Бруна фон Кверфурт

(Пасля перасылкі з Бруна Кверфурцкі)

Бруна фон Кверфурт або Бруна Кверфурцкі, Бруна-Баніфацый з Кверфурту (ням.: Bruno von Querfurt; 974 — 9 сакавіка 1009) — місіянер, прылічаны да святых каталіцкай царквой.

Бруна фон Кверфурт
Смерць Бруна, фрэска з абацтва Святога Крыжа на Лысай гары ў Польшчы
Смерць Бруна, фрэска з абацтва Святога Крыжа на Лысай гары ў Польшчы
Дата нараджэння 970
Месца нараджэння
Дата смерці 14 лютага 1009
Месца смерці
У ліку святы
Дзень памяці 9 сакавіка
Бацька Бруна Старэйшы[d]
Маці Ida[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Раннія гады

правіць

Сын Бруна Старэйшага, графа кверфурцкага, і Іды, нашчадак саксонскага арыстакратычнага роду, які быў у сваяцтве з імператарскім домам. Апроч Бруна ў сям'і было трое сыноў — Гебхард, Дзітрых і Вільгельм. Выхоўваўся ў школе пры кляштары Св. Яна ў Магдэбургу, школай кіравала магдэбургскае архібіскупства, установа вядома вучобай у розныя часы шмат каго з славянскіх біскупаў і місіянераў, у тым ліку Адальберта-Войцеха. У 995 годзе Бруна атрымаў сан каноніка, троху пазней быў прадстаўлены да двара імператара Атона III і ў 997 годзе стаў яго капеланам.

У 998 годзе з імператарам прыехаў у Рым. У Італіі даведаўся пра мучаніцкую смерць у Прусіі Адальберта-Войцеха і пад уражаннем пакінуў двор, пайшоў у кляштар бенедыкцінцаў на Авенціне дзе прыняў імя Баніфацый. У 1001 годзе ў Монтэ-Касіна пазнаёміўся з пустэльнікам Рамуальдам, заснавальнікам Ордэна камедулаў і ўступіў у яго брацтва. Некаторы час Бруна жыў у кляштары Рамуальда ў Перэі каля Равены дзе і прыняў пострыг. Рамуальд, адзін з ярчэйшых прадстаўнікоў радыкальнага манаска-аскетычнага руху таго часу, меў кантакты з польскім каралём Баляславам, рамуальдава брацтва брала ўдзел у місіях у Польшчу для хрысціянізацыі славян. Імаверна, менавіта ў рамуальдавым манастыры, пад уражаннем аповедаў місіянераў у Бруна з'явілася ідэя паўночнай місіі. У адну з такіх місій разам з Бенедыктам і Янам ён і адправіўся.

У 1002 годзе Папа Рымскі Сільвестр II надаў Бруна тытул Archiepiscopus gentium для місійнай дзейнасці сярод паганскіх народаў і выдаў яму дазвол на пасвячэнне, тады ж быў выдадзены і дазвол на місію Бенедыкту і Яну. У 1002 годзе Бруна са спадарожнікамі прыбыў да двара караля Баляслава. Кароль, імаверна, хацеў скіраваць місіянераў на хрышчэнне славян паміж Лабай і Одрай, каб далучыць гэтую тэрыторыю да сваіх уладанняў. Аднак, памкненні польскага караля непакоілі імператара Генрыха II, які таксама прэтэндаваў на гэтыя землі, таму Бруна, які ўзімку 1002 года прыбыў у Магдэбург для пасвячэння ў сан, доўга не мог яго атрымаць. За гэты час Бруна наведаў родавы замак Кверфурт, дзе ў 1002 годзе асвяціў новую царкву, адным з апекуноў якой быў святы Пётр.

Бенедыкту і Яну, якія засталіся ў Польшчы, Баляслаў даў зямлю пад кляштар, неўзабаве ў іх з'явіліся мясцовыя паслушнікі — родныя браты Язэп і Мацвей, а таксама Варнава і кухар Крысцін. У 1003 годзе, калі Варнаву адправілі ў Рым, астатнія пяць братоў — Бенедыкт, Ян, Язэп, Мацвей і Крысцін былі забіты.

