Барбадас

астраўная краіна ў Паўночнай Амерыцы
(Пасля перасылкі з Барбадос)

Барба́дас (англ.: Barbados) — дзяржава на аднайменным востраве ў архіпелагу Малыя Антыльскія астравы ў Атлантычным акіяне. Тэрыторыя — 431 км². Насельніцтва — каля 280 тыс. чалавек, 90 % — негры і мулаты. Сталіца — Брыджтаўн (прыкладна 8 тыс. жыхароў, з прыгарадамі — больш за 90 тысяч). Дзяржаўная мова — англійская. Нацыянальнае свята — 30 лістапада (1966) — Дзень незалежнасці. Грашовая адзінка — барбадаскі долар.

Барбадас
англ.: Barbados
Герб Барбадаса
Сцяг Барбадаса Герб Барбадаса
Дэвіз: «Pride and Industry»
Гімн: «In Plenty and In Time of Need»
Дата незалежнасці 30 лістапада 1966 (ад Вялікабрытаніі)
Афіцыйная мова англійская
Сталіца Брыджтаўн
Найбуйнейшыя гарады Брыджтаўн
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Сандра Мейсан
Міа Мотлі
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
183-я ў свеце
439 км²
нязнач.
Насельніцтва
• Ацэнка (2021)
Шчыльнасць

301.865[1] чал.
660 чал./км²
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2010)
  • На душу насельніцтва

$6.175 млрд[2]
$22,296[2]
ВУП (намінал)
  • Разам (2010)
  • На душу насельніцтва

$3.963 млрд[2]
$14,307[2]
ІРЧП (2011) 0,793 [3] (вельмі высокі) (47-ы)
Валюта Барбадаскі долар
Інтэрнэт-дамен .bb
Код ISO (Alpha-2) BB
Код ISO (Alpha-3) BRB
Код МАК BAR
Тэлефонны код +1-246
Часавыя паясы -4
Карта

Гісторыя правіць

Барбадас быў адкрыты еўрапейцамі ў 1518 годзе. Назва «Барбадас» пайшла ад партугальскага даследчыка Пэдра Кампоса ў 1536 годзе, які спачатку назваў востраў Os Barbados («Барадатыя») з-за вялікай колькасці абвітых падобнымі на бароды эпіфітамі фігавых дрэў, якія раслі на ім.

У 1627 годзе брытанцы заснавалі на востраве сваю калонію. У 1961 годзе Барбадас атрымаў статус «асацыяванай з Вялікабрытаніяй дзяржавы». Незалежнасць была абвешчана 30 лістапада 1966 года.

Дзяржаўны лад правіць

У адпаведнасці з канстытуцыяй 1966 г. кіраўніком дзяржавы з’яўлялася каралева Вялікабрытаніі, прадстаўленая на востраве генерал-губернатарам. Для Барбадаса характэрныя ўстойлівыя традыцыі парламентарызму. Першыя заканадаўчыя акты, якія рэгулююць парадак фарміравання і дзейнасці Заканадаўчага сходу як ключавога органа самакіравання вострава, былі прынятыя задоўга да здабыцця ім незалежнасці (1639). У верасні 2020 года краіна заявіла аб пераходзе да рэспубліканскай формы кіравання. 21 кастрычніка 2021 года парламент Барбадаса ўпершыню выбраў прэзідэнта (якім стала апошні генерал-губернатар вострава Сандра Мэйсан), а 30 лістапада 2021 краіна афіцыйна стала парламенцкай рэспублікай.

Заканадаўчая ўлада належыць Парламенту, які складаецца з Палаты сходу (30 членаў, абіраных насельніцтвам на 5 гадоў) і Сената (21 сенатар, прызначаемы прэзідэнтам).

Выканаўчую ўладу здзяйсняе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам (лідар партыі парламенцкай большасці), які зацвярджаецца генерал-губернатарам. З 25 мая 2018 года ўрад узначальвае Мія Мотлі.

Асноўныя палітычныя партыі:

  • Барбадаская лейбарысцкая партыя (заснаваная ў 1938, кіруючая з 1994, умеранага сацыял-рэфармісцкага толку),
  • Дэмакратычная лейбарысцкая (левацэнтрысцкая апазіцыйная палітычная арганізацыя, створаная ў 1955),
  • Нацыянальная дэмакратычная,
  • Працоўная партыя Барбадаса,
  • Народны палітычны саюз.

Эканоміка правіць

Рост ВУП у 2006 — 3,5 %. Аснова эканомікі — турызм (больш за 500 тыс. турыстаў штогод; занята 13 тыс. чалавек з 130 тыс. працаздольнага насельніцтва) і сельская гаспадарка, якая спецыялізуецца галоўным чынам на вырошчванні цукровага трыснягу (вытворчасць цукру складала 38 тыс. тон у 2005 г.). Культывіруецца таксама кукуруза, бавоўна, трапічная садавіна, гародніна, тытунь. Развіта жывёлагадоўля і рыбалоўства.

Развіваецца рынак фінансавых паслуг, страхавання, а таксама афшорны бізнес (11 тыс. занятых). Гэтаму ў немалой ступені спрыяюць нізкія стаўкі падаткаў, якія не перавышаюць 2,5 %, спрошчаная працэдура афармлення, падатковыя палёгкі і дамовы аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання.

Біржа Барбадаса з’яўляецца трэцяй паводле памеру сярод краін Карыбскага рэгіёна.

Прамысловасць прадстаўленая прадпрыемствамі лёгкай і харчовай прамысловасці, па перапрацоўцы цукровага трыснягу, нафты, вытворчасці электроннага абсталявання, хімікатаў, мэблі, лакафарбавай прадукцыі, якія працуюць у асноўным на прывазной сыравіне і арыентаваныя першым чынам на экспарт. У краіне здабываюцца нафта, прыродны газ, вапняк. За кошт падводнага свідравання Барбадас на 70 % (2006) пакрывае свае патрэбнасці ў энерганосьбітах.

Аб’ём рэзерваў цэнтральнага банка вострава перавышае 500 млн долараў. Інфляцыя — каля 7 %. Узровень беспрацоўя застаецца стабільным — парадку 10 %.

Асноўнымі спажыўцамі барбадаскіх тавараў (цукар, ром, прадукты харчавання, хімікаты, электронныя кампаненты, вопратка) з’яўляюцца краіны Карыбскай супольнасці, ЗША, Вялікабрытанія. Імпарт тавараў (харчаванне, прамысловае абсталяванне, хімікаты, паліва) у асноўным ажыццяўляецца з ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі, Канады.

Рэлігія правіць

Пераважная частка насельніцтва вызнае хрысціянства (95 %), дамінуючае месца сярод хрысціянскіх канфесій займае англіканскае супольніцтва (40 %). Да іншых рэлігій, распаўсюджаных на востраве, адносяцца індуізм, іслам, вера бахаі і іўдаізм.

Зноскі

  1. [1] World Factbook of CIA
  2. а б в г Barbados. International Monetary Fund. Архівавана з першакрыніцы 22 жніўня 2011. Праверана 6 кастрычніка 2010.
  3. Human Development Report 2011 (англ.). United Nations Development Program (2011). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2012. Праверана 6 лістапада 2011.
  4. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/northamerica

Спасылкі правіць