Браты Баляслаў Адамовіч (1898, Янкоўшчына каля Альковічаў – чэрвень 1979) і Восіп (Юзаф) Адамовіч (1893, Янкоўшчына каля Альковічаў – лістапад 1870) – амерыканскія прадпрымальнікі і лётчыкі-аматары, ураджэнцы Беларусі [1], вядомыя сваім пералётам праз Атлантычны акіян ў 1934 годзе.

Браты Адамовічы (па краях здымка з букетамі) на прыёме ў гарадской Радзе Варшавы, ліпень 1934

У пачатку жыцця правіць

Нарадзіліся паблізу Альковічаў, сённяшні Вілейскі раён Мінскай вобласці. Па прыкладзе свайго старэйшага брата Браніслава перад Першай сусветнай вайны эмігрыравалі ў ЗША. Спачатку Восіп працаваў на цукровым заводзе Arbockler Brothers[2], а малады Баляслаў на спружынным заводзе, пасля – на тым самым цукровым заводзе[3], што і Восіп. У 1918 годзе[3] Баляслаў і Восіп Адамовічы, якія спрасцілі свае імёны на амерыканскі лад да Бэн (Ben) і Джо (Joe), з сабраных сродкаў заснавалі ў Нью-Ёрку невялікае ўласнае прадпрыемства па вырабе ахаладжальных і газаваных напояў і содавай[4]. Пасля некалькіх гадоў дзейнасці яны сталі на добрую фінансавую глебу.

З'яўленне ідэі пералёту правіць

У 1928 годзе браты ўпершыню ў якасці пасажыраў сталі ўдзельнікамі турыстычнага палёту малым самалётам і загарэліся ідэяй самастойных паветраных палётаў[2]. За 3400 долараў[3] купілі ўласны біплан Вако (Waco) і прайшлі навучанне пачатковага пілатажу. Пазней купілі самалёт Вако з больш магутным рухавіком з магутнасцю 165 Конскіх сіл.

Пад уздзеяннем авіяцыйных подзвігаў на свеце, у тым ліку пералётаў праз Атлантыку, якіх станавілася ўсё больш, браты вырашылі па прыкладзе амерыканца Чарлза Ліндберга пераляцець праз Атлантыку, зыходзячы з таго, што “нейкі паляк павінен перамагчы акіян, бо не можа быць паляк горшым за амерыканца, француза або датчаніна ці італьянца” [2]. На рашэнне паўплывала дастаткова выпадковая перамога ў конкурсе турыстычных самалётаў на аэрадроме Floyd Bennett у маі 1932, дзе адлегласць для спаборніцтваў складала ўсяго 11 міляў [2]. Хаця абодва браты былі аматарамі ў авіяцыі і з невялікай тэарэтычнай падрыхтоўкай.

Арганізацыя выправы правіць

Каб арганізаваць транскантынентальны пералёт, браты прадалі стары самалёт і купілі за 22 000 долараў самалёт для далёкіх пералётаў Bellanca J300 з рухавіком Wrigt магутнасцю 200 конскіх сіл [5], з максімальнай хуткасцю 209 км/г. Апрача стандартных паліўных бакаў ёмістасцю 1627 літраў, браты зманціравалі ў корпусе два дадатковыя бакі на 440 галонаў бензіну, а на аварыйны выпадак забралі таксама 21 галон у бляшаных каністрах [2].

З абсталявання самалёт меў толькі гіракомпас, а з-за абмежаванасці сродкаў братоў, не было ні радыё, ні аўтапілота [2]. На борце самалёта намалявалі герб у выглядзе белага арла і англійскую назву "City of Warsaw" (бел. Горад Варшава) [3] і надпіс "New York - Warszawa".

Калі ў жніўні 1933 года браты рабілі пералёт у планаванае месца старту з Нью-Ёрка на невялікі аэрадром Harbour Grace на востраве Ньюфаўндленд, пілот, якому даручылі перагонку самалёта, пашкодзіў яго падчас прызямлення [4]. Нягледзячы на гэта браты адрамантавалі самалёт і вырашылі зрабіць спробу пералёту ў наступным годзе. Вымушаны перапынак Баляслаў Адамовіч выкарыстаў каб паглыбіць веды ў навігацыі і здаць экзамен на палёты ва ўмовах адсутнасці бачнасці зямлі. Гэта адбылося усяго за некалькі дзён перад стартам [4].

Браты пазнаёміліся таксама з дакладнымі метэаралагічнымі характарыстыкамі над Атлантыкай. Тым не менш, не маючы радыё, а толькі ракетніцу з сігнальнымі зарадамі, пералёт быў звязаны з выключна высокай рызыкай [2].

Пералёт праз Атлантыку правіць

28 чэрвеня 1934 браты ўзляцелі з аэрадрома Floyd Bennett Field паблізу Нью-Ёрка да самага ўсходняга аэрадрома Harbour Grace у Ньюфаўндлендзе. На гэты раз ляцелі без дапамогі нанятага пілота і прызямліліся без праблем. На наступны дзень, 29 чэрвеня, а 5-й раніцы, браты стартавалі ў палёт праз Атлантыку, запісаўшы ў бартавы журнал: "June 29. Take off 5 O’Clock From Harbour Grace for Warsaw, Poland" [2][4].

Спачатку браты ляцелі ў дастаткова добрых метэаралагічных умовах, на вышыні 3000 м, але праз шэсць гадзін над акіянам тэмпература знізілася і самалёт абледзянеў, губляючы манеўранасць і знізіўся да 1200 м. На меншай вышыні, у цёплым атачэнні, Баляслаў зноў змог апанаваць самалётам.