Дзейнасць

правіць

Толькі ў 1004 годзе Бруна быў пасвечаны і атрымаў паліюм з рук магдэбургскага архібіскупа Тагіна. Пасвячэнне верагодна было здзейснена ў абмен на абяцанне не прапаведаваць на землях паміж Лабай і Одрай. Бруна вярнуўся ў Польшчу, перад гэтым пасвяціўшы аднаго з сваіх людзей у біскупы і адправіўшы яго з місіяй у Швецыю, дзе і сам некаторы час хацеў прапаведаваць. План Баляслава па хрышчэнні славян паміж Лабай і Одрай сарваўся.

Місія ў Венгрыю

правіць

Польскі кароль знайшоў для Бруна новую справу — прапанаваў адправіцца з пропаведдзю ў Венгрыю. Верагодна Бруна адбыў у Венгрыю не толькі з хрысціянскай, але і з дыпламатычнай місіяй. Вядома, што ён прапаведаваў сярод чорных мадзьяр у даліне Мараш ва ўладаннях князя Айтаня. Айтань быў хрысціянінам усходняга абраду і ў той час меў доўгачасовы канфлікт з каралём Іштванам І, такі жа канфлікт меў і польскі кароль Баляслаў. Некаторыя даследчыкі лічаць, што Айтань быў звязаны з Уладзімірам І Кіеўскім. Кароль жа Іштван быў цесна звязаны з імператарам Генрыхам, той быў яго шваграм і саюзнікам у барацьбе за вяртанне захопленых Баляславам венгерскі земляў. Прысутнасць Бруна ў Венгрыі выклікала вялікае раздражненне венгерскага караля, якое змусіла місіянера—дыпламата пакінуць гэтую краіну, вярнуцца ў Польшчу і некаторы час жыць пры двары караля Баляслава — дакладная храналогія гэтых падзей невядомая.

Місія да печанегаў праз Русь

правіць

У канцы 1007 года Бруна адправіўся праз Русь нібы прапаведаваць да печанегаў. Аднак верагодней за ўсё хрысціянская місія да печанегаў была толькі прыкрыццём дыпламатычнай місіі Бруна да Уладзіміра ад Баляслава. У пачатку 1008 года Бруна сустрэўся з rex Russorum Уладзімірам і некаторы час жыў пры яго двары. У канцы лютага 1008 года Бруна ў суправаджэнні Уладзіміра адправіўся да печанегаў, ахрысціў 30 чалавек і пасвяціў для іх біскупа са сваіх людзей, а таксама наладзіў мір паміж печанегамі і кіеўскім князем. Закладнікам на падмацаванне міру ў печанегаў застаўся сын кіеўскага князя, у якім некаторыя даследчыкі бачаць Святаполка.

Вяртанне ў Польшчу

правіць

У тым жа 1008 годзе Бруна вярнуўся ў Польшчу і зноў нейкі час жыў пры двары Баляслава. Там Бруна напісаў Жыціе Адальберта-Войцеха, Жыціе пяці братоў мучанікаў (сваіх былых спадарожнікаў), а таксама вядомы ліст да імператара Генрыха. У гэтым лісце, Бруна папракае імператара за тое, што ў саюзе з паганцамі — абадрытамі ваюе з Польшчай, замест таго каб у саюзе з Баляславам займацца іх хрышчэннем.

Прусія або зноў Русь?

правіць

Супярэчнасці паміж Баляславам і Генрыхам увесь час толькі абвастраліся, наспяваў канфлікт. У кан. 1008, перад самым пачаткам вайны паміж Польшчай і Імперыяй, Бруна, па меркаванні некаторых даследчыкаў пайшоў з Польшчы ў Прусію, дзе прапаведваў, а пасля гэтага пайшоў адтуль праз Літву на Русь. Іншыя даследчыкі лічаць, што Бруна пайшоў не ў Прусію, а зноў адправіўся на Русь у свіце дачкі Баляслава, якая выхадзіла замуж за тураўскага князя Святаполка. У той жа свіце быў і калабжэгскі біскуп Райнберн — духоўнік каралеўны. Невядома, які быў маршрут падарожжа, ці мог быць зноў Бруна ў Кіеве або шлюб адбыўся ў Тураве.

Сума дзейнасці

правіць

Бруна быў уражлівым чалавекам, гэтая асаблівасць характару практычна вызначыла яго лёс. Пад уражаннем ад смерці Адальберта-Войцеха ён пайшоў у кляштар. Пад уражаннем аповедаў аб пропаведзях паганцам — прыняў пастрыг і рашыў адправіцца прапаведаваць. Пад уражаннем ад перашкод у хрышчэнні палабскіх і надодраўскіх славян, з боку імператара і імперскага духавенства — стаў прыхільнікам Баляслава і праціўнікам Генрыха. У той жа час Бруна быў прыхільнікам хрышчэння паганцаў з дапамогай сілы і заклікаў да гэтага. Аднак ніхто не жадаў яму аказваць у гэтым рэальнай дапамогі — ні Генрых, ні Баляслаў, ні Уладзімір, ва ўсіх былі свае больш надзённыя праблемы.

Баляслаў пры пасрэдніцтве Бруна спрабаваў стварыць саюз супраць імперыі, ў яго гэта ў некаторай ступені атрымалася. У 1008 годзе чорныя мадзьяры Айтаня паднялі паўстанне ў Венгрыі, аднак яно было падушана каралём Іштванам. Шлюб жа дачкі Баляслава з сынам Уладзіміра таксама з'яўляецца ўскосным пацверджаннем нейкай дамовы паміж імі. Падрабязнасці і ўмовы гэтых пагадненняў невядомы, пра іх толькі здагадваюцца.

Апошняя місія ў Прусію або Літву

правіць
 
Урывак з Кведлінбургскіх аналаў з паведамленнем пра гібель Бруна на памежжы Русі і Літвы

Некаторыя даследчыкі лічаць, што Бруна адправіўся з місіяй у Прусію, а менавіта ў адну з яе частак — Яцвезь, па даручэнні караля Баляслава. Але гэта даволі сумнеўна, бо з 983 года яцвягі былі кіеўскімі даннікамі, а Баляславу тым часам не патрэбен быў канфлікт яшчэ і з кіеўскім князем Уладзімірам. Магчыма менавіта ад Уладзіміра Бруна атрымаў дазвол прапаведаваць на землях падуладных Кіеву паганцаў і з Русі, магчыма з Турава, адправіўся ў сваю апошнюю місію. Такі маршрут падарожжа — з Русі ў Літву, а не з Літвы на Русь, ускосна пацвярджае апісанне месца яго гібелі — на памежжы Русі і Літвы (in confinio Rusciae et Lituae). Зыходзячы з гэтага не ясна ці праўда Бруна збіраўся ў Яцвезь — хоць магчыма ён і хацеў трапіць туды праз Літву, прапаведуючы паганцам на шляху.

Як толькі Бруна са спадарожнікамі ступіў на зямлю паганцаў (прусаў або літоўцаў), то быў схоплены і прыведзены да тамтэйшага князька Нецімера і стаў угаворваць таго ахрысціцца. Атрымаўшы адмову Бруна спаліў паганскіх ідалаў, за што быў асуджаны да спалення. Аднак распаліць вогнішча пад Брунам паганцы не здолелі і палічылі гэта за знак — Нецімер вызваліў Бруна і разам з 300 набліжанымі, напэўна дружынай, ахрысціўся. Праз гэтага ў яго адбыўся канфлікт са сваякамі. Магчыма, сваякі былі супраць хрышчэння і патрабавалі пакарання Бруна, а хутчэй Нецімер пад уплывам Бруна настойваў на хрышчэнні сваякоў — нават загадаў забіць свайго брата, які адмовіўся ахрысціцца.

