Біядынамічная сельская гаспадарка

Біядынамічная сельская гаспадарка — псеўданавуковае вучэнне і методыкі сельскагаспадарчай вытворчасці, заснаваныя на эзатэрыцы, астралогіі, гамеапатыі і экалагічным падыходзе.

Вытворчасць «рогавага гною»

Гісторыя правіць

Асноўныя прынцыпы біядынамічнай сельскай гаспадаркі былі распрацаваны нямецкім эзатэрыкам Рудольфам Штэйнерам і выкладзены ім у 1924 г. падчас лекцый у Кабервіцы (Сілезія). Яго вучэнне фактычна стала адным з першых альтэрнатыўных падыходаў да сучаснай сельскай гаспадаркі, заснаванай на ўжыванні сінтэтычных хімічных рэчываў.

У 1927 г. прыхільнікі Р. Штэйнера арганізавалі ў Берліне кааператыў па перапрацоўцы прадуктаў біядынамічнай сельскай гаспадаркі «Дэметра». У 1928 г. на яго аснове была арганізавана міжнародная біядынамічная фэдэрацыя «Demeter International», якая да нашых дзён займаецца сертыфікацыяй вытворчасці прадуктаў. У 2021 г. у яе склад уваходзіла 19 мясцовых аб'яднанняў з краін Еўропы, Азіі, Афрыкі, Новага Свету, Аўстраліі і Акіяніі.

У 1942 г. лорд У. Дж. Нортбёрн  (англ.) вызначыў біядынамічную сельскую гаспадарку як адну з трох форм арганічнай сельскай гаспадаркі. Да пачатку XXI ст. практыка біядынамічнай сельскай гаспадаркі развівалася поруч з іншымі формамі арганічнай сельскай гаспадаркі, у яе былі ўключаны севазварот, ужыванне полікультур і покрыўных культур, а таксама іншыя методыкі сельскагаспадарчай вытворчасці, якія адсутнічалі ў вучэнні Р. Штэйнера. Тым не меней, само вучэнне, у тым ліку яго найбольш спрэчныя пастулаты, застаюцца важным чыннікам для адасаблення прыхільнікаў біядынамічнай сельскай гаспадаркі.

Асноўныя прынцыпы правіць

  • Цэласнасць. Біядынамічная сельская гаспадарка спавядае халістычны падыход і разглядае асобную сялянскую гаспадарку як самадастатковую і самападтрымоўваючую экасістэму. Падкрэсліваецца ўзаемасувязь і ўзаемазалежнасць усіх элементаў на тэрыторыі гаспадаркі, у тым ліку раслін, жывёл, глебы і касмічных сіл.
  • Біяразнастайнасць і экалагічны баланс. Прыхільнікі біядынамічнай сельскай гаспадаркі імкнуцца пашыраць біяразнастайнасць. Яны накіраваны на стварэнне збалансаванай экасістэмы шляхам уключэння разнастайных культур, садзейнічання разнастайнасці асяроддзя пражывання і захавання прыродных рэсурсаў.
  • Здароўе і ўрадлівасць глебы. Біядынамічная сельская гаспадарка надае вялікую ўвагу здароўю і ўрадлівасці глебы. Яна выступае за выкарыстанне кампоста, зялёных угнаенняў і біядынамічных прэпаратаў для паляпшэння структуры глебы, утрымання пажыўных рэчываў і актыўнасці мікробаў.
  • Касмічныя і нябесныя ўплывы. Біядынамічная сельская гаспадарка прызнае ўплыў нябесных рытмаў і касмічных сіл на сельскагаспадарчую дзейнасць, у тым ліку астралагічныя месяцовыя і планетарныя цыклы, становішча зорак і сузор'яў пры вызначэнні аптымальнага часу для пасадкі, вырошчвання і збору ўраджаю.
  • Біядынамічныя прэпараты на аснове прыродных матэрыялаў абавязкова ўжываюцца ў практыцы апрацоўкі глебы. Прыхільнікі біядынамічнай сельскай гаспадаркі лічаць, што такім чынам яны быццам бы падвышаюць ўрадлівасць глебы і стымулююць рост раслін.

Біядынамічныя прэпараты правіць

Ужыванне біядынамічных прэпаратаў з'яўляецца неад'емнай часткай біядынамічнай сельскай гаспадаркі і грунтуецца на поглядах Рудольфа Штэйнера, які імкнуўся з іх дапамогай паўплываць на арганічнае жыццё праз касмічныя і зямныя сілы. Ён меркаваў, што карыснасць прэпаратаў заснавана менавіта на ўзаемадзеянні з вышэйшымі сіламі, а не на іх хімічных уласцівасцях. Такім чынам, іх можна змешваць з вялікай колькасцю вады і іншых рэчываў без згубы карысці для раслін і глебы.

Першапачаткова было ўсяго дзевяць біядынамічных прэпаратаў. Яны ўключалі каровін гной, а таксама тонка здробнены крэмній, змяшаны з дажджавой вадой, вытрыманыя ў каровіных рагах, паколькі Р. Штэйнер лічыў, што каровіныя рогі функцыянуюць як антэны для прыёму і факусіроўкі касмічных сіл, а, значыць, могуць перадаць карысныя ўласцівасці прэпаратам. Іншыя, прапанаваныя ім злучэнні, уяўляюць сабой экстракты розных раслін, вытрыманыя перад выкарыстаннем або ў розных органах жывёл, альбо ў торфе ці гноі. У нашы дні колькасць біядынамічных прэпаратаў значна пашырана, хаця першыя дзевяць застаюцца засноўнымі.

Біядынамічныя прэпараты ўжываюцца прыхільнікамі вучэння Р. Штэйнера ў наступных выпадках:

  • Вытворчасць біядынамічнага кампосту на аснове раслін, гною і біядынамічных прэпаратаў
  • Апырскванне глебы і раслін настоем прэпаратаў
  • Замочванне і прарошчванне насення ў растворах біядынамічных прэпаратаў для паляпшэння яго якасці, усходжасці і агульнага стану здароўя расады

Насуперак паведамленням прыхільнікаў біядынамічнай сельскай гаспадаркі аб разнастайных карысных наступствах выкарыстання біядынамічных прэпаратаў, навуковыя даследаванні пакуль не выявілі іх істотнага ўздзеяння на здароўе раслін і паляпшэнне якасці глебы ў параўнанні з іншымі метадамі арганічнай сельскай гаспадаркі.

Спасылкі правіць