Аршанскі замак існаваў у XIV — XVII ст. Размяшчаўся ў сутоку Дняпра і Аршыцы.

Славутасць
Аршанскі замак
54°30′21″ пн. ш. 30°25′15″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Заснавальнік Вітаўт
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Аршанскі замак, малюнак з карты XVI ст.
Орша ў 17 стагоддзі. 1 — замак, 2 — Надняпроўе, 3 — Зааршынне, 4 — Васкрасенская царква, 5 — Мікольская царква, 6 — Задняпроўе, 7 — Ільінская царква, 8 — Куцеінскі манастыр.
Царква на старым замку ў Оршы, XVII стагоддзе[1]

Мураваны 5-вежавы замак узводзіўся з 1398 па 1407 мясцовым насельніцтвам пры ўдзеле майстра-муляра з Крулеўца (Кёнігсберга). Па эканамічных і палітычных прычынах быў не да канца змураваны і ў XV ст. дабудаваны з дрэва. Падмурак сцен і вежаў замка стаяў на вапнавай падушцы, меў вышыню каля 1 м і быў складзены з валуноў сярэдніх памераў. Сцены зроблены ў тэхніцы «паласатай муроўкі», дзе рады падагнаных валуноў выраўнаваны радамі буйнапамерных цаглін. Сістэма цаглянай муроўкі «балтыйская» — чаргаванне 2 рубаў і 1 старчака, што дае магчымасць датаваць Аршанскі замак канцом XIV — пач. XV ст. і дадаткова пацвярджае пісьмовыя сведчанні пра тагачасныя будаўнічыя работы.

Паводле пісьмовых крыніц XVI—XVII ст. уваход у замак з зхаду быў праз мост, перакінуты цераз роў, які жывіўся вадою Аршыцы. У 1560 двух'ярусная драўляная замкавая брама на мураваным фундаменце мела сістэму запорных канструкцый. Унізе брамы стаяла вялікая бронзавая гармата, другая невялікая жалезная гармата знаходзілася на другім паверсе. Брамны праём зачыняўся «ўзводам» — пад'ёмным мостам. Праслам сцяны брама злучалася з двухяруснай, напалову «мурам абмураванай» вежай, што знаходзілася злева. Тут стаяла невялікая гармата. Далей мур ішоў на ўсход і ўпіраўся ў трэцюю вежу, да ўзроўню другога яруса мураваную, а вышэй зробленую з дрэва. Ніжнюю частку яе займаў цэйхгауз, дзе было 33 гакаўніцы, 20 аркебузаў, 3 невялікія жалезныя гарматы, старасвецкі жалезны «кий ку стрелбе», запас гарматных ядраў, куль, свінец, порах, салетра, сера, кнаты і інш. На беразе Дняпра размяшчалася чацвёртая двухпавярховая вежа з гарматай. Пад мураванай сцяной знаходзіўся «тайник деревянный, фундованный для воды у Днепр». Па краі высокага правага берага Дняпра ішла сцяна да пятай вежы. На версе прасел замкавых сцен, на кансольных бэльках была зроблена баявая галерэя — «обланки», дзе стаялі гарматы, тут жа бліжэй да брамы вісеў «звон велнкий з клепалом», у які званілі «на трывогу». Унутры замка, ушчыльную да мураваных сцен, прымыкала 101 драўляная гародня, дзе ў ваенны час мелі «клети на своё схованье часу потребы» і свайго скарбу гараджане, шляхта і сяляне замкавай воласці. Перыметр мураванага замка складаў 354 м.

У канцы XVI ст. Аршанскі замак яшчэ не быў дабудаваны. Маскоўскі дзяк Трыфан Карабейнікаў, праязджаючы ў студзені 1593 праз Оршу, адзначаў: «Городок Орша каменный, стоит на реке Непре на берегу с Литовской стороны, а верхней бой на стене и на башнях деревяной». У 1594 кароль Жыгімонт III абавязваў аршанцаў драўляныя «бланки на стене замковой от Иршицы оправлять и знову заробити, кгды опадуть». Замак даглядалі сяляне замкавай воласці, яны разам з гараджанамі рамантавалі мураваныя і драўляныя сцены, папраўлялі мост перад замкам і замкавы стаў. У 1529 да іх былі далучаны людзі з Гродзеншчыны — Васілішак, Дубічоў, Астрыны і з воласці Любашанскай на Магілёўскім Падняпроўі.

Паводле «Уставы повинностей» за 1560 мяшчане-аршанцы абавязваліся «в замку одну стену оправовати и перед замкам мост будавати, стацею послам и гонцам давати, а подводные пенязи... давати и сторожу замковую полнити». Акрамя таго, унутры замка з боку Аршыцы яны «водлуг стародавнего звычаю» будавалі гародні, падтрымлівалі ў добрым стане тайнік да вады, капалі яму пад пад'ёмным мостам — «узводам», давалі 2 начных вартаўнікоў і «воротного меркуля водлуг старого звычаю». Як і ў кожным парубежным замку, мясцовыя пушкары займаліся рамонтам і вырабам ручной агнястрэльнай зброі і пораху.

Пасля 1620 Аршанскі замак быў цалкам дабудаваны з каменю («камень дич до зубцоў»). Зубцы, відаць, былі з цэглы. Вышыня замкавых муроў да зубцоў была не аднолькавай: з небяспечнага «прыступнага» боку — з поўначы і захаду да 8 м, з бакоў, абароненых рэкамі і высокім берагам,— 5,3 м, шырынёю сцяна замка была «в сажень» (каля 2 м).

Аршанскі замак шмат разоў падвяргаўся аблогам. У 1500 яго занялі і 3 гады ўтрымлівалі войскі Рускай дзяржавы. У 1507 і 1519 аблогі паўтарыліся. Доўгую аблогу замак паспяхова вытрымаў у 1562—1564. Восенню 1654 Аршанскі замак, які незадоўга да гэтага перажыў 2 пажары, быў узяты рускімі войскамі. У снежні 1654 войска Радзівіла авалодала замкам і ўтрымлівала да 11.5.1655. Пазней рускі стольнік 3. Ф. Ляонцьеў зноў заняў яго і ўтрымліваў да канца вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667. Пасля гэтых падзей замак прыйшоў у поўны заняпад і пазней не выконваў сваіх абарончых функцый.

Заўвагі правіць

  1. Габрусь Т.В. "Мастерством и сердцем"

Літаратура правіць

Спасылкі правіць