Брыевыя імхі
Брыевыя імхі, брыіды, зялёныя імхі (Bryidae) — падклас лістасцябловых імхоў.
Брыевыя імхі | |||||||||||||
Артотрыхум Лайеля (Orthotrichum lyellii) | |||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||
Bryidae Engl. | |||||||||||||
|
Батанічнае апісанне
правіцьШмат- або аднагадовыя імхі розных памераў (ад 1 мм да 50 см), звычайна зялёныя. Характарызуюцца добра развітай ніткаватай, разгалінаванай пратанемай. Сцябло простае, вілавата- або монападыяльна-разгалінаванае, двух-, шматрадковааблісцелае, з рызоідамі, нярэдка мае дыферэнцыяцыю на тканкі. Каробачка спарагона ў большасці відаў мае перыстом (спецыяльны апарат для раўнамернага і паступовага рассейвання спор).
Пашырэнне
правіцьПашыраны па ўсім зямным шары. Распаўсюджаныя па ўсім свеце ад тундры і лесатундры да стэпаў і пустынь. Найбольшая відавая разнастайнасць характэрна для тропікаў. Маюць вялікае значэнне ва ўмераных і халодных абласцях абодвух паўшар’яў. На Беларусі каля 40 сямействаў, 115 родаў (найбольш пашыраныя брый (Bryum), дыкран (Dicranum), плеўрозій (Pleurozium), зязюлін лён (Polytrichum), цэратадон (Ceratodon) і інш.), каля 300 відаў.
Зялёныя мхі прымаюць удзел у фарміраванні расліннага покрыву. На балотах яны ўтвараюць суцэльнае покрыва і з’яўляюцца важнымі торфаўтваральнікамі на нізінных і пераходных балотах. У хвойных лясах, на лугах, у гарах, тундры пакрываюць глебу на вялікіх прасторах.
Сістэматыка
правіцьАдрозніваецца каля 85 сямействаў, 700 родаў і 14 тыс. відаў.
Падклас Bryidae уключае наступныя надпарадкі і парадкі:
- надпарадак Bryanae
- надпарадак Rhizogonianae
- надпарадак Hypnanae
- Hookeriales
- Hypnales — у т. л. Neckera bhutanensis
Значэнне
правіцьБрыевыя імхі найбольш эвалюцыйна дасканалая група. Торфаўтваральнікі; разам з водарасцямі ўтвараюць падводныя згуртаванні, нярэдка дамінанты і субдамінанты жывога наглебавага покрыва, прыстанішча для дробных беспазваночных жывёл. Садзейнічаюць зніrненню адных, узнаўленню і пашырэнню другіх відаў раслін, забалочванню глеб, зарастанню вадаёмаў, пагаршаюць якасць лугоў.
Літаратура
правіць- Брыевыя імхі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Сапегін Л. М. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях. — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6