Друкарня Мамонічаў
Друкарня Мамонічаў была заснавана ў Вільні Пётрам Мсціслаўцам на сродкі магілёўскіх купцоў Мамонічаў у 1574 годзе. У ёй былі надрукаваны ад 80 да 100 кніг, з іх каля паловы — па-старабеларуску. Кнігі вызначаліся высокім паліграфічным і мастацка-арнаментальным аздабленнем.
Была адзінай беларускай друкарняй, якая выпускала зборнікі заканадаўчых актаў, у тым ліку Статут ВКЛ, «Трыбунал абывацелям Вялікага Княства Літоўскага», канстытуцыі «вальных» соймаў.
Пачатак працы
правіцьУ маі 1574 года ў хаце Лукаша і Кузьмы Мамонічаў была арганізаваная друкарня Пётра Мсціслаўца. Матэрыяльную дапамогу Мсціслаўцу аказвалі таксама актыўныя прыхільнікі праваслаўя браты Зарэцкія. Маёмасць Мсціслаўца ў друкарні не выкарыстоўвалася[1].
Першая кніга — літургічнае «Евангелле напрастольнае» — выйшла 30 сакавіка 1575 года. Кніга мела «густоўнага рысунку» шрыфт, які праектаваў, выразаў ды адліў для сваёй друкарні сам Мсціславец. Мова кнігі, як выдання прызначанага для богаслужэбнага ўжытку ў праваслаўных цэрквах, была царкоўнаславянская[2]. 16 студзеня 1576 года выйшаў «Псалтыр», пасля — «Часовник».
Як вынікае з пасляслоўяў да выдадзеных кніг, Пётр Мсціславец за галоўных ініцыятараў і мецэнатаў стварэння друкарні ўважаў братоў Івана і Зянова Зарэцкіх, якія былі багатымі і ўплывовымі прадстаўнікамі тагачаснага купецкага стану ў Вільні ды займалі адказныя адміністрацыйна-дзяржаўныя пасады.
Пасля таго, як у 1576 годзе каралём стаў зацяты каталік і заступнік езуітаў Стэфан Баторый, паміж Мсціслаўцам і Мамонічамі пачаўся канфлікт. Паводле пастановы суду друкарскае абсталяванне было прысуджанае Мсціслаўцу, а выдадзеныя кнігі — Кузьме Мамонічу пасля сплаты ім Мсціслаўцу 30 копаў грошаў «личбы литовское». Пастанова суду так і не была выкананая, таму ў 1577 годзе суд паўторна вынес вырак і прызначыў штраф. Друкарня была апячатаная і не працавала[1].
Далейшых звестак пра жыццё i дзейнасць Мсціслаўца не захавалася. Праз 20 гадоў ад віленскае судовае справы яго шрыфты з'явіліся на Валыні, у Астрожскай друкарні[3].
Па Мсціслаўцы
правіцьПасля гэтага чарговыя кнігі друкуюцца іншым шрыфтом, што можа сведчыць пра спагнанне судом належнага Мсціслаўцу друкарскага абсталявання.
У 1582 годзе ў Вільню прыяжджаў з Львова заблудавец Грынь Івановіч, памочнік Івана Федаровіча Масквіціна, які нарэзаў і адліў Мамонічам два камплекты шрыфтаў — адзін буйнейшы, другі меншы, курсіўны. Гэты шрыфт заставаўся адзіным кірылічным курсіўным шрыфтам ажно да 1730-х гадоў.
У 1583 годзе дзейнасць друкарні была ўзноўленая пад кіраўніцтвам Кузьмы Мамоніча, яго брата Лукі і сына Кузьмы Льва (Лявона Кузьміча). Магчыма, з імі супрацоўнічаў віленскі друкар Васіль Гарабурда, які выдаў у 1582 (або 1580) годзе Актоіх[1].
Да падпісання Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 года друкарня збольшага абслугоўвала патрэбы праваслаўных братэрстваў, братэрскіх школ, цэркваў, простых местачкоўцаў. Выпускаліся багаслоўскія і літургічныя выданні, кнігі для чытання, публіцыстычныя творы, падручнікі, зборнікі заканадаўчых актаў, выданні прававога характару, канстытуцыі вальных соймаў, палемічныя творы Іпація Пацея[4].
З XVII стагоддзя друкарня забяспечвала патрэбы выключна ўніятаў[1]. Справамі распараджаўся Лявон Кузьміч Мамоніч, імя якога ў выходных звестках выданняў з’явілася ў 1609 годзе. Адсутнасць кніг для праваслаўных сведчыць пра адхіленне Кузьмы і Лукі Мамонічаў ад спраў і пераходу кіраваннем у рукі Лявона[1]. Па смерці Кузьмы 16 ліпеня 1607 года Лявон успадкаваў друкарню[4].