Юзаф, які вёў журнал на англійскай мове, пасля паметак: ice.. ice.. (лёд) , нечакана напісаў: Boże zletujse nad nami (Божа, злітуйся над намі) [4].

Летучы далей браты трапілі ў непагадзь: буры з густымі хмарамі на нізкай вышыні, дождж і парывісты вецер. Пасля некалькіх гадзін у буры, братам удалося вылецець над хмарамі на вышыні каля 4000 м. Пасля 11 гадзін палёту браты ўбачылі, што з аднаго з бакаў выцекла паліва. На шчасце, дзякуючы аварыйнаму запасу, які перапампавалі да галоўных бакаў, ім хапіла паліва на далейшы палёт[2][3].

Раніцай 30 чэрвеня пасля амаль 20-гадзіннага палёту ўбачылі бераг Еўропы, але не ведалі, дзе знаходзяцца дакладна. З-за таго, што апусціліся хмары і туман, браты далейшыя тры гадзіны ляцелі на ўсход, без віду зямлі, пасля чаго развярнуліся і гадзіну ляцелі ў адваротным кірунку[3].

Прызямленне правіць

Карыстаючыся паляпшэннем бачнасці, але не могучы знайсці ніякага горада, прызямліліся на прыдатным малым лужку, пераскакваючы праз статак кароў – як аказалася каля мясцовасці Fleury-sur-Orne у Нармандыі ў Францыі [2].

 
Пасля прылёту на аэрадром у Варшаве, 2 ліпеня 1934 года

Браты скарысталіся гасціннасцю французаў і спаткаліся з прыбыўшым польскім вайсковым аташэ, а на наступны дзень пасля рамонту хваставога кола, якое было нязначна пашкоджана падчас прызямлення, браты вылецелі ў Парыж, дзе іх прылёт ужо стаў сенсацыяй[2].

Пасля запраўкі браты паляцелі ў Варшаву, але з прычыны недастатковасці паліва, і недакладнасці разумення свайго палажэння на дарозе, прызямліліся ў Германіі недалёка ад мяжы з Польшчай.

З прычыны неабходнасці рамонту падвескі, працягнулі палёт толькі на наступны дзень, але праз памылку ў курсе прызямліліся ў Торуні [2]. Апошні адрэзак да Варшавы браты ляцелі ў таварыстве пілота Аляксандра Аношкі, які апекаваўся правільнасцю навігацыі[5]. На Макатоўскім аэрадроме ў Варшаве самалёт Адамовічаў прызямліўся каля 17-й гадзіны, у ганаровым суправаджэнні польскіх знішчальнікаў. Агулам пералёт з Нью-Ёрка да Варшавы працягваўся чацвёра сутак і адзінаццаць гадзін[2].

Нацыянальныя героі правіць

У Варшаве братоў віталі як герояў, іх прымалі дзяржаўныя кіраўнікі, у тым ліку прэм’ер Лявон Казлоўскі. Братоў адзначылі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Атрымалі таксама ганаровыя адзнакі вайсковых лётчыкаў[4]. Польская прэса таго часу пісала, што героі насамрэч былі простымі “паядальнікамі хлеба”, двума немаладымі мужчынамі з відавочнай схільнасцю да аблысення, не самыя худыя і з вясёлым выглядам бізнесменаў з харчблока[4]. Іх геройскі учынак, як лічылі самі браты Адамовічы, адбыўся дзякуючы вялікай долі шчасця[4].

Былі другімі выхадцамі з тэрыторыі міжваеннай Польшчы, якія пераляцелі над Атлантыкай пасля Станіслава Скаржынскага (май 1933), але першымі, якія праляцелі над паўночнай Атлантыкай.

Восіп Адамовіч памёр у лістападзе 1970, а Баляслаў Адамовіч у чэрвені 1979 года.[6]

На радзіме правіць

У час гасцявання ў Польшчы Адамовічам была дадзеная магчымасць пабываць ў розных гарадах і найбольш цікавых мястэчках.[1] У Вільні іх сустракалі прадстаўнікі ўлад горада і генерал Люцыян Жалігоўскі. Ксёндз з парафіяльнага касцёла ў Альковічах Пачкоўскі сустракаў братоў з урнай з зямлёй з Альковічаў[1].

Браты Адамовічы атрымалі запрашэнне праз “Інтурыст” на прыезд у Савецкі Саюз. 18-20 чэрвеня яны былі ў Маскве, з 23 чэрвеня – у Мінску, праз польскае консульства атрымалі дазвол пабываць у Крайску паблізу савецка-польскай мяжы, куды браты ў дзяцінстве хадзілі ў школу. Па некаторых звестках у 1934 годзе там жыла сястра Адамовічаў[1].

Зноскі

Літаратура правіць

  • Janusz Łukaszewicz: Szarża przez Atlantyk // "Skrzydlata Polska" nr 6/2004 (2296) (польск.)
  • Bohdan Arct, Rycerze Biało-Czerwonej Szachownicy, Warszawa, 1966 (польск.)
  • Andrzej Przedpełski, Przez wielką wodę, Wiraże nr 10/2004 (польск.)
  • Wacław Sobol, Lotnicy z Bożej łaski, Polska lotnicza, Warszawa 1937, ст.281-286 (польск.)
  • Zofia Reklewska-Braun and Kazimierz Braun (Bracia Adamowiczowie Emigranci – lotnicy; Pierwsi polscy zdobywcy północnego Atlantyku Z archiwum pisarza, t. II. Wydawnictwo Uniwersytetu Rzeszowskiego. Rzeszów 2011 (польск.). ISBN 978-83-7338-656-3

Спасылкі правіць