Беразвечча
Беразвечча — паўночна-ўсходняя частка горада Глыбокае ў Віцебскай вобласці Беларусі.
Беразвечча
| ||||
Знаходзіцца паміж азёрамі Вялікае, Плужнае і Мушкацкае.
Гісторыя
правіцьБеразвечча ўпершыню згадваецца ў 1519 годзе, як адно з паселішчаў, якое ў час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім атакавала конніца ваяводы Васіля Шуйскага[1].
Крыніцы XVI стагоддзя пішуць пра Беразвечча як пра вялікае мястэчка (40 мяшчанскіх двароў у 1552 годзе), дзе былі рынак і карчма. Таксама ў Беразвеччы быў двор Корсакаў і царква святога Міхала[1].
У далейшым Беразвечча траціць сваё гандлёвае значэнне на карысць суседняга Глыбокага. У 1638 годзе ваявода мсціслаўскі Іосіф Корсак піша тэстамэнт, у якім загадвае перадаць свой маёнтак Беразвечча айцам базыльянам, якія мусяць заснаваць там царкву і кляштар. Базыльяне займаюць Беразвечча ў 1643 годзе пасля смерці Корсака. Першым беразвецкім архімандрытам становіцца айцец Гаўрыіл Календа, пазнейшы полацкі архіепіскап, мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі[1].
У 1756-1763 гадах базыльяне будуюць у Беразвеччы новую мураваную царкву Нараджэння Маці Божай, якую даследчыкі архітэктуры лічаць найбольш дасканалым творам віленскага барока, а таксама мураваны кляшторны корпус, які захаваўся да нашага часу[1]. Аўтарам праекта быў Ян Тобія Дыдэрштэйн[2].
У 1773 годзе базыльяне засноўваюць 6-класную школу з высокім як на той час узроўнем адукацыі. У школе вывучалі права, фізіку, матэматыку, рыторыку, нямецкую, французскую, царкоўнаславянскую і лацінскую мову. Вучнямі школы былі пераважна дзеці навакольнай шляхты ды ўніяцкіх святароў[1].
Пасля роспуску Ордэна базыльян кляштар і касцёл у 1839 годзе перайшлі да праваслаўнай царквы.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) у складзе Польшчы, Дзісенскі павет Віленскага ваяводства. У Беразвеччы, у былым кляштары, размяшчаўся вайсковы гарнізон, да якога належала сядзіба палка Корпуса аховы памежжа "Глыбокае". У гэты перыяд у вёсцы пабудаваны два дамы ў закапанскім стылі.
Падчас паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь занята 17 верасня 1939 года. З 1939 года ў складзе БССР. У будынку былога кляштара створана следчая турма НКУС. У чэрвені 1941 года, пасля пачатку нямецка-савецкай вайны, НКУС знішчыў вязняў у Беразвеччы.
Пасля Другой Сусветнай вайны польскія вайсковыя могілкі жаўнераў 19-га Валынскага кавалерыйскага палка, загінулых у польска-савецкай вайне, зруйнаваны, на іх месцы пабудаваны жылыя дамы для супрацоўнікаў турмы. Ацалелыя фрагменты надмагільных пліт выкарыстаны для стварэння лапідарыя, размешчанага побач з магіламі польскіх жаўнераў на Копцеўскіх могілках. Будынак кляштара да цяперашняга часу выкарыстоўваецца як турма.
У 1949 - 1955 гадах святыня ў Беразвеччы была разабраная на цэглу па рашэнні мясцовых уладаў[1][3].
З верасня 2004 года дзейнічае жаночы праваслаўны манастыр св. Архангела Міхаіла[4].
Насельніцтва
правіць- 1921 год — 84 чалавекі, 19 дамоў (перапіс); у тым ліку 38 каталікоў, 37 праваслаўных, 9 іўдзеяў; з іх запісаны як палякі — 74, яўрэі — 9, рускія — 1.
- 1931 год — 369 чалавек, 11[крыніца?] дамоў.
Вернікі належалі да рымска-каталіцкай Глыбоцкай парафіі і праваслаўнага Галубіцкага прыходу.
