Кваджалейн

(Пасля перасылкі з Атол Кваджалейн)

Кваджале́йн (англ.: Kwajalein, маршал.: Kuwajleen) — атол у складзе Маршалавых Астравоў, на якім знаходзіцца адна з найбуйнейшых ваенных баз ЗША ў Ціхім акіяне. Плошча сушы — 16,39 км². Насельніцтва (2011 г.) — 11 408 чал.

Кваджалейн
марш. Kuwajleen, англ. Kwajalein
Выгляд з паветра
Выгляд з паветра
Характарыстыкі
Плошча16,39 км²
Насельніцтва11 408 чал. (2011)
Шчыльнасць насельніцтва696,03 чал./км²
Размяшчэнне
8°43′44″ пн. ш. 167°44′08″ у. д.HGЯO
АрхіпелагМаршалавы Астравы
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Кваджалейн (Маршалавы Астравы)
Кваджалейн
Кваджалейн
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія

правіць

Атол Кваждалейн уваходзіць у групу ўсходніх атолаў Ралік Маршалавых Астравоў. Ён знаходзіцца ў 437,2 км на паўночны захад ад Маджура. З’яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце, складаецца з выцягнутай шырокай лагуны, агульнай плошчай 2173,78 км², і каралавага рыфа з 93 астраўкамі, плошчай да 16,39 км². Найбольшы востраў Кваджалейн (3,1 км²) месціцца на поўдні атола. Адміністрацыйны цэнтр — востраў Эбее (0,36 км²).

Клімат субэкватарыяльны пасатны. Сярэдняя сутачная тэмпература вагаецца ад +25,3 °C да +30,27 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — каля 2540 мм. Аднак каля 75 % ападкаў прыпадае на вільготны сезон, які цягнецца з сярэдзіны мая да сярэдзіны лістапада. Са снежня да мая адносна суха і ветрана. Кожныя 4 — 7 гадоў Кваджалейн трапляе ў зону дзеяння трапічных цыклонаў, што суправаджаюцца штармамі і ўраганамі.

Гісторыя

правіць
 
Амерыканскія салдаты на Кваджалейне, 1944 г.

Археалагічныя даследаванні на Кваджалейне паказалі, што ён быў населены мікранезійцамі ў III ст. н. э. Падчас раскопак сярэднявечных пахаванняў былі выяўлены прадметы, якія сведчаць пра сувязь мясцовых жыхароў з іншымі Маршалавымі астравамі, а таксама астравамі Гілберта і Туамоту. Сярэдні рост пахаваных складаў 166,1±3,27 см. Большасць памірала ва ўзросце 30 — 40 гадоў. Генетычныя даследаванні рэштак пахаваных паказалі, што яны вялі адносна ізаляваны вобраз жыцця і з’яўляліся прамымі нашчадкамі дзвюх груп перасяленцаў. Адна з іх была звязана паходжаннем з тубыльцамі Марыянскіх астравоў.

У 1767 г., калі атол быў адкрыты еўрапейцамі, на ім жыло прыкладна 220 чал. Прычым, людзі сяліліся амаль на ўсіх, нават на адносна невялікіх астраўках. Астраўнымі абшчынаамі кіравалі правадыры алап, паміж якімі здараліся ваенныя сутычкі. У XIX ст. у выніку ваенных дзеянняў паміж алап і захворванняў, завезеных іншаземнымі маракамі, колькасць насельніцтва паменшылася больш чым удвая. У 1860 г. на Кваджалейне жыло меней за 100 чал. У 1885 г. атол трапіў у залежнасць ад Германіі і фармальна кіраваўся нямецкай каланіяльнай адміністрацыяй на атоле Джалуіт. У рэчаіснасці, нямецкія чыноўнікі і гандляры мала цікавіліся Кваджалейнам. Для забеспячэння эканамічных патрэб адміністрацыі была створана какосавая плантацыя (0,093 га).

У 1914 г. у сувязі з падзеямі I Сусветнай вайны Кваджалейн трапіў пад кантроль Японіі. Японскія прадпрымальнікі садзейнічалі пашырэнню какосавых плантацый і вывазу копры. У 1935 г. для патрэб тубыльцаў была адкрыта школа. Напярэдадні II Сусветнай вайны японскае ваеннае камандаванне прыняло рашэнне аб стварэнні на атоле буйной ваеннай базы. Яе будаўніцтва пачалося ў канцы 1930-ых гг., для чаго на Кваджалейн увозіліся рабочыя з Карэі і розных кутоў Мікранезіі. Мясцовыя жыхары былі прымусова выселены з вялікіх астравоў на меншыя па памерах. Рабочымі былі ўзведзены 2 аэрадромы, абарончыя дамбы і прычалы для марскіх суднаў. У 1941 г. на Кваджалейне знаходзіўся Шосты флот ваенна-марскіх сіл Японіі, які ўдзельнічаў у нападзе на Пёрл-Харбар. У 1943 г. ваенны гарнізон на Кваджалейне складаў прыкладна 8 000 чал., аднак многія з іх былі навабранцамі, не падрыхтаванымі да вядзення сур’ёзных баявых дзеянняў.

З 4 снежня 1943 г. амерыканскія ваенныя, што размяшчаліся на астравах Гілберта, пачалі ваенныя напады на японскую базу на Кваджалейне. 29 студзеня 1944 г. ВПС ЗША знішчылі японскія аэрадромы і большасць самалётаў. На працягу 31 студзеня 1944 г. — 3 лютага 1944 г. вялася кровапралітная бітва за Кваджалейн. Вынікам гэтай кампаніі стала перамога амерыканцаў. У палон трапіў толькі 51 японец, астатнія загінулі або скончылі жыццё самагубствам. У 1947 г. Кваджалейн разам з іншымі Маршалавымі Астравамі трапіў пад апеку ЗША.

У 1946 г. на Кваджалейне было размешчана амерыканскае камандаванне ваеннымі аперацыямі па правядзенню ядзерных выпрабаванняў у Ціхім акіяне. У 1950 г. для будаўніцтва сучаснага ўрбанізаванага цэнтра быў выбраны востраў Эбее. На ім сяліліся амерыканскія ваенныя, абслуга, мясцовыя жыхары, а таксама вымушаныя перасяленцы з атолаў, якія пацярпелі ад ядзерных выпрабаванняў. З 1959 г. праводзяцца аперацыі па выпрабаванню супрацьракетнай абароны.

У 1986 г. Рэспубліка Маршалавы Астравы атрымала шырокую аўтаномію. Кваджалейн увайшоў у яе склад. Урад Маршалавых Астравоў падтрымаў патрабаванні карэнных кваджалейнцаў павялічыць кампенсацыйныя выплаты за выкарыстанне ваеннымі іх тэрыторый, але ў выніку падпісаў пагадненні, што гарантуюць далейшае знаходжанне амерыканцаў на атоле. 93 астравы Кваджалейна разглядаюцца як выпрабавальны палігон супрацьракетнай абароны.

Галерэя

правіць

Спасылкі

правіць