Валасны суд
Валасны суд (руск.: волостной суд) — найніжэйшы саслоўны сялянскі суд у Расійскай імперыі ў 2-й палове XIX — пачатку XX ст. Уведзены ў ходзе сялянскай рэформы 1861 года.
Арганізацыя і дзейнасць валасных судоў спачатку рэгулявалася «Агульным палажэннем аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці» ад 19 лютага 1861 года, а потым «Часовымі правіламі аб валасным судзе ў мясцовасцях, у якіх уведзена Палажэнне аб земскіх участковых начальніках» ад 12 ліпеня 1889 года, а таксама мясцовымі звычаямі[1].
Паводле Агульнага палажэння 1861 года валасны сход штогод выбіраўся валасным сходам у колькасці ад 4 да 12 суддзяў. Пасяджэнні праводзіліся 2 разы на месяц, звычайна ў нядзелі, у складзе не менш як 3 суддзяў. Разглядаў цывільна-прававыя спрэчкі сялян аб абавязацельствах, здзелках, праз прычыненне шкоды, спрэчкі аб рухомай і нерухомай маёмасці і іншае, а таксама адміністрацыйныя правапарушэнні, за якія накладаліся штрафы да 3 рублёў, арышт да 7 дзён, пакаранні розгамі. Рашэнні валасных судоў у межах яго кампетэнцыі былі канчатковымі, але з 1866 года маглі быць скасаваны павятовым міравым з’ездам (з’ездам міравых суддзяў). Першапачаткова валасныя суды на Беларусі разглядалі справы на аснове звычаёвага права, а судаводства ў цывільных справах мела прымірэнчы (трацейскі) характар. За выкананнем рашэнняў валаснога суда назіраў валасны старшына, але ў дзеянні суда ён не меў права ўмешвацца[1].
Часовыя правілы 1889 года (на Беларусі ўведзены 12 чэрвеня 1900) змянілі парадак фармавання і падсуднасць валасных судоў, паставілі іх пад кантроль земскіх участковых начальнікаў. Паводле правіл, валасны суд складаўся з 4 суддзяў, якіх зацвярджаў земскі начальнік з 8 кандыдатаў (выбіраліся сельскімі грамадамі на 3 гады); ён жа мог адхіліць суддзяў ад пасады. Старшыня валаснога суда прызначаўся з ліку суддзяў павятовым з’ездам земскіх участковых начальнікаў. Паводле правіл 1889 года, суддзямі валаснога суда маглі быць сяляне-гаспадары не маладзейшыя за 35 гадоў, па магчымасці пісьменныя. Суддзямі не маглі быць сяляне, якія займалі іншыя адміністрацыйныя пасады, а таксама асуджаныя да турэмнага зняволення, цялеснага пакарання і інш. Суддзям плацілі ўзнагароджанне. Правілы 1889 года перадалі валасным судам частку спраў, якія раней разглядаліся міравымі суддзямі: грамадзянскія справы з памерам іску да 300 рублёў (акрамя некаторых спрэчак аб праве ўласнасці або валодання), дробныя крымінальныя справы (аб крадзяжах на суму да 50 рублёў і іншыя), некаторыя адміністрацыйныя парушэнні. Таксама павялічылася мера пакаранняў, што накладаліся валаснымі судамі (штрафы да 30 рублёў, арышты да 15 дзён і іншыя). Скаргі не рашэнні валасных судоў разглядалі земскія начальнікі і павятовыя з’езды земскіх начальнікаў[1].
Вызначальнымі рысамі дзейнасці валасных судоў былі іх залежнасць ад мясцовай адміністрацыі, недасканаласць заканадаўства, непісьменнасць суддзяў. Інстытут валасных судоў быў скасаваны пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года[2].
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Л. У. Марыскін. Валасны суд // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 205—206. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Волостной суд // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)