheras de Castejón del Puente.jpg
Дата з 9 сакавіка па 15 красавіка 1938 года
Месца Арагон, часткова Каталонія
Вынік перамога нацыяналістаў
Праціўнікі
Flag of the Second Spanish Republic.svg Другая Іспанская Рэспубліка
Flag of the International Brigades.svg Інтэрнацыянальныя брыгады
Bandera del bando nacional 1936-1938.svg Франкісцкая Іспанія
Legion Condor Links.svg Легіён «Кондар»
Flag of Italy (1861-1946) crowned.svg Італьянскі экспедыцыйны корпус
Камандуючыя
Вісентэ Роха
Себасцьян Посас
Хуан Перэа
Хуан Мадэста
Караль Свярчэўскі «Вальтэр»
Фідэль Давіла
Хуан Вігон
Хуан Ягуэ
Хасэ Сальчага
Антоніа Аранда
Марыа Берці
Сілы бакоў
200 000 чалавек
300 гармат
60 самалётаў
100 танкаў
100 000 чалавек
700 гармат
600 самалётаў
150 танкаў
Страты
50 000 забітых і параненых
35 000 палонных
60 000 дэзерціраў
15 000 — 20 000 агульных страт

Планы і сілы бакоўПравіць

Бітва пры Тэруэле (снежань 1937 — люты 1938) скончылася моцным разгромам рэспубліканцаў і паглынула ваенныя рэсурсы Народнай арміі. У той жа час Франсіска Франка, лідар нацыяналістычнай апазіцыі, не губляючы часу пераразмеркаваў большую частку сваіх сіл уздоўж фронту ў Арагоне, паміж горадам Тэруэль і поўднем правінцыі Уэска. Яго мэта складалася ў тым, каб скарыстацца сваёй перавагай і захапіць астатнюю частку Арагона, а затым наступаць на Каталонію і Левант.

Франкісцкая армія змагла сабраць для гэтай кампаніі больш за 100 000 чалавек, уключаючы найбольш падрыхтаваныя войскі, якія павінны былі быць у авангардзе наступлення. Яна была лепш абсталявана і знаходзілася ў лепшай форме, чым праціўнік. Нацыяналістаў падтрымлівала нямецкая і італьянская авіяцыя, а італьянскі экспедыцыйны корпус павінен быў непасрэдна ўдзельнічаць у баях. Прамысловасць на поўначы паўвострава працавала на мяцежнікаў, забяспечваючы іх войскі ўсім неабходным.

Пасля паражэння пад Тэруэлем ваенны міністр Рэспублікі Індалесіа Прыета і генерал Вісентэ Роха разлічвалі паправіць сітуацыю наступленнем у іншым канцы краіны — у Андалузіі. Дырэктыву аб гэтым Роха падпісаў 22 лютага. Туды былі перакінуты амаль усе войскі з Леванта. У рэспубліканскага камандавання не было разумення, што Арагонскі фронт становіцца асноўным і вырашальным. Галоўным агменем барацьбы амаль усе па звычцы лічылі Цэнтральны фронт і чакалі варожых падвохаў у раёне горада Мадрыд, сталіцы краіны.

Усяго Рэспубліка мела ў Арагоне ў першай дэкадзе сакавіка 1938 года каля 200 000 чалавек, 300 гармат, каля 100 танкаў і бронемашын і 60 самалётаў. Але ў Арагоне ў рэспубліканцаў не было ні плану дзеянняў, ні суцэльнай абароны. Многія дывізіі, абяскроўленыя Тэруэльскай бітвай, не атрымалі папаўнення і адпачынку. Палова байцоў не мела вінтовак. Амаль трэць танкаў і бронемашын былі самаробнымі. Лінія абароны па-ранейшаму складалася толькі з адной неглыбокай перарывістай паласы нядбайна выкананых акопаў і траншэй. Доўгачасовых бетонных умацаванняў было мала.

Першая фаза наступленняПравіць

9 сакавіка 1938 года групоўка Паўднёвага Эбра пад камандаваннем Фідэля Давілы перайшла ў наступленне. Перад гэтым была магутная артылерыйская і паветраная бамбардзіроўка. У 6:30 тры армейскія карпусы нацыяналістаў атакавалі рэспубліканскія рубяжы на паласе паміж ракой Эбра і горадам Вівель-дэль-Рыа. Фронт быў прарваны ў некалькіх кропках. На левым, паўночным, участку наступлення мараканцы («рэгуларэс») Хуана Ягуэ прасунуліся ўздоўж правага берага Эбра праз пазіцыі рэспубліканскага 12-га корпуса Санчэса (44-я, 24-я і 30-я дывізіі), салдаты якога ледзь супрацівіліся ўдару і ў беспарадку беглі, асабліва 24-я дывізія Ёлдзі. 12 сакавіка гэты корпус перастае існаваць як баявая адзінка.

Генерал Хасэ Сальчага ўзначаліў атаку франкістаў на Бельчытэ, і 10 сакавіка наварцы ўвайшлі ў разбураны горад, пакінуты інтэрнацыянальнай дывізіяй. Італьянцы Марыа Берці, са свайго боку, атакавалі Рудзілью, дзе хоць і сутыкнуліся з моцным супрацівам, але здолелі захапіць горад. На паўднёвым флангу корпус Антоніа Аранда сустрэў рашучы супраціў 21-га корпуса Хуана Перэа (34-я, 70-я, 19-я і 27-я дывізіі) і толькі 13 сакавіка змог прарваць перадавую лінію рэспубліканцаў і ўзяць Монтальбан.

11 сакавіка рэспубліканцы паспрабавалі стварыць новую лінію за ракой Марцін, але на наступны дзень такая імправізаваная абарона развалілася пад ударамі італьянскіх механізаваных груп. У беспарадку нечакана адступаюць войскі 18-га корпуса Фернандэса (35-я Інтэрнацыянальная дывізія, разрозненыя рэшткі 12 корпуса, і падмацавання з поўначы з Усходняй арміі). Рэшткі 44-й (Мунтане) і 24-й (Ёлдзі) дывізіі перапраўляюцца праз Эбру ў паўночным кірунку, у той час як астатнія падраздзяленні бягуць у напрамку КаспэАльканьіс. Антыкамуністычныя настроі, якія ахапілі Народную армію, спрыяюць распаўсюджванню дэмаралізацыі.

Нацыяналісты і італьянцы прасоўваліся з велізарнай па іспанскіх мерках хуткасцю — 15—20 кіламетраў штодня. 14 сакавіка італьянцы падышлі да Альканьісу і без адзінага стрэлу ўступілі ў горад, які перад гэтым у паніцы пакінулі рэспубліканскія салдаты. Генерал «Вальтэр», камандзір 35-й інтэрнацыянальнай дывізіі, ледзь не трапіў у палон.

Для абароны Каспэ Роха арганізаваў групоўку пад камандаваннем Рэеса, узмоцненую атрадамі з Андалузіі і інтэрнацыянальнымі брыгадамі. Яна будзе ўпарта супраціўляцца з 14 па 17 сакавіка тром дывізіям нацыяналістаў, даючы час для арганізацыі новай лініі абароны за ракой Гуадалопэ, на якой з 11 сакавіка былі разгорнуты войскі 5-га (Хуан Мадэста) і 22-га (Ібарола) карпусоў, да якіх далучаецца 21-ы. Да месца прарыву таксама быў перакінуты інтэрнацыянальны танкавы полк. Гэтаму апошняму супраціву ўдаецца спыніць прасоўванне нацыяналістаў.

16 сакавіка італьянцы з Балеарскіх астравоў сталі бамбіць Барселону. Яны правялі да 18 сакавіка 18 паветраных налётаў, забіўшы 1300 і параніўшы 3000 мірных жыхароў.

За восем дзён армія нацыяналістаў прасунулася на сто кіламетраў на ўсход. Выйшаўшы да натуральнай перашкоды ў выглядзе шырокіх рэк Эбра і Гуадалопэ, надыходзячыя часці мяцежнікаў дазволілі сабе перадышку, каб перагрупаваць сілы.

Другая фаза наступленняПравіць

Другая фаза наступлення пачынаецца 22 сакавіка супраць Усходняй арміі, раней саслабленай перакідкай часцей для стрымлівання прарыву на поўдзень ад Эбры. Наварскі корпус Сальчагі прабівае рэспубліканскія пазіцыі вакол горада Уэска, у той час як Арагонскі корпус Маскарда прасоўваецца на ўсход пры падтрымцы мараканскага корпуса Ягуэ, які 23 сакавіка перасякае Эбру з поўдня ля Гела і перамагае групу Марціна Барка. Разгром набывае адценне катастрофы. У гэты дзень Роха паведамляе ваеннаму міністру: «Асноўная праблема ў тым, што войскі не вельмі ўстойлівы». 11-ы корпус адступае ў напрамку Каталоніі, у той час як 10-ы корпус, карыстаючыся далінамі рэк Чынка, Эсэра і Нагуэр, прасоўваецца да Пірэнэяў. 43-я дывізія (Бельтран) будзе прыціснута да мяжы і акружана ў катле ў Б’ельсы; 31-я дывізія (Навара) пераходзіць у Францыю, адкуль будзе вернута, але без зброі.

