Бітва пры Вальсекілья
Бітва пры Вальсекілья — апошняе наступленне Народнай арміі Іспанскай рэспублікі падчас грамадзянскай вайны 1936—1939 гадоў, распачатае на Эстрэмадурскім фронце ў студзені 1939 года з мэтай адцягнення нацыяналістаў з Каталоніі.
Бітва пры Вальсекілья | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Іспаніі | |||
Дата | 5 студзеня — 4 лютага 1939 | ||
Месца | Валькесілья, Кордава, Іспанія | ||
Вынік | перамога франкістаў | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Планы і сілы бакоў
правіцьПасля паражэння рэспубліканцаў у бітве на Эбра лічылася, што Франсіска Франка пачне новае наступленне (на гэты раз канчатковае) супраць ізаляванага ад Рэспублікі рэгіёну Каталоніі. Па гэтай прычыне было неабходна тэрмінова пачаць буйное наступленне, якое адцягне сілы мяцежнікаў і прымусіць іх адмовіцца ад такіх планаў.
План гэтай амбіцыйнай аперацыі быў познім увасабленнем так званага «Плана П» генерала Вісентэ Роха: выклікаць наступленнем крах франкісцкага фронту на поўдні і прасунуцца да Мерыды, падзяліўшы так званую «нацыяналістычную зону» напалову, і такім чынам, ускосна дапамагчы рэспубліканскім войскам, якія супраціўляліся нацыяналістам у Каталоніі і Валенсіі.
Рэспубліканскія сілы, разгорнутыя для аперацыі, складаліся з XXII армейскага корпуса падпалкоўніка Хуана Ібаролы, групы «Тараль» маёра міліцыі Ніламона Тараля, калоны падтрымкі «Ф» маёра міліцыі Фернандэса Санчэса. У якасці падтрымкі была нададзена групоўка танкаў і некалькі эскадрылляў самалётаў. У цэлым злучэнні Эстрэмадурскай арміі генерала Антоніа Эскабара (начальнік штаба Мануэль Матальяна) былі вельмі шматлікімі, але ім не хапала ўзбраення і харчоў. Да канца вайны маральны дух салдат рэспубліканскіх войскаў быў нізкім.
З-за другараднага стратэгічнага значэння гэтага тэатра вайны нацыяналістычныя войскі Паўднёвай арміі (камандзір Гансала Кейпа дэ Льяна) саступалі па колькасці рэспубліканцам. Яны былі зведзены ў дзве групы: група «А» Франсіска Гарсія-Эскамеса займала паўночны ўчастак сектара, група «Б» Артура Муньаса Кастэльянаса размяшчалася на поўдзень ад пазіцый рэспубліканцаў, засяродзіўшы свае намаганні на абароне Пеньяроі.
Ход бітвы
правіць5 студзеня 1939 года XXII рэспубліканскі армейскі корпус пачаў раптоўную атаку са сваіх пазіцый і прарваў фронт нацыяналістаў у сектары Інахоса-дэль-Дуке, утварыўшы пралом у восем кіламетраў. На наступны дзень рэспубліканскім войскам удаецца прарваць другую лінію абароны паўстанцаў і заняць г. Фуэнтэ-Абехуна, але 6 студзеня франкісты спыняюць іх прасоўванне на поўдзень ля Пеньяроі. Аднак 7 студзеня рэспубліканцы змаглі працягнуць наступленне на цэнтральным напрамку і заняць Лос-Бласкес і Пераледа-дэль-Саусеха. Усяго за тры дні войскі здолелі заняць каля 500 квадратных кіламетраў, што стала самым буйным заваяваннем Рэспублікай тэрыторыі за ўсю вайну.
Кейпа дэ Льяна папярэджвае Галоўнае камандаванне нацыяналістаў, што яму не хапае рэзерваў у Андалузіі. Ён пастаянна просіць у Франка падмацавання, але апошні загадвае, каб на дапамогу прыбылі толькі бліжэйшыя войскі, адмаўляючыся спыняць або затрымліваць сваю аперацыю ў Каталоніі.
Дрэннае надвор’е ўскладняе наступленне, і з 8 студзеня прасоўванне рэспубліканскіх войскаў паралізавана праліўным зімовым дажджом, які ператварае мясцовасць у суцэльнае балота. Нягледзячы на непагадзь і ўзмацнелы супраціў франкістаў, наступленне працягнулася ў наступныя дні. Пасля пераадолення ракі Зухар рэспубліканцы падышлі да Асуага на поўдні і Мантэрубіа-дэ-ла-Серэна на поўначы. Лінія фронту набыла форму мяшка, гарлавіна якога не перавышала 15 км і кантралявалася франкістамі з узвышша Сьера-Трапера з поўначы і пагоркаў Мана-дэ-Ера з поўдня, што стварала пагрозу для далейшага прасоўвання.
14 студзеня франкісты адбілі спробу рэспубліканцаў працягнуць наступленне, і самі, у сваю чаргу, з 17 студзеня пры падтрымцы авіяцыі пачалі ўласнае контрнаступленне, спалучаючы атакі пяхоты з нечаканымі нападамі кавалерыі. Рэспубліканскія войскі спрабуюць перайсці да абароны, але недахоп боепрыпасаў і масавае дэзерцірства прымушае іх адступаць з захопленых на працягу папярэдніх дзён пазіцый. 22 студзеня нацыяналісты займаюць Пераледа-дэль-Саусеха, 25-га — Фуэнтэ-Абехуна, 27-га аднаўляюць першапачатковую лінію фронту.
Аднак баі працягваліся, так як рэспубліканцы не адмаўляліся ад спробаў аднавіць наступленне, і спыніліся толькі 4 лютага.
Вынікі
правіцьСтраты рэспубліканцаў дасягнулі 6000 забітых, франкістаў — каля 2000 забітых. Хоць першапачаткова занята вялікая колькасць гарадоў і значная тэрыторыя, на апошнім этапе вайны гэта было бескарысна. Наступленне франкістаў у Каталоніі ніколькі не пацярпела, а аперацыя рэспубліканцаў у Эстрэмадуры спынілася без усялякай перспектывы.
Новае паражэнне пераканала многіх рэспубліканскіх вайскоўцаў, уключаючы генерала Антоніа Эскабара, у тым, што вайна прайграна беззваротна, і што рэспубліканская армія не зможа змяніць сітуацыю. У наступным камандзір падтрымае ўзброены пераварот, арганізаваны палкоўнікам Касада Сехісмунда супраць урада Хуана Негрына.