Арапа́ха (саманазва: Hinono'eiteen, англ.: Arapaho) — алганкінскі народ, карэнныя жыхары ЗША. Агульная колькасць (2016 г.) — 8 400 чал.[1]

Арапаха
Hinono'eiteen
Малюнак каля 1858 - 1860 гг.
Агульная колькасць 8400 (2016 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова арапаха
Рэлігія монатэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы гравантры

Гісторыя правіць

Да пачатку XVIII ст. арапаха насялялі рэгіён Вялікіх азёр, адкуль мігрыравалі на паўднёвы захад. Паводле вуснай традыцыі, на шляху яны мінавалі вялікую раку, магчыма, Місуры[2]. У мінулым існавала 5 асобных груп, што размаўлялі на асобных дыялектах. На раннім этапе міграцыі з ліку арапаха вылучыліся гравантры, якія ў нашы дні разглядаюцца як асобны народ. Астатнія кансалідаваліся ў паўднёвую і паўночную галіны.

На Вялікіх раўнінах арапаха асвоілі конегадоўлю, займаліся паляваннем на бізонаў і іншых жывёл, рабілі напады на суседнія індзейскія народы. У пачатку XIX ст. заключылі саюз з шаенамі, які дазволіў істотна павялічыць паляўнічыя тэрыторыі. Правадыр Малы Крумкач (18101889 гг.) праславіўся як пасрэднік у мірных пагадненнях. У 1840 г. ён садзейнічаў заключэнню мірнай дамовы паміж шаенамі, сіў, каманчамі і каёва[3]. Пазней пасрэднічаў у перагаворах з амерыканцамі.

У 1851 г. паўночныя арапаха і шаены заключылі дагавор з ЗША аб размежаванні зямель на Вялікіх раўнінах. Адкрыццё ў 1858 г. на іх тэрыторыях золата прывяло да скасавання дагавора. Многія арапаха ўдзельнічалі ў Індзейскіх войнах на баку сіў і шаенаў. У 1867 г. паўночныя арапаха заключылі дагавор аб вылучэнні для іх рэзервацыі ў Ваёмінгу. У 1892 г. паўднёвыя арапаха, што насялялі Аклахому, атрымалі правы на амерыканскае грамадзянства і прыватныя землі[4].

Культура правіць

Пасля перасялення на Вялікія раўніны галоўнымі заняткамі арапаха былі гадоўля коней і паляванне на бізонаў. Жанчыны былі заняты хатняй гаспадаркай і збіральніцтвам[5]. У фальклоры практычна не захавалася ўспамінаў пра земляробства ў мінулым. У нашы дні займаюцца жывёлагадоўляй, абслугоўваннем турыстаў, у Аклахоме — земляробствам. Папулярна служба ў арміі ЗША[6].

Асноўны традыцыйны від паселішча — часовы лагер, які складаўся з каркасных тыпі. Мужчыны і жанчыны аддавалі перавагу скураной вопратцы, якая ўключала вузкія штаны, кашулю, капялюшы, упрыгожаныя махрамі, пер’ем, пацеркамі. Мужчыны ўпрыгожвалі цела фарбамі і татуіроўкамі падчас вайны або ў рытуальных мэтах. Звычайнай зброяй лічыліся лук і стрэлы, булавы, сякеры, нажы. Для абароны карысталіся шчытамі[7].

Пераважалі пашыраныя сем’і са шчыльнымі сувязямі паміж братамі і сёстрамі, але пазбяганнем старэйшых сваякоў супрацьлеглага полу[8]. Шлюбы заключаліся па дамове паміж сем’ямі або шляхам выкрадання нявесты. У першым выпадку пасаг уносілі абодва бакі. Маладая сям’я звычайна жыла з бацькамі жонкі. Адлік сваяцтва для жанчын вёўся па жаночай лініі, для мужчын — па мужчынскай. Прыватную маёмасць пасля смерці знішчалі або размяркоўвалі паміж сваякамі. Сустракаліся выпадкі палігініі, але жонкі звычайна былі роднымі сёстрамі або жонкамі памерлых братоў. У выхаванні малых дзяцей актыўную ролю адыгрывалі бабулі. Школьная адукацыя стала магчымай з 1871 г.

Жыццёвы цыкл кожнага арапаха быў падзелены на 4 часткі: дзяцінства, юнацкасць, сталасць і старасць. Пераход у кожную ўзроставую групу суправаджаўся ініцыяцыяй. Найбольшую сацыяльную перавагу мелі старыя сваякі. Мужчыны і радзей жанчыны маглі набываць сваю індывідуальную тоеснасць праз абрады, звязаныя з адыходам у адасобленыя месцы ад 4 да 7 дзён. Яны суправаджаліся пастамі і мроямі. Мужчыны мелі магчымасць дасягнуць высокага статусу на вайне.

Пашыраныя сем’і ўладковаліся ў адным лагеры. Яны аб’ядноўваліся ў групу з некалькімі іншымі сямейнымі лагерамі на чале з выбраным старастам. Таксама выбіраліся ваенныя правадыры, правадыры, што сачылі за паводзінамі. Найбольш актуальныя пытанні вырашаў агульны сход або сход старэйшын. Унутраныя канфлікты часцей здараліся з-за шлюбнай здрады ці забойства. Пры гэтым група сем’яў магла раскалоцца.

У канцы лета або ў пачатку восені маладыя воіны арганізоўвалі напады на іншыя групы і суседнія плямёны з мэтай выкрадання коней. Радзей здараліся сутычкі на спрэчных тэрыторыях. Існавалі звычаі скальпавання ворагаў, жорсткіх катаванняў палонных з далейшым забойствам.

Арапаха маюць багаты фальклор. Шырока вядомы казкі і міфы пра трыкстэра павука Ніханкана, сірату Знойдзенага ў Траве, двайнят За Дзвярыма і Веснавога Хлопца, дзяўчынку-чараўніцу Лыкавыя Ножкі і г. д.[9] Вельмі разнастайны спеўны і танавальны фальклор[10]. Распаўсюджаныя музычныя інструменты — барабаны і бразготкі.

Мова правіць

Арапаха размаўляюць на тонавай алганкінскай мове[11], якая ў нашы дні складаецца з паўднёвага і паўночнага дыялектаў. Найлепей захаваўся паўночны дыялект. Пісьмовасць на аснове лацінкі.

Рэлігія правіць

Традыцыйная рэлігія заснавана на веры ў адзінага Творцу, які фарміраваў сусвет з дапамогай сваёй жыццёвай сілы. Яна прысутнічала ў навакольных жывёлах, раслінах, мінералах, што маглі з’яўляцца пасрэднікамі паміж Творцам і чалавекам. Важную ролю ў шанаванні Творцы адыгрываюць рэлігійныя цырымоніі[12]. Існуюць нават цырыманіяльныя групы мужчын, кожная з якіх валодае асабістымі патаемнымі ведамі.

З XIX ст. распаўсюджваецца хрысціянства. Сярод вернікаў шмат каталікоў.

Зноскі

Спасылкі правіць