Буквар
Буква́р, а́збука, леманта́р — дапаможнік для навучання пісьму. Буквар дапамагае засвоіць друкаваныя і рукапісныя літары і іх гукавыя значэнні, навучыцца чытаць разам найпрасцейшыя склады і словы і правільна разумець чытанае, умець чытаць і разумець тэксты, пісаць простыя словы і сказы.
Назва
правіцьНазва «буквар» упершыню з'явілася ў выданні Святадухавага брацтва 1618 года (Еўе); у 1631 гэты зачын падтрымаў Спірыдон Собаль. Ад гэтай пары букваром сталі называць кнігі для навучання пісьму не толькі ў беларускай, але і ў іншых славянскіх мовах: рускай, украінскай, балгарскай, серба-харвацкай[1].
Пазней на Беларусі стаў таксама выкарыстоўвацца тэрмін «лемантар» (ад па-лацінску: elementarius — пачатковы)[1].
Гісторыя
правіцьПершы друкаваны буквар на беларускіх землях пад назвай «Наука ку читаню и розуменю писма словенскаго» быў выдадзены ў 1596 Лаўрэнціем Зізаніем у віленскай друкарні Мамонічаў. Аднак фактычна кнігі, па якіх навучаліся грамаце, выдаваліся і раней. Да з'яўлення першага падручніка людзі вучыліся чытаць і пісаць па кнігах Святога Пісання — «Псалтыры» і «Часаслове». Так, Францыск Скарына ў сваім перакладзе «Псалтыры» побач з тытульнымі літарамі на пачатку раздзелаў змяшчаў малюнкі прадметаў, якія пачыналіся з гэтай літары — спосаб, які выкарыстоўваецца і ў сучасных букварах.
У 1618 годзе ў друкарні Святадухавага брацтва ў Еўі была выдадзена кніга пад назвай «Букварь языка славенска», у працы над якой удзельнічаў Мялецій Сматрыцкі. У 1631 годзе Спірыдон Собаль выдаў уласны «Букваръ сиречъ, начало ученіа детем начинающим чтенію извыкати». Увогуле ў перыяд паміж 1590 і 1653 гадамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі выйшлі 16 элементарных падручнікаў, што складала больш за палову ўсіх выданняў на ўсходнеславянскіх землях[1].
У 1679 годзе Сімяон Полацкі выдаў ва ўласнай друкарні ў Маскве «Букварь языка славенска», па якім вучыў царскіх дзяцей Пятра і Соф'ю Аляксеевічаў.
XX стагоддзе было адзначана выхадам у свет лемантароў і буквароў Цёткі («Беларускі лемантар», 1906, Пецярбург), Каруся Каганца, Сцяпана Некрашэвіча[2] («Лемантар», 1922, Берлін[3]), Надзеі Сіўко[4], Анатоля Клышкі. Буквар апошняга аўтара атрымаў некалькі ўзнагарод на міжнародных, ўсесаюзных і беларускіх кніжных выставах, зведаў 23 перавыданні[5] і з'яўляецца адзіным, па якім дагэтуль вывучаюць беларускую мову ў школах[1].
Зноскі
- ↑ а б в г Сяргей Чыгрын. Анатоль Клышка: «Я ўзяўся за напісанне беларускага буквара і… перамог» // Czasopis. — лістапад 2012. — № 11/12.(недаступная спасылка)
- ↑ Шматгранны талент вучонага . Навіны. Нацыянальная бібліятэка Беларусі (29 лістапада 2012).(недаступная спасылка)
- ↑ Алена Маркава. Школьная аснова выхавання нацыянальнай самасвядомасці ў БССР // Беларускі гістарычны агляд. — Т. 17. Сш. 1—2. — С. 155—190.
- ↑ Vlad2012.. дзень беларускага пісьменства 2008 г. — г. Барысаў . Дзень беларускага пісьменства (29 лістапада 2012).
- ↑ Клышка Анатолькі Канстанцінавіч(недаступная спасылка). Біяграфія. Саюз беларускіх пісьменнікаў (29 лістапада 2012). Архівавана з першакрыніцы 20 чэрвеня 2017. Праверана 29 лістапада 2012.
Спасылкі
правіцьБуквар на Вікісховішчы |
- Буквар языка славенска 1649 года выдадзены Магілёўскім праваслаўным брацтвам на Uppsala University Library