Бітва на Басі
Бітва на Басі — баявое сутыкненне ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў, адбылася 8 кастрычніка 1660 года на рацэ Басі (прытоку Проні) паміж войскамі Рэчы Паспалітай і Расіі.
Бітва на Басі | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) | |||
![]() «Бітва на рацэ Басі», С. А. Лагуновіч (2012-2013, Магілёўскі абласны краязнаўчы музей). | |||
Дата | 8 кастрычніка 1660 | ||
Месца | рака Бася | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
У канцы верасня 1660 года расійскі ваявода князь Юрый Аляксеевіч Далгарукаў размясціў свае войскі лагерам паблізу Чавусаў, каля вёскі Гасподы на рацэ Басі ў Аршанскім павеце. На процілеглы бераг падышлі войскі Рэчы Паспалітай колькасцю каля 12 000 ваяроў на чале з вялікім гетманам літоўскім Паўлам Янам Сапегам, Міхалам Казімірам Пацам і Стэфанам Чарнецкім. Некалькі дзён праз Басю ішла артылерыйская перастрэлка, з 4 кастрычніка адбываліся сутычкі.
У ноч на 8 кастрычніка Сапега пераправіў усе войскі цераз Басю і пастроіў баявым парадкам. Сілы ўласна Сапегі занялі цэнтральныя пазіцыі, на правым флангу была размешчана дывізія Чарнецкага, на левым — Паца. Апоўдні расійскія войскі выйшлі з лагера, быў здзейснены ўзаемны артылерыйскі абстрэл, пасля пачалася генеральная бітва. У цэнтры расійскія войскі адкінулі кавалерыю Сапегі, пабілі шмат пяхоты, захапілі гармату і некалькі сцягоў, потым адышлі да лагера. На абодвух флангах поспех быў на баку войск Рэчы Паспалітай, якія, разбілі расійскія атрады і адагналі іх да лагера. Пад вечар усе расійскія войскі адышлі пад абарону лагерных умацаванняў, дзе здолелі адбіць усе атакі. Харугвы Рэчы Паспалітай вярнуліся за Басю.
У бітве абодва бакі зазналі значных страт. Войскі Рэчы Паспалітай здабылі ў баі 7 гармат, 15 сцягоў; расійскія войскі страцілі 427 чалавек забітымі і 519 палоннымі, у тым ліку палкоўніка фон Букавен. Расійскія войскі здабылі ў баі вялікі сцяг Міхаіла Паца, вялікую гармату і сцяг гусарскай харугвы паручніка Жаронскага.
Не маючы дастатковых сіл, каб узяць расійскі лагер, войскі Рэчы Паспалітай вырашылі пакінуць берагі Басі, каб разбіць сілы Івана Хаванскага, якія рухаліся на дапамогу Далгарукаву. Сам Далгарукаў не ведаў пра адыход праціўніка і застаўся на полі бою. Пасля чакання ён адышоў да Магілёва.
Абодва бакі прыпісалі перамогу сабе. Расійскія войскі здолелі спыніць пасоўванне рэчыпаспалітаўскіх сіл і зняць аблогу з Магілёва, але ў пачатку 1661 года ўсё адно страцілі гэты горад. У выніку, стратэгічная ініцыятыва ў рэгіёне перайшла да Рэчы Паспалітай.
Крыніцы
правіць- ↑ ЭнцВКЛ 2005.
- ↑ Kossarzecki K. Kampania roku 1660 na Litwie. 2005. Inforteditions.
Літаратура
правіць- Бітва на Басі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. — Мн., 1995. — С. 98—99.