Браніслаў Андрэевіч Ржэўскі
Браніслаў Андрэевіч Ржэўскі (25 сакавіка 1905, в. Добрыцкае, Вяляціцкая воласць, Барысаўскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя (цяпер — Барысаўскі раён, Мінская вобласць, Беларусь) — 10 лютага 1980, Гродна, Беларуская ССР, СССР) — беларускі літаратуразнаўца і педагог. Кандыдат філалагічных навук (1952).
Браніслаў Ржэўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 25 сакавіка 1905 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 10 лютага 1980 (74 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | навуковец |
Навуковая сфера | літаратуразнаўства |
Месца працы | |
Навуковая ступень | кандыдат філалагічных навук |
Альма-матар |
|
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 25 сакавіка 1905 г. у беднай сям’і.
У 1927 г. скончыў педагагічны тэхнікум у Барысаве і да 1930 г. працаваў настаўнікам у сёлах Гомельшчыны. У перыяд з 1930 па 1940 гг. скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут, працаваў у розных адукацыйных установах Магілёва. З сакавіка 1940 да чэрвеня 1941 гг. працаваў дырэктарам польскай сярэдняй школы імя А. Міцкевіча ў Баранавічах. Жонка была настаўніцай і вучыла батаніцы.
Падчас Другой сусветнай вайны прымаў удзел у савецкім партызанскім руху ў Беларусі. Паводле Вячаслава Анушкевіча, будучага сулагерніка Браніслава Ржэўскага, той яму пра гэты перыяд расказваў так:
«Гаварыў, што гэтакага ганебнага, страшэннага і цяжкога часу ён ня меў, як будучы разам з партызанамі. Бо яны вытваралі такія страшныя і дзікія фокусы, і ня супраць ворага, а супраць насельніцтва! І, кажа, нічога ня мог зрабіць, бо быў радавым партызанам. Расказваў пра канкрэтныя справы, як яны расстрэльвалі бязвінных людзей, сялян. … Ён расказваў, як яны прыходзілі ў хату, ляжыць старая жанчына хворая, яны гвалцілі яе, дзяцей малых. Білі, кралі, забіралі апошняе. Рабілі „па-лёгкаму“ ў хаце. … І, кажа, я нічога ня мог зрабіць, мне яда ня лезла. Гэта была шайка. Быў асобы аддзел, главар гэтых партызанаў. Яны, калі на каго якое падозранне падала, тут жа расстрэльвалі, „прышыўшы“ ворага. Я, кажа, баяўся і ня ведаў, дзе падзецца. І да немцаў уцякаць нельга, бо ўжо ў партызанах пабыў. Гэта было страшней за банду, бо банда таксама мараль мае».
На тэрыторыі Баранавіцкай вобласці стварыў падпольную дыверсійную групу «Барыса», якой і кіраваў. Група ўвайшла ў кантакт і падтрымлівала сувязь з савецкімі партызанамі — брыгадай імя Суворава. Быў прызначаны рэдактарам газеты «Перамога» (орган Новамышскага райкома КП(б)Б). У гэты час пазнаёміўся з Янкам Брылём, рэдактарам іншай партызанскай газеты, з якім сябраваў на працягу ўсяго жыцця.
З кастрычніка 1944 па 1955 гг. працаваў выкладчыкам і загадваў кафедрай мовы і літаратуры ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. Стварыў гурток па зборы і вывучэнні вуснай народнай творчасці, фальклору перыяду Другой сусветнай вайны. Уваходзіў у склад Камісіі па зборы матэрыялаў аб злачынствах нямецкіх акупацыйных улад на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці. У 1952 г. абараніў дысертацыю пра творчасць беларускага паэта М. Танка. У 1955 г. пераехаў у Гродна і да 1957 г. выкладаў беларускую літаратуру ў Гродзенскім педагагічным інстытуце імя Я. Купалы.