Роха мабілізуе і сцягвае падмацаванне. 16-я (Гуэрнес) і 46-я (Гансалес) дывізіі з мадрыдскага фронту накіроўваюцца да Лерыды, 27-я (Усаторэ) адпраўляецца з Валенсіі, каб абараніць стратэгічныя вадасховішчы, якія забяспечваюць энергіяй жыццёва важную каталонскую прамысловасць. 34-я (Вега) і 66-я (Брава) дывізіі разам з некалькімі асобнымі брыгадамі — да паўднёвага берага Эбры. Манеўраная армія ўзмоцнена 45-й інтэрнацыянальнай (Ганс), 3-й (Тагуэнья) дывізіямі, а таксама дывізіямі «Андалусія» і «Эстрэмадура», сфармаванымі са спецыяльных падраздзяленняў гэтых франтоў. Генерал Себасцьян Посас, камандзір Усходняй арміі, цалкам разгублены падзеямі, заменены былым камандзірам 21-га корпуса Перэа.

Пакуль адбываецца гэтая рэспубліканская перакідка войскаў, Наварскі корпус знішчае рэшткі 10-га корпуса і злучаецца з мараканскім корпусам у Лерыдзе, пакінуўшы шматлікія варожыя падраздзяленні ў пустыннай вобласці Лос-Манеграс. Пасля ўзяцця 27 сакавіка ўмацаванага раёна Фрага сталіца Каталоніі рыхтуецца да немінучага штурму.

4 красавіка Лерыда трапляе ў рукі Ягуэ. Адначасова ў рукі іншых падраздзяленняў нацыяналістаў трапляюць вадасховішчы Камараса і Трэмп.

Генерал Ягуэ настойваў на маршы ўглыб Каталоніі, да яе неабароненай сталіцы. Аднак Франка баяўся ваеннага ўмяшання Францыі і моцнага супраціву каталонцаў на іх роднай зямлі. Да таго ж шлях заступалі дзве глыбокія рэкі, амаль усе масты праз якія былі ўзарваны праціўнікам. Стаўка Франка забараніла войскам набліжацца да французскай мяжы больш чым на 50 кіламетраў і загадала наступаць не на поўнач, а на паўднёвы ўсход, да мора.

Трэцяя фаза наступленняПравіць

Нацыяналісты пачалі марш да мора. 1 красавіка на поўдзень ад Эбры яны авалодалі Гандэсай. Атакі італьянскага корпуса былі адбіты 11-й дывізіяй Энрыке Лістэра. Горны масіў быў зручны для абароны, аднак рэспубліканскае камандаванне думала толькі пра выратаванне Каталоніі. Нечакана яго абаронцам было загадана адыходзіць на поўнач, за Эбру. Валенсійскі кірунак тым самым быў аголены. Нацыяналісты захапілі паўднёвую частку Тартосы і інтэнсіўна бамбілі горад, каб разбурыць масты праз раку і адрэзаць адступленне рэспубліканскай арміі.

15 красавіка войскі 4-й Наварскай дывізіі генерала Каміла Алонса Вегі ўвайшлі ў Вінарас, горад на ўзбярэжжы Міжземнага мора, канчаткова разрэзаўшы рэспубліканскую зону на дзве часткі. 19-га чысла нацыяналісты ўжо займалі 32 км узбярэжжа. Арагонская наступальная аперацыя была скончана.

ВынікіПравіць

У пяцітыднёвай Арагонскай аперацыі нацыяналісты атрымалі буйную перамогу, якая стала пераломным пунктам усёй вайны. Яны канчаткова авалодалі Арагонам, занялі частку Каталоніі, выйшлі на подступы да Барселоны і Валенсіі і разрэзалі рэспубліканскую тэрыторыю напалам. У баях франкісты і італьянцы страцілі не больш за 15 000 — 20 000 чалавек.

Рэспубліканцы за пяць тыдняў бітвы пакінулі ворагу важныя тэрыторыі і страцілі не менш за 50 000 забітымі і параненымі, больш за 35 000 палоннымі і звыш за 60 000 дэзерцірамі, гэта значыць больш за палову войскаў, якія былі на Арагонскім фронце да 9 сакавіка. Яны пазбавіліся таксама большай часткі ваеннай тэхнікі і амаль паловы аўтатранспарту. Інтэрбрыгады атрымалі ўдар, ад якога не змаглі акрыяць. Арміі Рэспублікі ўжо ніколі не ўдавалася ўзброіць так жа добра, як да «вясновай бітвы ў Леванце».

Колькасць нацыяналістычных правінцый узрасла да мая 1938 года да 35, тады як колькасць рэспубліканскіх скарацілася да 15. У руках рэспубліканцаў заставаўся цэнтр Іспаніі. Ён быў цяпер адрэзаны ад свайго ваенна-прамысловага каталонскага арсенала і ад французскай мяжы. Каардынацыя дзеянняў рэспубліканскіх армій была парушана. Паражэнне ў Арагоне справакавала ўрадавы крызіс. Ваенны міністр Прыета атрымаў адстаўку.

ЛітаратураПравіць

  • Данилов С. Ю. Гражданская война в Испании (1936—1939). — М.: Вече, 2004. — 352 с. — ISBN 5-9533-0225-8.
  • Платошкин Н. Н. Гражданская война в Испании. 1936—1939 гг. — Олма-Пресс, 2005. — 478 с.

СпасылкіПравіць