Турма і яе ахвяры
правіць1941
правіцьПасля ўварвання Трэцяга Рэйху ў СССР НКУС заняўся ліквідацыяй турмы (гл. Турэмныя расстрэлы НКУС, 1941). Некалькі сотняў чалавек ліквідавалі ў манастыры, а астатніх некалькі тысяч павялі паходнай калонай (па дванаццаць чалавек у шэраг, даўжыня калоны каля 1500 м) у кірунку Полацк — Віцебск. Пасля выхаду Чырвонай Арміі з Беразвечча сяляне дабраліся да турмы, целы забітых ляжалі ў пустых ямах за кляштарам. Калона вязняў (без ежы і пітва) пакідала целы на «сцежцы смерці». Вязні былі ліквідаваны за Дзвіной каля калгаса Таклінава (цяпер вёска Мікалаева, каля Улы) 25 або 26 чэрвеня 1941 года. Пасля налёту нямецкага самалёта калона палонных на дарозе была абстраляна з кулямётаў.
Акрамя таго, савецкія ўлады знішчылі ў Беразвеччы больш за 4700 мясцовых жыхароў[крыніца?].
Нямецкая акупацыя
правіцьЗ верасня 1941 г. кляштар выкарыстоўваўся немцамі. Гэта было месца расстрэлаў рускіх, беларусаў, палякаў, яўрэяў, італьянцаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Зняволеных катавалі ў манастыры і ў Барэцкім лесе на заходнім беразе Вялікага возера. У лесе ёсць дагледжаныя могілкі. Злева ад увахода, на каменнай пліце, — надпіс на беларускай мове: «Пахаваны целы больш за 27 тысяч ваеннапалонных Беразвецкага лагера смерці і каля 200 італьянскіх салдат, расстраляных нямецка-фашысцкімі акупантамі ў 1941—1944 гг. тут». На галоўнай алеі 27 камянёў — кожны з іх сімвалізуе тысячу забітых.
У лесе, каля помніка ахвярам ліквідацыі Глыбоцкага гета, у 2002 годзе намаганнямі Рады аховы памяці змагання і пакутніцтва быў усталяваны помнік у гонар расстраляных тут палякаў. Яны былі расстраляныя 4 сакавіка 1942 г. і беатыфікаваны папам Янам Паўлам ІІ 13 чэрвеня 1999 г.:
- а. Мечыслаў Багаткевіч;
- а. Уладзіслаў Мачковяк;
- а. Станіслаў Пыртэк.
Расстраляны 4 ліпеня 1942 г.:
- байцы Арміі Краёвай;
- айцец Баляслаў Мацэеўскі (1897—1942), пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Антонія Падуанскага ў Паставах;
- айцец Рамуальд Дроніч (1897—1942), пробашч парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Ваўкалаце;
- айцец Адам Масюляніс (1911—1942), пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Лужках;
- ксёндз доктар Антоній Скорка (1888—1942), пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Варапаеве;
- айцец Уладзіслаў Вечарэк (1903—1942), салезіянін з парафіі Імя Марыі ў Параф’янаве.
Паводле ацэнак гісторыкаў, на могілках пахавана каля 30 тысяч яўрэяў, у тым ліку ахвяры НКУС у 1939—1941 гадах і пасля 1944 года.
-
Помнік на месцы расстрэлу калоны вязняў турмы ў Беразвеччы каля вёскі Мікалаева
-
Помнік на магіле больш чым 27 тысяч ваеннапалонных Беразвецкага лагера смерці і каля 200 італьянскіх салдат
-
Помнік тысячам ахвяр сталінскага і нацысцкага рэжымаў, расстраляных у кляштары ў Беразвеччы
-
Брацкая магіла ў памяць 2500 яўрэяў з Глыбокага і ваколіц
-
Справа — магіла палякаў, ахвяр немцаў у 1942 годзе
Зноскі
- ↑ а б в г д е Шыталь К. Налета - 500-гадовы юбілей Беразвечча. Ці адзначаць яго глыбоцкія ўлады? // Вольнае Глыбокае : газета. — 2018. — 4 кастрычніка — № 40 (965). — С. 11.
- ↑ Kaladžinskaitė A. Twórcy baroku wileńskiego: architekt Joannes Valentinus Tobias de Dydersteyn(польск.) // Biuletyn Historii Sztuki. — 2011. — Т. R. LXXIII. — № 3-4. — С. 428.
- ↑ Кожан К. «А мы его не разрушали, а разобрали на строительный материал» // Вольнае Глыбокае : газета. — 2019. — 20 чэрвеня — № 25. — С. 11.
- ↑ История обители (руск.).