У сярэдзіне 1950-х праводзіць уласную кампанію публічных зваротаў да ўлад — піша лісты ў цэнтральныя беларускія газеты і ва ўстановы, звяртаецца да вядомых дзеячаў БССР. У зваротах у рэзкай форме выказваецца пра нацыянальную палітыку, якая праводзілася ў савецкімі ўладамі Беларусі, пра адміністрацыйныя абмежаванні выкарыстання беларускай мовы ў сферы адукацыі, культуры і публічнага жыцця. Акрамя таго, арганізуе напісанне студэнтамі Гродзенскага педагагічнага інстытута заяў пра становішча нацыянальнай школы (інфармацыя — паводле ўспамінаў тагачаснага студэнта, цяпер вядомага ў Беларусі настаўніка Алеся Белакоза). Паводле ўспамінаў Вячаслава Анушкевіча, пасля таго, як адну з напісаных па-беларуску навуковых прац Браніслава Ржэўскага зноў не прынялі да друку, у адным з зваротаў ён напісаў: «Што вы робіце, вы ж губіце ў Беларусі ўсю адукацыйную сыстэму, вы хаваеце беларускую мову. Як гэта магчыма, што ўсе школы ў вёсцы на беларускай мове, у гарадох ёсць на расейскай, а інстытуты ўсе на расейскай, ніводнага няма на беларускай». Тамсама ён казаў, што «ужо даўно быў кандыдатам у вязні, але неяк Бог абносіў».
16 лютага 1957 г. Ржэўскі арыштаваны на лекцыі ў інстытуце, у яго доме быў праведзены ператрус. 21 лютага 1957 г. праведзены паўторны ператрус, у выніку якога з асабістай бібліятэкі былі канфіскаваны кнігі, пераважна выдадзеныя ў міжваенны перыяд у Заходняй Беларусі, кнігі беларускіх антыкамуністычных аўтараў (Ф. Аляхновіча, ксяндза А. Станкевіча і інш.), а таксама польскія кнігі. Былі канфіскаваны баявыя ўзнагароды, а таксама рукапісы вершаў, у якіх Ржэўскі называў Сталіна забойцам, Неронам і Чынгізханам, заклікаў беларусаў да вызвалення. Пазней Браніслаў Ржэўскі расказваў Міколе Грышану, што КДБ да яго падаслала маладога паэта Алеся Бажко, калі той аднойчы быў выкліканы ў Мінск, нібы для ўдакладнення праграмы па беларускай літаратуры. Алесь Бажко тры дні ўвіхаўся каля Браніслава Ржэўскага, а потым змест іх размоў быў прыгаданы на допытах, якія праводзілі супрацоўнікі КДБ.[1] У абарону Ржэўскага была праведзена грамадская кампанія. Сяляне в. Скарчава, дзе ў пачатку вайны жыў Ржэўскі, сабралі 35 подпісаў пад зваротам у яго абарону. Асобна склала хадайніцтва група мясцовых дэпутатаў.
25 сакавіка 1957 Ржэўскі асуджаны Гродзенскім абласным судом паводле арт. 72 Крымінальнага кодэкса БССР на 7 год пазбаўлення волі за тое, што
с позиций буржуазных националистов возводит злосную клевету на советский общественный строй, советскую действительность и на национальную политику коммунистической партии и советского правительства. |
Ржэўскі трапіў у лагеры ГУЛАГу, калі тысячы людзей выходзілі з іх. Свой тэрмін Ржэўскі адбываў у ДубраўЛАГе (Мардовія). У лагеры працаваў бібліятэкарам. Захварэў сэрцам, бо вельмі хваляваўся. Знаходзячыся ў зняволенні, Ржэўскі працягваў сваю кампанію петыцый. Так, 10 кастрычніка 1957 г. ён накіраваў члену Прэзідыума ЦК КПСС К. Фурцавай ліст пра становішча беларускай мовы ў БССР. 20 мая 1959 г. накіраваў ліст да Старшыні Камісіі заканадаўчых прапановаў Савета Саюза Д. С. Палянскаму на тую ж тэму, які публікаваўся ў Бюлетэні БГА «Ветэраны Адраджэньня» VERITAS № 1(2)2004.