За часы існавання друкарні Мамонічаў з яе выйшлі каля 100 рэлігійных і свецкіх выданняў у беларускай, царкоўнаславянскай і польскай мовах. Матэрыялы друкарні часткова перайшлі ва ўласнасць віленскай Траецкай друкарні[4].
Пасля 1624 года Лявон Мамоніч перадаў друкарню ордэну базыльянаў, на яе базе была заснавана Віленская Троіцкая друкарня, якая праіснавала да пачатку XIX ст.[5]
Статут ВКЛ
правіцьТрэці статут ВКЛ друкаваўся тут у 1588, 1592—1593, 1594—1595 гадах.
Для выдання Літоўскага Статуту Мамонічы набылі Львоўскую друкарню Івана Федаровіча[6]. Для друку быў выкарыстаны кірылічны курсіўны шрыфт Грыня Івановіча, пры стварэнні якога за ўзор было ўзятае тагачаснае беларускае скорапіснае пісьмо віленскай вялікакняжаскай канцылярыі[7].
У 1614 і 1619 гадах з друкарні Мамонічаў выходзілі пераклады Статуту на польскую мову.
Выданні
правіцьПётра Мсціслаўца
правіцьМамонічаў
правіць- «Службоўнік» (1583; шрыфт скапіраваны са шрыфту Мсціслаўца[1])
- «Зборнік» (1585; выданне прысвечанае канцлеру Валовічу[1])
- «Псалтыр з аднаўленнем» (1586; копія Псалтыра, выдадзенага Іванам Федаровічам у друкарні ў Заблудаве ў 1570 годзе[1])
- «Кграматыка словеньска языка» (8 кастрычніка 1586 года; пераклад працы сербскага аўтара XIV стагоддзя пра восем часцін мовы, складзены паводле грэчаскіх узораў. У паслямоўі сказана, што падручнік выдадзены на просьбу жыхароў Вільні[1])
- «Дыялектыка» (каля 1586)
- «Трыбунал абывацелям Вялікага Княства Літоўскага» (1586, у 1614 годзе выйшла выданне на польскай мове)
- «Статут ВКЛ» (1588; у 1614 годзе выйшла выданне на польскай мове[4]
- «Буквар» (1590-я, 1618, 1621)
- «Евангелле» (1600; два выданні ў адзін год. Спрошчаны варыянт Евангелля Мсціслаўца[1])
- «Малітвы паўсядзённыя» (1601)
- «Апалогія фларэнційскага сабора» (1604)
- Язэп Руцкі. «Тэзісы» (1608)
- «Гармонія… ўсходняй царквы з касцёлам рымскім» (каля 1608)
- «Трыёдзь каляровая» (1609; копія маскоўскага выдання 1591 года[1])
- «Трыёдзь посная бяз выхаду» (каля 1609; копія маскоўскага выдання 1589 года [1])
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л 400 лет русского книгопечатания. — Москва: Наука, 1964. Архівавана 8 чэрвеня 2014.
- ↑ Друкарня Пётра Мсціслаўца. Да 400-годдзя віленскага Евангелля // Запісы. — № 13. — Нью-Ёрк, 1975. — С. 3.
- ↑ Друкарня Пётра Мсціслаўца. Да 400-годдзя віленскага Евангелля // Запісы. — Нью-Ёрк, 1975. — С. 15.
- ↑ а б в г Лев Мамонич — белорусский поэт и книгоиздатель конца XVI — начала XVII веков Архівавана 27 снежня 2008.
- ↑ Віленская базыльянская друкарня // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Кузьма Мамонич(недаступная спасылка) (руск.). Календарь истории Великого княжества Литовского
- ↑ Карский Е.Ф. Белорусы. Язык белорусского народа. — Вып. I. — Минск: АН БССР, 1955. — С. 86.
Спасылкі
правіць- Рыгор Максімовіч.. Тры выданні Трэцяга Статуту Вялікага Княства Літоўскага(недаступная спасылка). Вітаўт Тумаш, Выбраныя працы. Беларуская інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат» (20 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 1 верасня 2011. Праверана 22 верасня 2012.
- Ніна Баршчэўская.. Беларускае кнігадрукаванне ў асвятленні эміграцыйных часопісаў(недаступная спасылка). Беларуская інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат» (20 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 3 чэрвеня 2009. Праверана 22 верасня 2012.
Літаратура
правіць- Энцыклапедыя Вялікае Княства Літоўскае - Том 1, 2007 г.
- Н. Березкина. Из истории книгопечатания в Беларуси // Вестник ББА. — № 2. — 1996. Архівавана 4 сакавіка 2016.
- Голенченко Г. Я. Типография Мамоничей // Франциск Скорина и его время. Энциклопедический справочник. — Мн., 1990. — С. 412.
- Зернова А. С. Типография Мамоничей в Вильне (XVII век) // Исслед. и материалы. — М., 1959.
- 400 лет русского книгопечатания. — Москва: Наука, 1964. Архівавана 8 чэрвеня 2014.