Далейшая місія Бруна склалася няўдала. З уладанняў Нецімера ён накіраваўся далей і апынуўся ва ўладаннях іншага князька — Зебедэна. Там 9 сакавіка 1009 года Бруна схапілі і загадам князька адсеклі галаву, а яго 18 спадарожнікаў павесілі. Галаву Бруна кінулі ў раку. Вельмі познія крыніцы раку называюць Алстрай (*Alstros), некаторыя даследчыкі атаясняюць яе з Ятрай (цяпер Ятранкай), прытокам Моўчадзі. Хоць слушнасць назвы ракі як Алстара і атаяснення яе з Ятрай неверагодная, у Дараўскай парафіі Ляхавіцкага дэканату Пінскай дыяцэзіі лічаць, што Бруна загінуў менавіта ў іх мясцовасці.

Пра далейшыя падзеі крыніцы разыходзяцца, адны сцвярджаюць, што рэшткі Бруна і яго спадарожнікаў былі выкуплены нейкім рускім князем, які над імі пабудаваў царкву і што Бруна шанаваўся як святы рускай царквой. Іншыя, што рэшткі выкупіў польскі кароль Баляслаў. Магло аднак адбыцца і першае і другое — спачатку рэшткі Бруна і яго спадарожнікаў трапілі да рускага князя, магчыма тураўскага Святаполка, калі Бруна на праўдзе пайшоў з місіяй з Русі і яго горада Турава, дзе да таго ж знаходзіўся біскуп Райнберн. А пасля рэшткі выкупіў кароль Баляслаў. Неўзабаве (да 13 ліпеня 1024) Бруна быў кананізаваны, ва ўрачыстай імшы ўдзельнічаў імператар Генрых.

Памяць у каталіцкай царкве — 15 кастрычніка. У Польшчы святы Бруна з'яўляецца патронам Ломжыцкай дыяцэзіі — дзень памяці 12 ліпеня.

Зноскі

  1. Deutsche Nationalbibliothek Record #118674749 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 13 снежня 2014.

Літаратура

правіць
  • Berg D. Brun von Querfurt // Die deutsche Literatur des Mittelalters: Verfasserslexikon. Bd. 1. — Berlin, 1978. — Sp. 1053—1056. (бібліяграфія);
  • Lotter F. Bruno von Querfurt // Lexikon des Mittelalters. Bd. 2. — Munchen, 1983. — Sp. 755—756. (бібліяграфія);
  • Voigt H.G. Bruno von Querfurt… 1907;
  • Bruno als Missionar der Ostens. 1909;
  • Petri Damiani Vita beati Romualdi / A cura di G. Tabacco. — Roma, 1957. Cap. 27 (=Fonti per la storia d'Italia; Vol. 94);
  • Meysztowicz W. Szkice o świętym Brunie-Bonifacym // Sacrum Poloniae Millennium. Rzym, 1958. T.5. S. 445—501;
  • Vita Quinque Fratrum Eremitarum. Epistola Brunonis ad Henricum regem / Rec. Hedvigis Karwasińska. — Warszawa, 1973. — P. 77-106 (=Monumenta Poloniae Historica; Ser. nova; T. IV. Fasc. 3);
  • Гильфердинг А. Ф. Неизданное свидетельство современника о Владимире Святом и Болеславе Храбром // Русская беседа. — 1856. — Т. 1. — С. 1-34;
  • Кібінь А. С. Лёс і роля лацінскіх місій у хрысціянізацыі заходнебеларускіх зямель у ХI ст. // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа. Ч. 1. — Гродна: ГрДУ, 2009. — С. 86-91;
  • Латиноязычные источники по истории Древней Руси / Сост. и пер. М. Б. Свердлов. — М., 1989. — С. 45-56;
  • Назаренко А. В. Древняя Русь на международных путях. — С. 339—361;
  • Назаренко А. В. Немецкие латиноязычные источники IX—XI вв. — С. 314—315.