У 1959 г. жонка зняволенага Аляксандра Ржэўская звярталася ў Вярхоўны суд БССР з пратэстам на прысуд. Але ёй адказалі, што «оснований для принесения протеста по делу не имеется, поскольку мера наказания определена осуждённому в соответствии с содеянным, с учётом степени вины осуждённого и общественной опасности совершённого им преступления…». У 1961 г. Пленум Вярхоўнага суда БССР усё ж такі перагледзеў справу і датэрмінова (на 3 гады) вызваліў Ржэўскага.
Пасля вяртання ў Гродна Ржэўскі апынуўся ў цяжкай атмасферы ізаляцыі — ён пісаў літаратуразнаўчыя артыкулы і рэцэнзіі, але публікаваць іх было забаронена; шлях у вышэйшую школу для яго быў закрыты. Удалося ўладкавацца выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе. За домам быў арганізаваны нагляд КДБ.
Памёр 10 лютага 1980 года ў Гродне. Пахаваны на мясцовых могілках «Сакрэт» па пр. Касманаўтаў[2].
У 1989 г. беларускі часопіс «Крыніца» ўпершыню апублікаваў фрагмент успамінаў пра Ржэўскага. Рэдакцыя гэтага ж часопіса і сям’я Ржэўскага звярнуліся ў пракуратуру з хадайніцтвам аб рэабілітацыі. 29 сакавіка 1990 г. Пленум Вярхоўнага суда СССР рэабілітаваў Ржэўскага у сувязі з адсутнасцю складу злачынства.
Творы
правіць- Образ положительного героя в творчестве Максима Танка: автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата филологических наук / Б. А. Ржевский. — Барановичи, 1952. — 17, [1] с.
Зноскі
- ↑ https://novychas.by/poviaz/duch_jaho_nie_zlamali_z_uspami Новы Час. Дух яго не зламалі. З успамінаў Міколы Канаша
- ↑ Раманаў — Станкевіч – Белліт (14 ліпеня 2023). Праверана 14 чэрвеня 2024.
Літаратура
правіць- Громава, Н. «На самавольныя дзеянні ўказаць» / Наталля Громава // Крыніца. — 1989. — № 2. — С. 40—41.
- Пяткевіч, А. Педагог, вучоны, вязень ГУЛага: Да 90-годдзя Б. А. Ржэўскага // Гродзенская праўда. — 1995. — № . — 28 сакавіка. — С.
- Ржэўскі, М., Дзярновіч, А. Браніслаў Ржэўскі / Мечыслаў Ржэўскі, Алег Дзярновіч // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі, 1956—1991: Пэрсанажы і кантэкст. Даведнік / Архіў найноўшае гісторыі; [Пад рэд. А. Дзярновіча]. — Менск: Архіў найноўшае гісторыі, 1999. — 186 с.: іл. — С. 74 — 77. — (Архіў найноўшае гісторыі). — ISBN 985-6374-08-1.
- Белакоз, А. Шляхам Браніслава Ржэўскага / Алесь Белакоз // Белакоз, А. Каб жыла Беларусь: Артыкулы, успаміны, інтэрв’ю. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003. — С. 38—42.
- Ржэўскі, М., Дзярновіч, А. Браніслаў Ржэўскі / Мечыслаў Ржэўскі, Алег Дзярновіч // Нонканфармізм у Беларусі, 1953—1985: Даведнік / Архіў найноўшае гісторыі; [Аўтар-уклад. А. Дзярновіч]. — Мінск: Athenaeum, 2004. — 252 с. — С. 158—160. — ISBN 985-6374-08-I.
- Брыль, Я. Яшчэ адзін… / Янка Брыль // Брыль, Я. Парастак: запісы і эсэ. — Мінск: Про Хрысто, 2006. — С. 76—87.
- Вячаслаў Анушкевіч. Я ня мог цярпець гэтае сыстэмы // VERITAS № 1(2)2004. Бюлетэнь БГА «Ветэраны Адраджэньня»