Будынак былога жылога дома (Нароўля)

Нароўля

Будынак былога жылога дома — будынак у г. Нароўля Гомельскай вобласці, пабудаваны ў 1912 г. для двараніна Юзафа Андрэевіча Ліневіча (Ляневіча), адміністратара маёнтка Нароўля Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935). Размешчаны па вуліцы Кастрычніцкай, 12. Прыклад драўлянага дойлідства ў стылі мадэрн[1][3]. Цяпер у будынку знаходзіцца нараўлянскі гісторыка-этнаграфічны музей.

Славутасць
Будынак былога жылога дома
51°48′04″ пн. ш. 29°30′21″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль мадэрн[1]
Будаўніцтва 1912
Вядомыя жыхары Юзаф Андрэевіч Ліневіч (Ляневіч), адміністратар маёнтка Нароўля Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1936); Казімір Францавіч Градзіцкі (1891—1959), галоўурач нараўлянскай бальніцы ў 1921—1936 гг.[2]
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000535шыфр 313Г000535
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Пабудаваны ў 1912 г. з дрэва для двараніна-каталіка Юзафа Андрэевіча Ліневіча (Ляневіча), адміністратара маёнтка Нароўля Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935)[4][5]. Бацька Юзафа Андрэй Ліневіч (1814—1876) таксама быў у свой час адміністратарам маёнтка Нароўля паноў Горватаў і пахаваны ў Нароўлі, на тэрыторыі нараўлянскага парку[5]. Унукам Андрэя Ліневіча быў Казімір Францавіч Градзіцкі (1891—1959), глаўурач нараўлянскай бальніцы ў 1921—1936 гг., партызан-медык, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі і трох баявых медалёў, заслужаны ўрач БССР[2][5].

У савецкі час тут размяшчаліся па чарзе мясцовы райкам кампартыі; райвыканкам; раённая бальніца (з 1920 г. — на 10 ложкаў), дзе працаваў урачом у тым ліку Казімір Францавіч Градзіцкі (1891—1959); раённы Дом піянераў і школьнікаў (да 1991 г.)[3][4].

У 1982 г. па ініцыятыве аддзела ідэалогіі Нараўлянскага РК КПБ у Доме піянераў і школьнікаў пачалі ствараць мясцовы музей краязнаўства. У лістападзе 1982 г. музей быў урачыста адкрыты. Ён дзейнічаў на грамадскіх пачатках пры Доме піянераў і школьнікаў. У 1991 г. Дом піянераў і школьнікаў перавялі ў іншае месца, а будынак перадалі на баланс Нараўлянскага раённага аддзела культуры. 1 студзеня 1992 г. рашэннем выканкама Нараўлянскага раённага Савета дэпутатаў у доме быў адкрыты Нараўлянскі цэнтр-музей этнаграфіі і народных промыслаў[4], які дзейнічае ў былым будынку Ліневіча дагэтуль пад новай назвай «Нараўлянскі гісторыка-этнаграфічны музей». У 1992—1995 гг. у будынку праводзіліся ўнутраная рэканструкцыя і рамонт фасада, а тэрыторыя навокал была добраўпарадкавана.

Архітэктура

правіць
 
Дваровы фасад
 
Дэталі
 
План жылога дома

Аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з мезанінам. Пастаўлены на высокім цагляным цокалі. Над галоўным уваходам — балкон на 4 слупах. 3 боку дваровага фасада была прыбудавана галерэя (не збераглася). Фасады дома аздоблены дэкаратыўнай шалёўкай. Прамавугольныя аконныя праёмы ў ліштвах. Па перыметры будынка праходзіць разны карніз. Фрыз і гарызантальныя цягі таксама ўпрыгожаны разьбой. Вуглы зруба ашаляваны стылізаванымі пілястрамі з базамі і капітэлямі. Па-мастацку дэкарыраваны і бляшаныя вадасцёкі. Планіроўка калідорная[3].

У цяперашнія часы драўляны будынак шмат разоў быў пафарбаваны. У вокнах і дзверах пастаўлены сучасныя пласцікавыя шклапакеты.

Мемарыяльная шыльда

правіць

Злева на фасадзе будынка была размешчана мемарыяльная шыльда з імем Казіміра Францавіча Градзіцкага (1891—1959), галоўурача нараўлянскай бальніцы ў 1921—1936 гг.[6]

Зноскі

  1. а б Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 420.
  2. а б Гродзицкий Казимир Францевич
  3. а б в А. М. Кулагін. 1366. Жылы дом // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Гомельская вобласць. — 383 с., іл.
  4. а б в Што пакінем пасля сябе? // Прыпяцкая праўда. — 1994. — №28 (19 красавіка). — С. 1.
  5. а б в Парк — это гордость наровлян
  6. НАРОВЛЯ. ПАРК. УСАДЬБА ГОРВАТТА. КРАСНЫЙ МОЗЫРЯНИН

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць